Беларуская Служба

Маладыя дыпламаты Польшчы сустрэліся з Аляксандрам Мілінкевічам

17.02.2021 15:01
Аляксандр Мілінкевіч расказаў маладым палякам, якія цікавяцца міжнароднай палітыкай, пра сваю гісторыю апазіцыянера, выбары і Плошчу 2006, цяперашнюю сітуацыю ў краіне ды заснаванне Свабоднага беларускага ўніверсітэта.
Аўдыё
  • Аляксандр Мілінкевіч пра сітуацыю ў Беларусі
Аляксандр МілінкевічBartłomiej Zborowski/PAP

Шмат удзельнікаў сустрэчы і чальцоў Форуму маладых дыпламатаў падчас Плошчы 2006 года магло ўвогуле не ведаць, што такая краіна, як Беларусь, існуе. Нягледзячы на гэта, падзеі 2020 года прыцягнулі ўвагу да Беларусі людзей ва ўсім свеце, а перад усім тых, хто цікавіцца дыпламатыяй і жыве зусім побач, у Польшчы. Такім чынам сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам стала магчымасцю даведацца больш пра тое, як выглядала і выглядае змаганне за свабоду, дэмакратыю ды правы чалавека ў Беларусі. Сам былы кандыдат ахвотна расказаў пра свой досвед у беларускай палітыцы.

-У нас не было ніводных вялікіх сакрэтаў. Усё, што мы рабілі, раней мы давалі ў СМІ, куды едзем, на якія мерапрыемствы. Я выступаў на розных акцыях – дазволеных, недазволеных – і паўсюль казаў: у нас няма выбараў, але мы пайшлі да іх, бо гэта магчымасць прыйсці да Вас, зрабіць гэтую кампанію. Мы хацелі стварыць актыўную грамадскую апазіцыю, грамадскую супольнасць. І мы казалі, каб людзі прыйшлі на Плошчу ў дзень выбараў, каб паказаць, што мы – не рабы, што мы хочам іншай будучыні. І ўжо тое, што я адкрыта заклікаў прыйсці на Плошчу – гэта крымінальны кодэкс. Я прапанаваў прыйсці і прымаць удзел у незарэгістраванай акцыі. Тады за гэта мяне не асудзілі, хаця без праблемаў маглі і пасадзіць на некалькі гадоў. Але напэўна абараняла нас тое, што мяне салідарна выбрала дэмакратычная супольнасць Беларусі.

У сувязі з цяперашнімі пратэстамі, але і агульнай сусветнай сітуацыяй у кантэксце перадачы інфармацыі, з’явілася пытанне пра ролю СМІ і інтэрнэту ў фармаванні сучаснага грамадства. Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што развіццё і шырокі доступ да глабальнага сеціва стаў адным з галоўных рухавікоў пратэсту.

-Дыктатура апынулася безабароннай, безабароннай перад інтэрнэтам. Лукашэнка агулам успрымае свет вельмі дзіўным чынам. Ён больш жыве марамі. Нядаўна сказаў сваім журналістам: ведаеце, я дакладна ведаю, што прыйдзе час, калі не будзе інтэрнэта і нанава вернецца папулярнасць тэлебачання і вы будзеце галоўнымі журналістамі краіны. Гэта таксама абазначае, што поўная манаполія ўлады скончылася. Дзякуючы інтэрнэту, радыё Рацыя, тэлебачанні Белсат, доступ да свабоднай інфармацыі вельмі шырокі. І яшчэ варта сказаць, што ў Беларусі больш за 80% грамадзянаў бярэ інфармацыю са свабоднага інтэрнэту, а не з тэлебачання. Такая колькасць людзей штодзённа карыстаецца інтэрнэтам. Гэта вельмі вялікая лічба.

Аляксандр Мілінкевіч пасля выбараў і Плошчы 2006 года стаў вядомы сваёй дзейнасці за мяжой у адукацыйным напрамку. Гэта ён стаў адным з заснавальнікаў стыпендыі імя Кастуся Каліноўскага, па якой прайшло навучанне ў Польшчы ўжо больш за 1000 студэнтаў. Зараз ён стварае Свабодны беларускі ўніверсітэт.

-Сама ідэя беларускага ўніверсітэта паўстала даўно. Гэта быў 2015 год. Сярод людзей, якія стварылі гэтую ідэю былі, напрыклад, Святлана Алексіевіч, Станіслаў Шушкевіч, Анджэліка Борыс, Алесь Бяляцкі і іншыя людзі з Беларусі ды Польшчы. Сама ідэя заключалася ў тым, што ў Беларусі адукацыя, у першую чаргу вышэйшая, хварэе на савецкасць і мае ўплывы яшчэ царскага тыпу адукацыі і савецкага падыходу, перадусім у гуманітарных навуках, трэба было б пабудаваць сістэму, якая дазволіць беларусам атрымаць карысныя веды і дыпломы праз інтэрнэт. Вядома, што дыстанцыйнае навучанне мае вялікія перспектывы, нягледзячы на тое, што не кожны яго прымае. На маю думку, замена класічнай адукацыі на онлайн-адукацыю поўнасцю ня мае сэнсу. Хутчэй за ўсё тэндэнцыя будзе ў правядзенні гібрыднага навучання. Тое, што можна, будзе ў інтэрнэце, але сесіі, стажыроўкі, паездкі, кантакты з прафесарамі будуць праходзіць стацыянарна.

На сустрэчы, якая была праведзена ў онлайн-рэжыме, пабывала некалькі соцень чалавек. Гэта сведчыць пра тое, што беларуская тэма цікавая для маладых палякаў. Яны задавалі госцю цікавыя пытанні, як пра яго жыццё, так і пра агульную сітуацыю беларускага дэмакратычнага руху.

Альберт Ежы Вяжбіцкі