У ініцыятыўную групу Аб'яднання сваякоў палітвязняў і колішніх палітвязняў уваходзяць муж журналісткі Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка, сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, і жонка Уладзіміра Мацкевіча Святлана Мацкевіч.
Аляксандр Лойка, муж палітзняволенай журналісткі канала «Белсат» Ірыны Слаўнікавай кажа, што найперш родныя палітзняволеных спадзяюцца, што на праблему ўрэшце звернуць увагу тыя, хто мае магчымасць уплываць на сітуацыю.
Разам з тым ёсць неадназначнае стаўленне да гэтай ініцыятывы. Бо рэжым Лукашэнкі не будзе выпускаць з турмаў палітзняволеных у адказ на публічны зварот. У папярэднія гады запускаўся дыпламатычны механізм, здымалі санкцыі, вялі перамовы з рэжымам. Так, гэта наўпроставы гандаль людзьмі – свабода ў адмен на адмену санкцый, на прызнанне ўлады і гэтак далей. Але толькі механізм ізаляцыі ніякім чынам у станоўчым рэчышчы на колькасць палітзняволеных не ўплывае. Іх з кожным днём становіцца ўсё больш.
Па словах мужа зняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай Аляксандра, нават дыпламаты задаюць пытанні, а што можна зрабіць, якія ёсць прапановы?
Першая наша мэта – спытаць, а што за гэтых палонных хочуць. Ніхто ж гэтага не рабіў.
– Першая наша мэта – спытаць, а што за гэтых палонных хочуць. Ніхто ж гэтага не рабіў. Мы не маем ніякіх палітычных мэтаў, у нас гуманітарная місія – адстаць адтуль людзей. Каб палітыкі неяк адрэагавалі, трэба звярнуць іх увагу. Іншыя прапановы былі якія? Давіць рэжым. Санкцыямі, іншымі метадамі. Так і адбываецца – санкцыі, давіць-давіць-давіць, з рэжымам ніхто не размаўляе, яго ніхто не пытаецца. Але трэба звярнуць увагу. Што ёсць людзі з іншымі меркаваннямі, іх шмат. І вы ж не думайце, што мы нават не пыталі ў дыпламатаў меркавання. Яны гавораць: «Прапаноўвайце». Вось мы і прапанавалі, гэта з’явілася ў публічнай прасторы, цяпер будзем размаўляць з людзьмі, – гаворыць Аляксандр Лойка.
Аўтары звароту заклікаюць лідараў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні палітвязняў – перамоў, дзеянняў публічных і непублічных.
Афіцыйна праваабаронцамі па стане на 10 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1441 чалавек.
Тэкст звароту цалкам:
«Пачынаючы з 2020 года Беларусь перажывае самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі з моманту набыцця незалежнасці. На дадзены момант у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каля 1500 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі вязнямі. Але нават гэтая жахлівая лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў тэрору. Праваабаронцы не ў стане сабраць усю інфармацыю пра рэпрэсіі, а самі вязні і іх родныя часта баяцца расказваць пра тое, што з імі адбываецца, бо баяцца помсты з боку сілавікоў. Між тым, толькі паводле афіцыйных дадзеных за 2,5 гады было распачата звыш 11,5 тысячаў крымінальных справаў, звязаных з палітыкай.
У турмах палітвязні сутыкаюцца са здзекамі, знявагамі і шантажом. Ім абмяжоўваюць перапіску, пазбаўляюць спатканняў і перадачаў, кідаюць у карцар. Нашытыя на вопратку жоўтыя біркі і цяжкая прымусовая праца ў калоніях – гэта тое, якім чынам у Беларусі караюць за іншадумства і жаданне жыць у свабодным грамадстве. Кожны дзень і гадзіна праведзеныя за кратамі – гэта катаванне для палітвязняў і іх сваякоў.
Мы са шкадаваннем вымушаныя канстатаваць, што для вызвалення нашых родных сёння робіцца недастаткова. Падзеі апошніх гадоў у Беларусі часта параўноўваюць з вайной і акупацыяй. Але нават падчас вайны ў палонных ёсць магчымасць павярнуцца дадому. Перад нашымі вачыма прыклад Украіны: за час канфлікту сотні ўкраінцаў былі вызваленыя з варожага палону ў выніку перамоваў і абмену. Перамовы пра вызваленне палонных ніяк не ўздзейнічалі на рашучасць Украіны змагацца з агрэсарам да поўнага вызвалення ўсіх акупаваных тэрыторый – наадварот, вяртанне герояў толькі ўмацоўвае маральны дух грамадства.
Мы ж у Беларусі за мінулыя 2,5 гады былі сведкамі толькі паадзінкавых выпадкаў вызвалення палітвязняў.
З аднаго боку, гэта сведчыць пра тое, што цяперашнія падыходы не з’яўляюцца эфектыўнымі. Але з іншага боку, гэта даказвае, што выратаванне палонных рэжыма не зʼяўляецца невыканальнай задачай.
Вызваленне ўсіх палітвязняў і поўнае спыненне рэпрэсій у Беларусі мы лічым задачай, якая не можа ставіцца пад сумневы ні пры якіх абставінах. Але спосабы дасягнення гэтай задачы могуць адрознівацца. Кожны вызвалены палітвязень – гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты. Калі сёння ёсць магчымасць выратаваць хаця б аднаго чалавека – мы павінны гэта зрабіць. А заўтра будзем выцягваць з засценкаў тых, каго сёння вызваліць было немагчыма.
Лёс Еўропы сёння вырашаецца на палях бітваў ва Украіне. Але супрацьстаянне расейскай агрэсіі не робіць праблему палітвязняў у Беларусі менш важнай – у абодвух выпадках гаворка ідзе пра абарону агульначалавечых каштоўнасцяў. Мы заклікаем лідараў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні палітвязняў. Гэтыя дзеянні маюць уключаюць у сябе перамоўныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару. Мы ў сваю чаргу гатовыя актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі».
На момант публікацыі пад зваротам Абʼяднання сваякоў палітвязняў і колішніх палітвязняў было 29 подпісаў.
вх