Беларуская Служба

За апошнія дзесяцігоддзі тэрарызм набыў новы твар 

24.02.2021 18:27
Тэрарызм, праз справаздачы ў СМІ, за апошнія дзесяцігоддзі наблізіўся да нас, як ніколі раней.
Здымак мае ілюстрацыйны характарCreativa Images/Shutterstock.com

21 стагоддзе распачалося самым гучным тэрактам у гісторыі. Адначасова ў гісторыі тэрактаў распачаўся новы этап – тэракт стаў агульнасусветнай тэндэнцыяй. Калі раней тэрактам карысталіся розныя групоўкі для дасягнення лакальных мэтаў, так у 21 стагоддзі з’ява дасягнула глабальны ўзровень. Аднак калі паглядзець на дадзеныя, колькасць ахвяр і кошты тэрарыстычных аперацый, бачна, што гэта далёка не самы эфектыўны спосаб барацьбы. Тады, як ахрактарызаваць сучасны тэрарызм? Пра гэта на дэбатах Collegium Civitas i Dom Spotkań z Historią расказала Доктар Катажына Манішэўска:

-Тэрарызм, асабліва сучасны, моцна накіраваны на гучны медыя-эфект, - я  гэта падкрэсліваю. Тэрарызм з’яўляецца нейкай формай палітычнага ціску, ведаем, што ён звязаны з гвалтам або пагрозай ужывання гвалту. Яго мэта -  дабіцца нейкага палітычнага поспеху, яна тут вельмі важная. Аднак я хачу падкрэсліць факт, што тэрарызм з’яўляецца актам камунікацыі. Бо тэрарысты не маюць на мэце забіць многа людзей, а выклікаць страх у як мага большай колькасці людзей. І такім чынам яны хочуць дэстабілізаваць цэлыя супольнасці. Напрыклад, зараз тэрарысты нападаюць на ўсё заходняе грамадства. Гэта яскрава бачна. Аднак гэта не было б магчыма, на жаль, без удзелу СМІ, якія перадаюць гэтую інфармацыю на ўвесь свет, і прычыняюцца да пашырэння тэрарызму на ўсе сферы жыцця. І ў выніку сама з'ява тэрарызму глабалізавалася. Такім чынам СМІ дапамагаюць тэрарыстам дасягнуць сваю мэту.

Калі ў 21 стагоддзі спрацоўваюць аўтаматычныя асацыяцыі тэрарызму з ісламам і краінамі Азіі ды Афрыкі, то яшчэ 40-50 гадоў таму за большасць тэрактаў адказвалі еўрапейскія групіроўкі. Замах на цара Аляксандра II, прэзідэнта ЗША Уільяма Мак-Кінлі, герцага Франца Фердынанда – гэта толькі некаторыя прыклады тэрактаў. У 70-80 гадах праз Еўропу прайшла хваля аперацый у Краіне Баскаў, Ірландыі, Нямеччыне. Гэты еўрапейскі досвед перайшоў з палітычнага да рэлігійнага фронту. Сёння, калі кажам пра тэрарызм, думаем, часцей за ўсё, пра ісламскі тэрарызм. Пра яго характарыстыкі расказаў даследчык ісламскіх тэрарыстычных рухаў доктар Войцех Шэўка:

-Перадусім сучасны ісламскі тэрарызм, які падсвядома называем рэлігійным тэрарызмам, адрозніваецца ад традыцыйнага, ідэалагічнага еўрапейскага тэрарызму тым, што ў яго іншы фундамент. Вытокі не ў тым, што нейкая маленькая частка грамадства радыкалізуецца ў выніку раптоўных змен у рэгіёне. Фундамент ісламскага тэрарызму заключаецца ў яго масавасці. Гаворка ідзе не пра нейкае радыкальнае крыло нейкага рух. Часта цэлая этнічная або рэлігійная група так ці інакш прымае ўдзел у гэтым змаганні, калі не актыўна, то падтрымлівае гэты від барацьбы. Паасобныя людзі падтрымліваюць тэрарыстаў па розных асабістых прычынах. Калі прыгледзецца да крыніц ісламскага тэрарызму, дзе ён паўстаў, як выходзіў на новыя тэрыторыі, то аказваецца, што найлепшай глебай для яго з’яўляюцца краіны з працяглым ваенным становішчам. Гэта грамадзянская вайна, албо іншыя ваенныя дзеянні. Ісламскія тэрарыстычныя арганізацыі ў такіх сітуацыях грунтуюцца на тым, што называюць «кіса», то-бок «адплата».

Пасля падзей 21 верасня 2001 года змяніўся падыход да тэрактаў, перадусім у кантэксце папярэджвання. Не вядома колькі тэрактаў удалося пазбегнуць, дзякуючы акцыям спецслужбаў і новым правілам працы аэрапортаў, стратэгічных месцаў ды публічных зонаў. Варта адначасова адзначыць, што тэрарызм развіваецца разам са светам, а глеба, якая прымае ідэі тэрарызму, не сохне. Што рабіць, каб тэрарызму было менш, сказаў доктар Кшыштаф Лідэль:

-Трэба памятаць, што барацьба з тэрарызмам адбываецца на розных узроўнях. Там, дзе неабходна выкарыстоўваецца армія. Мусяць таксама працаваць спецслужбы і паліцыя. Яны працуюць, каб прадухіліць тэракт,  разбіць структуры тэрарыстычнай арганізацыі. Толькі такая барацьба дае паспяховыя вынікі. Бо калі тэракт ужо адбудзецца  і нават яго наступствамі  зоймуцца самыя лепшыя службы, то ён адбыўся і псіхалагічны эфект быў дасягнуты, ёсць ахвяры, страты, СМІ інфармуюць. Важна таксама змагацца з радыкалізацыяй грамадства. Калі б нам удалося мінімізаваць такія з'явы, як палярызацыя грамадства, не было б крыніц для ўзнікання тэрарызму. Не было б праблем, з якімі не спраўляемся. Таму думаю, што спосаб змагання з тэрарызмам будзе абапірацца на стварэнне сістэмы бяспекі - як накіраванай на раскрыванне групіровак, так і на прадухіленне тэрактаў. Але адначасова трэба спрабаваць прадухіліць палітычныя, рэлігійныя, сацыяльныя хваляванні. Так што, з аднаго боку барацьба будзе накіраваная на паляпшэнне сістэмы бяспекі, а з другога - на спробу вырашэння палітычных праблемаў.

З’ява тэрарызму за апошнія дзесяцігоддзі эвалюявала і перайшла з Еўропы да мусульманскіх краін. Таксама, з палітычнай яна стала рэлігійнай, хаця на фоне радыкалізацыі сусветнага грамадства, яна можа вярнуцца на старое месца. Сёння важна, каб дзяржавы і сусветная супольнасць спрабавала прадухіліць не толькі падрыхтоўку тэрактаў, але і зацікаўленне да тэрарызму як віду палітычнай, рэлігійнай ды культурнай барацьбы.

АЕВ