Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прэзідэнтам ЗША і Расіі Джо Байдэну і Уладзіміру Пуціну пагаварыць пра Беларусь у Мінску.
«Публічна хачу запрасіць: калі яны хочуць абмеркаваць праблемы Беларусі, хай прыязджаюць да нас. Я сустрэну іх годна абодвух, абмяркуем усе праблемы», – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Лукашэнка дадаў, што Байдэн і Пуцін ужо абмеркавалі Беларусь у тэлефоннай размове і што прэзідэнту ЗША нібыта давялося апраўдвацца. А Пуцін потым «званіў і прасіў прабачэння, што без дазволу абмяркоўваў Беларусь». Такія заявы Лукашэнка зрабіў 26 траўня на сустрэчы з дэпутатамі Нацыянальнага сходу і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання.
Джо Байдэн выступіў з заявай з нагоды інцыдэнту з разваротам самалёта Ryanair у Мінск. Тэкст з'явіўся на сайце Белага дому.
ЗША лічаць прамым парушэннем міжнародных нормаў «прымусовае перанакіраванне камерцыйнага рэйса Ryanair» у Беларусь, а таксама зняцце з самалёта і арышт беларускага журналіста Рамана Пратасевіча, паведамляе Tut.by.
Амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што ЗША самым рашучым чынам асуджаюць тое, што здарылася, а таксама лічаць абуральным «відэа, якое, верагодна, Пратасевіч зрабіў пад прымусам». ЗША назвалі інцыдэнт у Беларусі «ганебным нападам як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы». Джо Байдэн заклікаў вызваліць Рамана Пратасевіча, а таксама сотні іншых палітычных зняволеных у Беларусі. І падтрымаў заклікі правесці міжнароднае расследаванне, каб высветліць усе абставіны справы.
«Я вітаю навіну аб тым, што Еўрапейскі Саюз заклікаў да кропкавых эканамічных санкцый і іншых мер, і я папрасіў маю каманду распрацаваць адпаведныя варыянты прыцягнення да адказнасці вінаватых – у цесным супрацоўніцтве з Еўразвязам, іншымі саюзнікамі і партнёрамі, міжнароднымі арганізацыямі», – заявіў Байдэн.
Амерыканскі прэзідэнт дадаў, на працягу многіх месяцаў беларусы заяўляюць аб сваім патрабаванні дэмакратыі, павагі правоў чалавека і захавання фундаментальных свабод у краіне.
«Я апладзірую мужнасці і рашучасці беларусаў, якія змагаюцца за асноўныя правы, уключаючы такіх журналістаў, як Раман Пратасевіч, і лідараў апазіцыі, такіх як Святлана Ціханоўская і яе муж Сяргей Ціханоўскі. Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць народ Беларусі ў яго барацьбе», – дадаў Байдэн.
Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў спачуванні сямʼі актывіста беларускай апазіцыі, палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр у турме.
У сваім Твітэры кіраўнік польскага ўраду падкрэсліў, што «падзяляе боль сямʼі і моліцца за душу нябожчыка Вітольда Ашурка, палітвязня і вялікага патрыёта Беларусі». Ён нагадаў, што дзядулю Вітольда Ашурка НКВД забіў у Катыні. «Спачывай з мірам, верны сябар Польшчы!» – напісаў Матэвуш Маравецкі. На ягоны твіт звярнула ўвагу Польскае радыё.
Спачуванне сямʼі Вітольда Ашурка выказалі таксама кіраўніцтва Еўразвязу, амбасадарка ЗША ў Беларусі.
Лукашэнка 26 траўня, выступаючы ў парламенце, заявіў: супраць РБ развязаная гібрыдная вайна. «Мэта ясная. Каму выгадна дэманізаваць Беларусь, мы таксама ведаем, – адзначыў ён. – Мы – невялікая краіна, але мы адкажам адэкватна. У свеце ёсць такія прыклады. А перш чым рабіць рэзкія неабдуманыя рухі, успомніце, што Беларусь – гэта цэнтр Еўропы. І калі тут нешта ўспыхне, гэта чарговая сусветная вайна».
Захар Прылепін на ТБ РФ заявіў: «Прашу ў Еўразвязу больш санкцый для Беларусі. Тады Лукашэнка, нарэшце, абʼяднаецца з намі. Ён жа застаўся адзін, за спінай у яго толькі добрая магутная Расія».
На думку міністра замежных спраў Германіі Хайка Мааса, «дзеянне Лукашэнка наўрад ці можна пераплюнуць па агіднасці«.
Лідзія Ярмошына: «Проста была выкарыстаная нагода. Нічога не атрымалася ў жніўні 2020 года. Нічога не атрымалася на працягу паўгода 2021 года. Вось выкарыстоўваюць дадзеную падставу для таго, каб аказаць чарговы міжнародны ціск на Беларусь. Ну, і глядзіце – так званыя нашы збеглыя: іх ужо забывалі ў краіне, а цяпер як яны піярацца! Гэта ж ім як падарунак нябёсаў. Таму я думаю, што ўладам і грамадзянам трэба проста захоўваць спакой, памятаць, што наша справа правая і мы пераможам».
Уладзімір Падгол