Польскія ўлады адмянілі абавязковы каранцін для асоб, якія прайшлі вакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі і намераны прыехаць у Польшчу. Аднак, укол павінен быць пастаўлены вакцынай, зарэгістраванай у Еўрапейскім Саюзе – нагадвае Dziennik Gazeta Prawna. У адказ Венгрыя выдала распараджэнне, каб у так званым пашпарце вакцынацыі не было інфармацыі, якую прышчэпку прыняў чалавек. Справа ў тым, што венгры набываюць таксама вакцыну з Кітая і Расіі, якія не прайшлі рэгістрацыі ў ЕС.
Такім чынам, калі б у Польшчу прыбыў чалавек з Венгрыі, які атрымаў кітайскую або расійскую вакцыну, і аб гэтым была б інфармацыя ў дакументах, яму прыйшлося б прайсці каранцін. Ці таму ўлады Венгрыі вырашылі не змяшчаць дадзеныя аб вытворцы вакцыны? Наўпрост аб гэтым невядома, але рашэнне было прынята праз чатыры дні пасля таго, як стала вядома, што Польшча ўводзіць новыя нормы.
Тым часам у самой Польшчы працягваецца абмеркаванне ідэі ўвядзення так званых кавідных пашпартоў. З аднаго боку эксперты адзначаюць, што кожны крок, які можа абмежаваць лакдаўн, варта зрабіць, але з іншага, згадваюць пра небяспеку. Увядзенне такіх пашпартоў дазволіць асобам, якія прайшлі вакцынацыю, вярнуцца да адносна нармальнага жыцця, але абмеркаванне абгрунтаванасці іх увядзення павінна пачацца толькі тады, калі адсотак прышчэпленых жыхароў будзе адпаведна высокім. Маладыя асобы і людзі ў сярэднім узросце пакуль што не могуць прышчапіцца, а пры ўвядзенні пашпартоў вакцынацыі яны сталі б грамадзянамі горшай катэгорыі.
нг