Удзел у дыскусіі ўзяў галоўны рэдактар часопіса «Расія ў глабальнай палітыцы» Фёдар Лук'янаў.
Дыскусія адбылася ў рамках штогадовай канферэнцыі «Reshape Belarus». Сёлета канферэнцыя прысвечана тэме вялікай трансфармацыі, што закране ўсе сферы жыцця, якая адбываецца цяпер у краіне. У рамках канферэнцыі Цэнтра будзе ладзіць цягам году размовы з найлепшымі сусветнымі мыслярамі пра перамены, якія адбываюцца ў Беларусі.
Расійскі эксперт зазначыў, што падзеі апошніх шасці месяцаў выклікаюць у Расіі большую зацікаўленасць.
- Не магу сказаць, што кожны ў Расіі ўсведамляе, што Беларусь праходзіць пераломны момант у гісторыі, але, безумоўна, пачынаючы з мінулага лета гэтая тэма выклікае нашмат больш увагі за апошнія 30 год існавання дзвюх краін у тым выглядзе, як ёсць.
Самае важнае ў стаўленне Расіі да беларускіх падзей у тым, што на іх успрыманне ўплываюць разуменне падзей у свеце.
- Пераломны момант перажывае не толькі Беларусь. Пераломны момант перажывае ўвесь свет. Справа не толькі ў пандэміі, якая пераарала ўсіх, колькі ў тым, што за апошнія 20 год свет прайшоў пэўную эвалюцыю, якая прывяла ў тупік, або да адрынання таго, з чаго пачыналі. Гэта заўважылі раней, але 2020 год стаў моцным каталізатарам. Невыпадкова, тыя падзеі, якія адбыліся ў некаторых краінах, у тым ліку ў Беларусі, здарыліся менавіта цяпер. Вядома, прэзідэнцкія выбары прызначаліся раней, але без эпідэміі магло б не быць такога шоку. 2020 год проста стаў каталізатарам таго, што ўжо назапасілася. Пераломнасць цяпер усюды. Расія не выключэнне, хаце працэсы ў Маскве ды Мінску непараўнальныя. Аднак мы сутыкаемся з падобным наборам выклікаў, толькі кожны дае свой адказ, сыходзячы з магчымасцяў, бачання сітуацыі ды разумення задач. Тут усе маюць праблемы. Разуменне задач размытае ўсюды, ва ўсім свеце людзі, што прымаюць рашэнні, - бачаць туман.
Беларускія падзеі сталі шмат для каго ў Расіі – нечаканасцю, зазначыў расійскі эксперт.
- Тое, што здарылася летась, стала шмат у чым нечаканасцю. Размовы пра тое, што беларуская мадэль сябе вычарпала ідуць даволі даўно. Асабліва з улікам таго, што апошнія пару год адносіны паміж Масквой ды Мінскам не поўнілася цеплынёю ды шчырасцю. Былі чаканні, што нешта адбудзецца. Аднак, на маю думку, ніхто не думаў, што гэта выліецца ў такое моцнае трасенне. Большасць назіральнікаў недаацаніла ўзровень крохкасці беларускага рэжыму. Падзеі канца лета ў Беларусі выклікалі збянтэжанасць у Расіі. З аднаго боку было чаканне хуткіх змен, якое ў расійскім кіраўніцтве не было успрынятае пазітыўна. Не адразу, але пасля некаторых хістанняў, было прынята рашэнне, што любая альтэрнатыва горш за існуючую ўладу, таму лепш захаваць статус-кво.
На думку Фёдара Лук'янава расійскае разуменне статус-кво ў Беларусі – гэта стымуляванне палітычных змен у кіраўніцтве Беларусі ў рамках эвалюцыйнага варыянту.
- Пад захаваннем статус-кво мелася на ўвазе нармалізацыя сітуацыі, каб потым перайсці да наступнага этапу. У звязку з тым, што ў Беларусі ўсё не так моцна, як думалі, значыць трэба рыхтавацца да змен. Магчыма нават іх стымуляваць у рамках эвалюцыйнага, а не рэвалюцыйнага развіцця. Расійскае кіраўніцтва не вітае рэвалюцыйнасці, у нас кансерватыўнае асяроддзе, да таго ж досвед суседніх краін з апошніх год не дэманструе вялікіх дасягненняў рэвалюцыйнасці.
Аднак гэтае стымуляванне цяпер запаволілася з-за супраціву Лукашэнкі, і Расіі няма разумення, што рабіць далей, зазначыў эксперт.
- Няма дакладнага разумення, што будзе ў Беларусі. З аднаго боку, прычыны беларускіх падзей нікуды не зніклі, з другога боку, рэзкія змены або адбываюцца адразу, або ніколі. Той факт, што яны не адбыліся тады, верагодна, што не адбудуцца ўвогуле. Што тычыцца трансфармацыйных перамен, тут усё завісла. Таму што беларускае кіраўніцтва ўсім задаволена і не бачыць патрэбы ў далейшых змен. Расійскае кіраўніцтва трымаецца таго, што любыя няўзгодненыя і рэзкія змены прывядуць да горшай для Расіі сітуацыі, чым цяперашняя.
Пакуль у Беларусі патавая сітуацыя. Крэмль будзе прыглядацца да таго, што адбываецца ў Беларусі. Пры гэтым Расія ўмяшаецца, калі адчуе, што ў Беларусі могуць перамагчы празаходнія сілы. Гэта непрымальна для Крамля ў той мадэлі ўспрымання свету, які дамніўе цяпер сярод расійскай эліты.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч