Ніякіх льготаў на польскіх межах для расіян, якія ўцякаюць ад мабілізацыі, не будзе. Эксперты адзначаюць, што цяпер Польшча павінна асабліва абараняць свае межы, і перадухіліць магчымыя правакацыі, – піша газета «Rzeczpospolita».
Выданне паведамляе, што ў першы дзень увядзення абмежаванняў на ўезд для расіян, толькі 190 грамадзян Расіі ўехалі ў Польшчу, выехалі ў той дзень – 256 расіян.
«Мы не заўважылі ўзмацнення руху, звязанага з рашэннем аб мабілізацыі рэзервістаў у Расiі», – кажа для «Rzeczpospolita» прэс-сакратар Мазурска-Вармінскай памежнай службы маёр Міраслава Александровіч.
Расіяне ведаюць, што з сакавіка 2020 году яны могуць прыязджаць у Польшчу толькі ў выключных выпадках – пастанова была ўведзеная ў сувязі з пандэміяй, але яна не адмененая дагэтуль. Газета нагадвае, што сёлета пасля ўварвання ва Украіну польскія амбасады ў Расіі перасталі выдаваць турыстычныя візы.
«Памежныя правілы для расіян зрабілі больш жорсткімі ў мінулы панядзелак. Цяпер грамадзяне Расіі больш не могуць прыязджаць нават па справах, па спартыўных ці культурных прычынах. Польшча ўвяла для іх абмежаванні разам з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй» – піша «Rzeczpospolita».
Газета пытаецца, ці павінна Польшча пускаць у краіну расіян, якія ўцякаюць ад мабілізацыі?
«Гэта ўцёкі ад рэжыму, а значыць, гэта палітычная перадумова. Няяўка па павестцы ў войска караецца шматгадовымі гадамі пазбаўлення волі, таму, на мой погляд, выконваюцца ўмовы для аказання міжнароднай абароны або выдачы гуманітарных віз, так, як у выпадку беларусаў»», – распавядае выданню Марэк Бярнацкі, былы кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі і каардынатар спецслужбаў. Аднак, на яго думку, Польшча мусіць абараняць сваю бяспеку, а расіяне здольныя на правакацыі і гатовы ўцягнуць нас у гэты канфлікт, у чым і зацікаўлены Пуцін.
«Rzeczpospolita» нагадвае, што ў чацвер кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павал Солёх заявіў, што спрашчэння для расіян на перасячэнне польскай мяжы не будзе.
яс