Украіна просіць дапамогі ў Захаду. Еўрапейскія краіны абяцаюць прыспешыць пастаўкі ўзбраення.
Генеральны штаб украінскай арміі паведаміў, што расіяне канцэнтруюць свае сілы, каб, у бліжэйшыя дні аднавіць масіўны наступ на Данбасе. Прэсавы сакратар украінскага генштаба палкоўнік Аляксандр Штупун паведаміў, што за апошнія суткі расіяне нарошчваюць атакі ўсходзе Украіны, але нясуць страты.
- За апошнія суткі абаронцы Украіны адбілі 4 атакі праціўніка ў Данецкай і Луганскай абласцях, знішчылі 5 танкаў, 8 бранятанкавых падраздзяленняў, 6 адзінак тэхнікі і 8 артылерыйскіх сістэм.
На дадзены момант найгоршая сітуацыя склалася ў Марыупалі. Брытанская выведка паведамляе, што расіяне выкарыстоўваюць у Марыупалі фосфарныя боепрыпасы, якія, паводле Жэнеўскай канвенцыі, забароненыя. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў пра тысячы ахвяр сярод жыхароў гораду.
- Найгоршая сітуацыя ў Марыупалі - нашым партовым горадзе на поўдні Украіны, які з 1 сакавіка знаходзіцца ў аблозе расійскіх войск. Гэта быў горад з паўмільённым насельніцтвам. Акупанты не дазволілі забяспечыць туды нават ежу і пітную ваду. Горад у руінах. Загінулі дзясяткі тысяч жыхароў.
Апроч таго ўкраінскі прэзідэнт заявіў пра тое, што Крэмль уяўляе пагрозу не толькі для Украіны, але і для ўсёй Еўропы. Прэзідэнт Украіны зазначыў, што Расія не спыніцца, пакуль яе не прымусяць гэта зрабіць. Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Украіне патрэбна большая дапамога, калі яна хоча перажыць вайну.
Разуменне гэтага ёсць сярод еўрапейскіх палітыкаў. Кіраўнік знешнепалітычнай службы ЕС Жазэп Барэль падкрэсліў, што ў бліжэйшыя дні, а не тыдні, Украіна павінна атрымаць патрэбнае ёй узбраенне. ЕС плануе павялічыць сродкі на набыццё ды пастаўкі зброі ва Украіну да 1,5 мільярда еўра. Таксама кіраўнік еўрапейскага дыпламатычнага ведамства выказаўся пра магчымасць эмбарга на імпарт расійскай нафты ў ЕС.
- Баюся, што расійскія войскі канцэнтруюцца на Ўсходзе перад атакай на Данбас. Украінцы свядомыя гэтага. У бліжэйшыя дні вайна пачнецца з новай сілай. Мы разважаем, як можна яшчэ дапамагчы Украіне. Разглядаюцца новыя санкцыі, у першую чаргу з пункту гледжання эфектыўнасці. Таксама нам важна аказваць большую падтрымку ўкраінскаму грамадству.
Жазэп Барэль зазначыў, што ЕС абмяркоўвае новыя санкцыі супраць Крамля. ЕС пакуль увёў толькі санкцыі на імпарт вугалю з Расіі на просьбу Нямеччыны, пачынаючы са жніўня.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч паведаміў, што Крэмль хоча завершыць “вызваленне Данбасу” да 9 мая, каб прадэманстраваць расіянам хоць нейкую перамогу. Увогуле дарадца перакананы, што гэтая вайна з Расіяй не апошняя, ён прагназуе, што сутыкненні могуць адбывацца кожныя 5-8 гадоў.
- Гэта не апошняя вайна з Расійскай Федэрацыяй. Відаць, можа быць, як у Ізраіля з арабамі, што спатрэбілася пяць войнаў, каб прыйшло разуменне, што гэтыя метады не працуюць і трэба шукаць нешта іншае. Частка прыйшла да мірнага пагаднення, а некаторыя яшчэ стасуюць гібрыдныя метады. Так будзе і ў нас. Не ведаю, ці будзе пяць войнаў, але, думаю, нам гарантавана некалькі ваенных сутыкненняў да 2035 года. Гэта значыць кожныя 2-3 гады меншы канфлікт, і кожныя 7-8 год - буйны.
Разам з тым цяпер у свеце павялічваецца колькасць краін, якія дамагаюцца суда над Расіяй за напад на Украіну ды ваенныя злачынствы расійскіх вайскоўцаў здзейсненыя на тэрыторыі гэтай краіны.
Юры Ліхтаровіч