Напрыканцы мінулага тыдня дэпутаты нідэрландскага парламенту прынялі рэзалюцыю, у якой асуджаюць дзеянні ўладаў Кітаю, накіраваныя на ўйгураў. Палітыка ўраду Сі Цзіньпіня прама называецца генацыдам. Гэта выклік сумленню ўсяму Еўразвязу ды краінам так званага Захаду – чытаем у газеце Rzeczpospolita. Як сказаў адзін з ініцыятараў гэтай рэзалюцыі, «з часоў Другой сусветнай вайны мы не назіралі такой сістэмы лагераў і пераследу па прычыне этнічнай прыналежнасці». Нягледзячы на тое, што большасць у парламенце падтрымала ўвядзенне рэзалюцыі, урад прэм’ер-міністра Марка Рутэ дыстанцыруецца ад яе. Паводле міністра замежных спраў краіны Стэфа Блока, «ні адзін урад не можа вырашаць, ці падзеі ў іншай краіне з’яўляюцца генацыдам ці не. Гэта заданне міжнародных органаў».
Для краін Еўразвязу пытанне тонкае. Шмат урадаў спадзяецца, што дзякуючы эканамічнай супрацы з Кітаем удасца выйсці з крызісу, таму прамыя асуджэнні дзеянняў Паднябеснай нікому непатрэбныя. 30 снежня Еўразвяз, на канец нямецкага прэзідэнцтва ў супольнасці, падпісаў з Кітаем дамову аб эканамічнай супрацы. Хоць у ёй закранаецца сітуацыя ўйгураў, то адзінае патрабаванне Бруселю заключаецца ў тым, што «Кітай зверне ўвагу на рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы». Падобнай да нідэрландскай з’яўляецца сітуацыя ў Канадзе. Там адна з палат парламенту таксама прыняла рэзалюцыю, якая асуджае Кітай, аднак, падчас дыскусіі ў залі не было прэм’ер-міністра Джасціна Трудо. Прэзідэнт ЗША, у сваю чаргу, закрануў тэму ўйгураў у сваёй тэлефоннай размове з Сі Цзіньпінам, аднак, у Кангрэсе патрабуюць больш рашучых дзеянняў. Бачна, што парламенты больш рашучыя ў сваіх рашэннях. У той жа час урады спрабуюць збалансаваць эканамічны фактар і сумленне – чытаем у газеце Rzeczpospolita.
аев