- Нашы ўсходнееўрапейскія партнёры папярэджвалі, што наша ўяўленне аб Расіі няправільнае. Немцы, а асабліва мы, сацыял-дэмакраты, лічылі, што дзякуючы поспехам у «палітыцы паслабленняў» мы знайшлі правільную формулу барацьбы з Масквой. Самай вялікай нашай памылкай, на мой погляд, было гэтае вытлумачальнае, але па сутнасці нахабнае стаўленне, – Зігмар Габрыэль, былы кіраўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, выданню Der Spiegel.
На думку экс-старшыні СДПГ, Расія, нападаючы на Украіну, хацела стаць «сілай, якая змагаецца за сусветнае лідарства».
– Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін лічыў, што ёсць добрая магчымасць аднавіць Расійскую імперыю, – патлумачыў Зігмар Габрыэль. Ён падкрэсліў, што дыктатар «пралічыўся», што прывядзе да таго, што ён «стане малодшым партнёрам Сі Цзіньпіна».
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у сваёй нядаўняй прамове заявіла, што да Польшчы і краінаў Балтыі трэба больш уважліва прыслухоўвацца. Гаворка ідзе пра пытанне Расіі.
– Нам гадамі казалі, што Пуцін не спыніцца. У нас ёсць урок з гэтай вайны, – сказала Урсула фон дэр Ляен.
Паводле tysol.pl / вх