Беларуская Служба

Войскі тэрытарыяльнай абароны пашыраюць свае кампетэнцыі

17.06.2024 11:30
Гаворка ідзе, у тым ліку, пра спецпадраздзяленне, артылерыю, беспілотнікі і конныя атрады.
Войскі тэрытарыяльнай абароны Autorstwa Stiopa - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=87116255

Войскі тэрытарыяльнай абароны атрымаюць новыя кампетэнцыі для барацьбы з гібрыднымі пагрозамі. У тым ліку, яны будуць мець сваю спецадзінку, артылерыю і беспілотнікі, паведаміў у інтэрвʼю выданню Dziennik Gazeta Prawna галоўнакамандуючы Войскамі тэрытарыяльнай абароны брыгадны генерал Кшыштаф Станьчык.

Зараз на польска-беларускай мяжы служыць каля 700 жаўнераў Войскаў тэрытарыяльнай абароны. У пікавым моманце іх было каля 1,5 тысячы. Між тым, вядзецца падрыхтоўка да пашырэння долі жаўнераў тэрытарыяльнай абароны ў складзе Кампанента памежнай абароны.

Адказам Войскаў тэрытарыяльнай абароны на гібрыдныя пагрозы мае быць вайсковаe спецпадраздзяленне «Грыф». «Мяркуецца, што спецыяльныя аператыўныя групы будуць дзейнічаць у кожнай пастаяннай зоне адказнасці брыгад Войскаў тэрытарыяльнай абароны», - заявіў генерал Станьчык.

У планах таксама стварэнне васьмі артылерыйскіх батарэй, здольных паражаць на адлегласці прыкладна 20-25 кіламетраў. «Зараз мы ў стадыі выбару гармат, якімі будуць аснашчаны гэтыя восем батарэй», – паясніў камандуючы.

Ён таксама дадаў, што ствараюцца беспілотныя войскі, а тэрытарыяльная абарона таксама будзе часткай гэтага кампанента. «Да 2035 года мы павінны атрымаць больш за 3,5 тысячы розных тыпаў камплектаў FlyEye, ударна-разведвальных комплексаў, лёгкіх вінтакрылых апаратаў, а таксама комплексаў забеспячэння падраздзяленняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння з улікам вопыту Украіны», – дадаў ён.

Генерал Станьчык адзначыў, што плануецца аснашчэнне падраздзяленняў Войскаў тэрытарыяльнай абароны сродкамі барацьбы з беспілотнікамі. «Усё гэта будзе праводзіцца ў рамках пашырэння беспілотных войскаў па ўзгадненні з аператыўным камандуючым і галоўным камандуючым», – дадаў вайсковец.

У сваю чаргу на базе 19-й Надбужанскай брыгады тэрытарыяльнай абароны плануецца стварыць цэнтр коннай падрыхтоўкі. «Вопыт вельмі добры. У снежні 2023 года нашы вайскоўцы на конях удзельнічалі ў пошуках астанкаў ракеты ў памежнай зоне», – нагадаў генерал Кшыштаф Станьчык, дадаўшы, што конныя падраздзяленні будуць развівацца ў складзе кампанента памежнай абароны.

Ён таксама пералічыў тры найважнейшыя задачы, якія стаяць перад Войскамі тэрытарыяльнай абароны ў бліжэйшы час. Першая, утрыманне колькасці жаўнераў. Ён нагадаў, што тэрытарыяльная абарона зʼяўляецца важным пастаўшчыком кадравых рэзерваў арміі. Другая задача – забеспячэнне зброяй, трэцяя – большая прафесіяналізацыя асобных кампанентаў, напрыклад, у выпадку памежнай абароны.

аз