Беларуская Служба

Мінск адказвае ЕС на санкцыі

08.07.2021 13:58
За 6 месяцаў 2021 года літоўскую мяжу перасекла ўжо ў 17 разоў больш людзей, чым за ўвесь мінулы год.
-    (P)            -
Прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце (P) і старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль падчас візіту ў Падварыёніс на літоўска-беларускай мяжыEPA/LAIMA PENEK / LITHUANIAN GOVERNMENT OFFICE

На сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў-удзельніц гэтак званага «люблінскага трохкутніка» - Польшчы, Літвы і Украіны -абмяркоўвалася пытанне павелічэння нелегальнай іміграцыі з тэрыторыі Беларусі ў ЕС. За 6 месяцаў 2021 года літоўскую мяжу перасекла ўжо ў 17 разоў больш людзей, чым за ўвесь мінулы год, чытаем у выданні газеты Rzeczpospolita. Агулам лічба нелегальных мігрантаў, якія апынуліся ў Літве, складае 1400, а лагер у горадзе Пабрадзе ўжо запоўнены. Сітуацыяй зацікавіліся ўлады ЕС. У Бруселі ўжо заявілі, што на наступным тыдні адбудзецца сустрэча кіраўніка Еўрапейскага савета Шарля Мішэля і прэм’ер-міністра Іраку, краіны з якой паходзіць найбольшая частка мігрантаў.

Міністр унутраных справаў Літвы заявіў, што на цяперашні момант аж 500 асоб не ўдалося ідэнтыфікаваць. Гэта трэцяя частка ўсіх мігрантаў. Ніхто не сумняваецца, што такое павелічэнне колькасці нелегальных перасячэнняў мяжы – помста рэжыма Лукашэнкі за тое, што Вільня падтрымлівае Святлану Ціханоўскую. Пасля таго, як Літва дала дыпламатычны статус прадстаўніцтву Ціханоўскай, Беларусь выкінула амаль усіх літоўскіх дыпламатаў, акрамя аднаго консула.

Лукашэнка не ўтойвае, што беларускія ўлады маюць дачыненне да справы мігрантаў. У панядзелак ён сказаў, што спыняць паток мігрантаў Беларусь не будзе, бо яны кіруюцца ў цёплую і гасцінную Еўропу, якая да таго ж спрычынілася да галечы гэтых народаў. У апошнія дні павялічылася і колькасць нелегальных перасячэнняў польска-беларускай мяжы. Еўрапейскае агенцтва пагранслужбы ўжо заявіла, што накіруе дадатковы персанал на межы з Беларуссю, чытаем у газеце Rzeczpospolita.

аев