Выданне Rzeczpospolita друкуе артыкул пра Марыю Калеснікаву, якая амаль паўгода знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Яна – адна з трох жанчын, якія кінулі выклік уладам і разбудзілі беларусаў. Дзве іншыя – Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала – былі прымушаныя з’ехаць з Беларусі, такі ж лёс чакаў і Марыю, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. За такую нечаканую для ўладаў дзёрзкасць, Марыі пагражае нават да 12 гадоў турэмнага зняволення.
Калеснікаву, а таксама яе калегу, юрыста Максіма Знака вінавацяць у закліканні да дзеянняў, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Апошнім часам абвінавачванні пашыраны. Цяпер Марыя будзе таксама адказваць за падрыхтоўку змовы, мэтай якой было звяржэнне ўраду і кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем.
Калеснікава напужала рэжым, хаця ніколі раней яна не займалася палітыкай. Па прафесіі Марыя – флейтыстка, выступала ў найлепшых беларускіх аркестрах, была выкладчыцай у музычнай школе. Доўгі час жыла ў Германіі, дзе таксама займалася музыкай. А пазней пазнаёмілася з Віктарам Бабарыкам і ўвайшла ў яго перадвыбарчую каманду.
Праваабаронцы адзначаюць, што апошнім часам беларускія суды масава выдаюць прысуды, за краты можна трапіць нават за бел-чырвона-белы сцяг на балконе.
Dziennik Gazeta Prawna вяртаецца да Усебеларускага народнага сходу, падчас якога Лукашэнка апісаў свае планы на бліжэйшыя пяць гадоў, забываючы пра абяцанне падаць у адстаўку пасля датэрміновых выбараў, якія ён збіраўся правесці.
Лукашэнка вырашыў, што пагроза звяржэння ўлады прайшла, таму можна адмаўляцца ад канстытуцыйнай рэформы. Ён таксама даў зразумець, што не збіраецца пакідаць пасаду, хаця раней з яго вуснаў гучалі такія абяцанні.
нг