30 год таму, 14 мая 1995 года, адбыўся першы рэферэндум, праведзены па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Ён датычыў лёсу беларускай мовы, дзяржаўнай сімволікі і інтэграцыі Беларусі з Расіяй.
На галасаванне былі вынесены чатыры пытанні, з іх тры абавязковыя:
Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? — замест сімвалаў беларускага нацыянальнага руху з рэвалюцыйных 1917–1918 гадоў — бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», што мелі статус дзяржаўных у 1991–1995 гадах.
Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?
Паводле афіцыйных даных, у спісы грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме, было ўключана 7 445 820 чалавек. Бюлетэні для галасавання атрымалі 4 830 582 чалавекі (64,8%). У галасаванні прынялі ўдзел 4 823 482 чалавекі.
За наданне рускай мове статусу дзяржаўнай (да рэферэндуму яна мела статус мовы міжнацыянальных зносін) выказаліся 4 017 273 чалавекі (83,3% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання, або 53,9% ад колькасці ўсіх, хто мае права голасу).
За новыя Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь (фактычна відазмененыя дзяржаўныя сімвалы БССР) выказаліся 3 622 851 чалавек (75,1% ад усіх ўдзельнікаў галасавання).
За падтрымку эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй выказаліся 4 020 001 чалавек (83,3% ад тых, хто прыняў удзел у галасаванні).
Рэферэндум 1995 года спыніў афіцыйна пачатую ў 1990 годзе, яшчэ ў БССР, беларусізацыю і легалізаваў дзяржаўную палітыку русіфікацыі і санкцыянаваў вяртанне Беларусі ў сферу ўплыву Расіі. Зрэшты, з гэтай сферы Беларусь і не паспела выйсці. Аднак з 1995 года прарасійскі курс быў фактычна адобраны большасцю грамадзян, якіх на гэта натхніў першы Прэзідэнт незалежнай Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гэты курс ажыццяўляецца і сёння.
Сярод наступстваў рэферэндуму і тое, што большасць беларусаў засталіся людзьмі «русского мира» (хаця тэрмін гэты пашырыўся пасля 2014 года, калі Расія ўпершыню захапіла частку тэрыторыі Украіны), або, як гаворыць Лукашэнка, «русскими со знаком качества», і тое, што афіцыйны Мінск, а таксама частка насельніцтва Беларусі падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць суседняй Украіны.
Сяргей Навумчык, які ў 1995 годзе з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і адным з тых, хто галасаваў супраць правядзення рэферэндуму, успамінае тыя дні і праецыруе вынік гістарычных падзей на сучаснасць. Яго развагі дапамагаюць зразумець і вытокі трагедыі беларусаў як нацыі, якая засталася на паўдарозе ад залежнасці ад Расіі да сапраўднай незалежнасці, і тое, чаму сучасная Беларусь, як дзяржава, з’яўляецца адным з фактараў нестабільнасці ва Усходняй Еўропы.
— Агульны вынік рэферэндуму па ўсёй Беларусі быў, на вялікі жаль, не на карысць нацыянальнага Адраджэння. Значная частка насельніцтва ўсё ж Лукашэнку падтрымала: людзі проста адмовіліся ад сваёй мовы і нацыянальных сімвалаў. Адбылося ачмурэнне народа. Прайшло трыццаць гадоў, і адчуванні, якія былі ў той дзень, не змяняюцца — як аднаго з самых чорных дзён у нацыянальнай гісторыі. Я думаю, што гэта больш чорны дзень, чым дзень чарнобыльскай катастрофы (26 красавіка 1986 года) ці нават дзень нападу Гітлера на тэрыторыю БССР (22 чэрвеня 1941 год), якая была ў той час у складзе СССР. Рэферэндум 1995 года ў ХХ стагоддзі і ўвогуле ў навейшай гісторыі гісторыі Беларусі стаў самым моцным ударам па нацыі — пераламіў хрыбет нацыі. І чым далей, тым у мяне ўзнікае больш сумненняў, што нацыя здолее адрадзіцца...
У 1995 годзе ўжо многія беларусы, у выніку русіфікацыі папярэдніх дзесяцігоддзяў — яшчэ з часоў Расійскай імперыі, не гаварылі па-беларуску, не чыталі беларускіх кніг і прэсы, не вучыліся і не вучылі сваіх дзяцей у беларускамоўных школах і ВНУ, а жылі ў рускамоўнай інфармацыйнай прасторы, інакш кажучы, у «русском мире». Увогуле, вучоныя часам задаюцца пытаннем, ці былі гэтыя людзі «беларусамі». Бо калі этнографы і мовазнаўцы канца ХІХ — пачатку ХХ ст. класіфікавалі народы Усходняй Еўропы, то беларусаў выдзялялі сярод іх менавіта паводле мовы.
Як з перспектывы трыццаці гадоў Сяргей Навумчык глядзіць на сваіх суайчыннікаў, якія падтрымалі Лукашэнку і яго антыбеларускія і прарасійскія прапановы на рэферэндуме 1995 года?
— Не, ну гэта былі беларусы — па пашпарце... Ці як сказаць? Тады былі і цяпер гэта — беларусы. Пераважная большасць насельніцтва Беларусі лічыцца беларусамі. Іншая справа, што гэта былі ў большасці русіфікаваныя беларусы. Для іх такія паняцці, як «нацыянальныя каштоўнасці», «нацыянальны гонар», «незалежнасць Беларусі», абсалютна не існавалі. Проста большасць народа паказала, што яны — рабы. Вось гэта трэба абсалютна ўсвядоміць, каб ведаць, дзе мы знаходзіліся (у 1995 годзе. — Рэд.) і дзе мы цяпер знаходзімся. Бо сітуацыя не нашмат палепшылася. Большасць насельніцтва задавальняе вось такое існаванне — у рабстве. Вось гэта трэба прызнаць. Гэта было тады. Гэта было шмат дзесяцігоддзяў. Гэта было ў 1994 годзе, калі яны сабе выбралі стаўленіка Масквы (Лукашэнку. — Рэд.). Гэта было ў 1995 годзе, калі яны адмовіліся ад беларускай мовы, нацыянальных сімвалаў, калі пагадзіліся ўвайсці ў склад Расіі. Так, можна гаварыць пра тое, што Масква выкарыстала нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці, нізкі ўзровень палітычнай адукаванасці. Аднак трэба прызнаць, што большасць насельніцтва знаходзілася ў рабскім стане. У такім стане яна засталася і цяпер.
Працягваючы нашу размову, я пацікавіўся ў Сяргея Навумчыка, як ён адносіцца да меркавання свайго тагачаснага старэйшага калегі па Вярхоўным Савеце — дэпутата і вядомага пісьменніка Ніла Гілевіча, што самае галоўнае для нацыі — мова, а ўжо затым — нацыянальныя сімвалы — герб і сцяг.
— Мова, сапраўды, — гэта самае важнае. Бо гэта тое, што выдзяляе любую нацыю. Мова — гэта тое, што фарміравалася стагоддзямі, гэта душа народа. Але я лічу, што нельга супрацьпастаўляць, выбудоўваючы шкалу градацыі, мову і сімволіку — маўляў, вось гэта важна, а гэта не важна. Не. Якраз тады, у 1995 годзе, было важна ўсё. Я, дарэчы, падрыхтаваў новае выданне кнігі «Дзевяноста пяты» — пра той год: першае выданне налічвала 300 старонак, новае — 450 старонак. Рыхтуючы кнігу, я перачытаў стэнаграмы пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, свае асабістыя запісы таго часу, прэсу, і пераканаўся яшчэ раз у тым, што прапанова Лукашэнкі на рэферэндуме мела д'ябальскі разлік. Там было ўсё разам — і пытанне нацыянальных каштоўнасцей, я маю на ўвазе беларускую мову, герб і сцяг, і пытанне эканамічнай залежнасці, прывязкі Беларусі да Расіі — эканамічнай інтэграцыі, і пытанне «згортвання» дэмакратыі — права Прэзідэнта распускаць парламент. Ну і Масква, якая гэта ўсё, безумоўна, рыхтавала, і Лукашэнка абсалютна цудоўна разумелі, што знішчыць беларускую мову пры дэмакратычным развіцці Беларусі будзе абсалютна немагчыма. Таму гэта было ўсё ўзаемазвязана. І па гэтай прычыне гэта быў такі моцны, франтальны ўдар, я б сказаў, па некалькіх кірунках. Яны ўзялі нацыю ў жалезныя абцугі — і эканамічныя і палітычныя. Любому свядомаму беларусу было зразумела: гэта знішчыць Беларусь. Ну вось так яно і атрымалася... Я ўсе гэтыя трыццаць гадоў, літаральна з таго першага дня гаварыў: разумееце, у 1995 годзе Лукашэнкам і Масквой быў нанесены самы магутны ўдар па беларускай нацыі.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё