Беларуская Служба

Французская TotalEnergies забяспечвае палівам расійскія знішчальнікі, якія бамбяць Украіну

25.08.2022 14:29
Штодзённая газета Le Monde паведаміла сёння, што французская энергетычная кампанія TotalEnergies пастаўляе паліва для расійскіх знішчальнікаў, якія бамбяць Украіну, і што кіраўнікі кампаніі па-ранейшаму ўваходзяць у раду дырэктараў расійскай кампаніі «Новатэк».
Ілюстрацыйнае фотаVAKS-Stock Agency/Shutterstock

TotalEnergies – адзіная французская энергетычная кампанія, якая працягвае сваю дзейнасць у Расіі. Разам са сваім партнёрам «Новатэк» распрацоўвае радовішчы газу і зарабляе на продажы газавага кандэнсату, які пасля перапрацоўкі выкарыстоўваецца ў якасці паліва для расійскіх самалётаў, якія бамбяць Украіну, паведамляе Le Monde.
Le Monde прасачыла ланцужок паставак, які вядзе ад Тэрмакарставага газавага радовішча ў Сібіры да дзвюх баз вайсковай авіяцыі (Марозаўскай і Мальчава), дзе размешчаны эскадрыллі баявых самалётаў, якія міжнародныя няўрадавыя арганізацыі Amnesty International і Human Rights Watch абвінавачваюць у нанясенні ўдараў па Украіне, у прыватнасці ім у віну ставіцца бамбёжка тэатра ў Марыупалі, у выніку якой загінулі да 800 чалавек.

«Мы месяцамі папярэджвалі кампаніі, што, купляючы гэтае паліва, яны фінансуюць забойствы ўкраінскіх мірных жыхароў», – сказаў Le Monde Алег Усценка, эканамічны дарадца прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

У канцы ліпеня TotalEnergies абвясціла, што атрымала рэкордны прыбытак у 5,7 мільярда долараў у другім квартале 2022 года, што ў два з паловай разы перавышае аналагічны перыяд 2021 года.

«Я не магу сабе ўявіць, каб акцыянеры TotalEnergies далі свайму прэзідэнту мандат на працяг дзейнасці ў Расіі, пакуль краіна здзяйсняе ваенныя злачынствы ва Украіне», – падкрэслівае Усценка.

«Наш партнёр у Расіі – прыватная кампанія. Калі б яна была звязана з расійскай дзяржавай, наш аналіз, безумоўна, быў бы іншым», – растлумачыў Патрык Пуян (Patrick Pouyanne), генеральны дырэктар TotalEnergies, у інтэрв'ю штодзённай газеце «Ouest-France» 15 чэрвеня.

У назіральным савеце «Новатэка» па-ранейшаму застаюцца трое французаў, у тым ліку два дырэктара TotalEnergies і Эмануэль Кідэ (Emmanuel Quidet), заснавальнік і дзеючы прэзідэнт Французска-расійскай гандлёвай палаты, артыкул публікуе biznes.interia.pl.

вх