Беларуская Служба

Вотум даверу і «аварыйны план»: як урад Туска рыхтуецца да прэзідэнта Наўроцкага

03.06.2025 14:28
Тэхнічны ўрад ці палітычны тупік? Лідар «ПіС» Ярослаў Качыньскі прапануе свой варыянт будучыні краіны.
Аўдыё
  • Вотум даверу і «аварыйны план»: як урад Туска рыхтуецца да прэзідэнта Наўроцкага
    , 3  2025 .
Пачатак пасяджэння Рады міністраў Польшчы, 3 чэрвеня 2025 г. PAP/Paweł Supernak

Супрацоўніцтва ўрада з новым прэзідэнтам будзе няпростым. Караль Наўроцкі можа імкнуцца блакаваць законапраекты, падрыхтаваныя кабінетам Дональда Туска, а таксама перашкаджаць яго працы, прасоўваючы дарагія і нерэальныя прапановы, які павіны прадэманстраваць неэфектыўнасць урада, — мяркуе Магдалена Новак-Паралюш, палітолаг з Універсітэта WSB Merito. Яна падкрэслівае: у такой сітуацыі першачарговай задачай урада павінна стаць эфектыўная камунікацыя з грамадствам:

— Тут важна адно: як урад гэта камунікуе. Бо калі ён застанецца такім жа слабым у гэтым, якім быў, то, скажам шчыра, прэзідэнт зможа адрапартаваць, што выканаў місію, — лічыць Магдалена Новак-Паралюш. 

Палітолаг таксама нагадала, што менавіта ўрад Польшчы нясе адказнасць за фінансавую палітыку дзяржавы:

— Абяцаць можна ўсё што хочаш, калі не нясеш адказнасці за тое, што абяцаеш. Але як ні круці, польская палітычная сістэма пабудавана так, што адказнасць за бюджэт ляжыць на ўрадзе,  — перакананая экспертка. 

Паводле Выбарчага кодэксу, абраны прэзідэнт мусіць уступіць на пасаду 6 жніўня. Прэм’ер Польшчы Дональд Туск у адмысловм звароце да народу ўвечары 2 чэрвеня заклікаў прызнаць перамогу Караля Наўроцкага і павіншаваў яго выбарцаў. Кіраўнік польскага ўрада падзякаваў палякам за ўдзел у выбарах і прызнаўся, што ўжо даўно не адчуваў столькі эмоцый.

У бліжэйшы час прэм'ер-міністр паабяцаў накіраваць у Сейм запыт аб вотуме даверу ўраду. Дональд Туск у паслявыбарчай прамове падкрэсліў, што дзейнасць урада ў новых умовах «патрабуе адзінства і мужнасці ад усёй кааліцыі 15 кастрычніка».

— Ад міжнароднай палітыкі, будаўніцтва моцнага войска і эканомікі, праз рэпаланізацыю прамысловасці, сацыяльную бяспеку і дзяржаўныя паслугі, да прыцягнення да адказнасці былых урадоўцаў і барацьбы са злачыннасцю — уся праграма патрабуе згуртаванасці і адвагі. Першы экзамен — вотум даверу, з якім я звярнуся ў Сейм. Хачу, каб усе нашыя супернікі — і ў Польшчы, і за яе межамі — убачылі, што мы гатовыя, што мы разумеем значнасць моманту і не зробім ані кроку назад, — заявіў прэм’ер.

Ён таксама адзначыў, што ўрад «будзе супрацоўнічаць з новым прэзідэнтам там, дзе гэта неабходна і магчыма», а таксама паведаміў пра гатовы «аварыйны план» на выпадак адсутнасці паспяховага супрацоўніцтва з новаабраным прэзідэнтам, які паходзіць з апазіцыі.

Еўрадэпутат ад правячай у Польшчы Грамадзянскай кааліцыі Міхал Шчэрба ў сувязі з перамогай апазіцыйнага кандыдата Караля Наўроцкага заклікаў урад сканцэнтравацца на выкананні сваіх праграмных абяцанняў з 2023 года. 

— Як ёсць, так ёсць. Але замест таго, каб плакаць над пралітым малаком, я прапаную нам, кааліцыі 15 кастрычніка, сканцэнтравацца, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з прэзідэнцтвам Наўроцкага, на рэалізацыі максімуму нашых ідэй, каб праз 600 дзён, калі будуць парламенцкія выбары, з чыстым сумленнем звярнуцца да людзей па падтрымку.

Тым часам лідар буйнейшай апазіцыйнай партыі «Права і Справядлівасці», з якой звязаны пераможца мінулыз прэзідэнцкіх выбараў, Ярослаў Качыньскі лічыць, што найлепшым рашэннем у цяперашняй сітуацыі стане стварэнне тэхнічнага ўрада — непалітычнага кабінета тэхнакратаў.

У Сейме лідар «ПіС»заявіў, што новы прэм’ер не павінен прадстаўляць буйную палітычную сілу. Палітык пералічыў задачы такога ўрада:

— Аднаўленне дзяржавы, вырашэнне эканамічных праблем, фінансавы крызіс, стан аховы здароўя, бяспека, вяртанне да мадэрнізацыі арміі, знешняя палітыка, адносіны з саюзнікамі, а таксама — справа еўрапейскіх дагавораў, якія, на маю думку, дэ-факта ліквідавалі польскую дзяржаўнасць. Усё гэта павінен узяць на сябе тэхнічны ўрад, — сказаў Качыньскі.

Лідар крайне правай «Канфедэрацыі», які заняў трэцяе месца падчас першага туру прэзідэнцкіх выбараў, Славамір Ментцэн гатовы абмеркаваць прапанову Качыньскага, але выказаў сумнеў, што яна знойдзе большасць у Сейме:

— Прапанову Качыньскага аб тэхнічным урадзе і заканчэнні кіравання Туска цяжка назваць рэалістычнай. Але калі ў яго ёсць інфармацыя, якой няма ў мяне, нам ёсць пра што гаварыць — запрашаю на сустрэчу. Абмяркуем, — напісаў апазіцыйны палітык у сацсетках.

Вотум даверу павінен стаць тэстам падтрымкі ўрада і ўмацаваць пазіцыі Дональда Туска, лічыць старшыня Нацыянальнай рады адвакатаў Пшэмыслаў Росаці. Ён падкрэсліў, што ў гэтым выпадку вотум мае выключна палітычны характар:

— Гаворка пра тое, каб паказаць, што Рада міністраў здольная выконваць канстытуцыйныя функцыі. Сейм такім чынам выражае сваю падтрымку або адабрэнне дзеянняў урада. Хоць гэта прадугледжана Канстытуцыяй, вотум у дадзеным выпадку — хутчэй палітычны сігнал, што гэтае скліканне Сейма гатовае супрацоўнічаць з урадам.

Як паведаміў намеснік старшыні Сейма Польшчы Уладзімеж Чажасты, галасаванне па вотуме можа адбыцца або на гэтым пасяджэнні Сейма, або на наступным.

Слухайце аўдыё!

эж