«Я лічу, што ў будучыні мы зможам перадаць Украіне ўвесь парк МіГ-29, які застаўся ў нас, калі спатрэбіцца», – заявіў прэзідэнт Анджэй Дуда падчас сумеснай прэсавай канферэнцыі з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім у Варшаве, 5 красавіка, піша партал defence24.pl. Прэзідэнт Дуда таксама паведаміў, што Польшча ўжо перадала Украіне чатыры самалёты МіГ-29 за апошнія месяцы і колькі перадасць у бліжэйшы час. Адказваючы на пытанне ўкраінскага журналіста, ён падрабязна растлумачыў план мінулых і будучых перакідак постсавецкіх машын ва Украіну.
«Чатыры МіГ-29 з нашых запасаў, якія засталіся ў нас, за апошнія месяцы былі перададзеныя ў распараджэнне Узброеных сіл Украіны. Яшчэ чатыры машыны зараз перадаюцца, ці ўжо перададзеныя..усяго восем. Мы гатовыя, як я сказаў прэзідэнту Зяленскаму, перадаць яшчэ шэсць машыны, зараз вядзем адпаведную падрыхтоўку. Мы мяркуем, што яны могуць быць перакінутыя ва Украіну ў бліжэйшы час.
Яшчэ адно ўзнятае пытанне, якое ўплывае на магчымасць перадачы чарговых польскіх знішчальнікаў МіГ-29 Украіне, гэта задачы, якія яны выконваюць.
«Частка МіГ-29 нам яшчэ спатрэбяцца, але паступова яны будуць замяняцца новымі самалётамі, якія паступяць у наша распараджэнне... FA-50, якія паступяць сёлета, а таксама самалёты F-35 у бліжэйшы час» – растлумачыў прэзідэнт Анджэй Дуда, дадаўшы, што ў будучыні Польшча зможа перадаць увесь парк МіГ-29, калі спатрэбіцца.
З выказванняў Анджэя Дуда вынікае, што на дадзены момант Польшча можа перадаць без шкоды для сваіх аператыўных магчымасцяў 14 знішчальнікаў МіГ-29, якія не прайшлі мадэрнізацыю, гэта значыць раней дыслакаваныя на 22-й авіябазе ў Мальбарку. Знішчальнікі МіГ-29, якія знаходзяцца на 23-й авіябазе тактычнай авіяцыі ў Мінску-Мазавецкім пад Варшавай, прайшлі мадэрнізацыю ў супрацоўніцтве з ізраільскай кампаніяй Elbit System. Гэтыя машыны застануцца на ўзбраенні Польшчы да замены іх новымі самалётамі. Перш за ўсё, карэйскімі FA-50, якія павінны паступіць у Мальбарк.
эж