Беларуская Служба

Палітолаг: Улады Расіі і Беларусі ўспрымаюць Наўроцкага як антырасійскага дзеяча

05.06.2025 15:15
Караль Наўроцкі з’яўляецца старшынёй Інстытута нацпамяці Польшчы, які крытыкаваў знішчэнне польскіх памятных месц у Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Шабацюк пра К.Наўроцкага.
 .
Караль Наўроцкі.PAP/Paweł Supernak

1 чэрвеня ў Польшчы адбыўся другі тур выбараў прэзідэнта краіны, у якім на пасаду кіраўніка дзяржавы быў абраны Караль Наўроцкі. Чаго чакаць ад яго на беларускім кірунку?

Каралю Наўроцкаму, ураджэнцу Гданьска, 42 гады, ён доктар гуманітарных навук, гісторык. З ліпеня 2021 года ён з'яўляецца старшынёй Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы.

Яго магчымую будучую палітыку на беларускім кірунку Беларуская служба Польскага радыё папрасіла пракаменціраваць Анджэя Шабацюка, ад'юнкта кафедры палітычнай тэорыі і ўсходніх даследаванняў Інстытута паліталогіі і кіравання факультэта грамадскіх навук Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Анджэй Шабацюк займаецца даследаваннем узаемаадносін Польшчы з краінамі Усходняй Еўропы, у прыватнасці, з Беларуссю.

Вучоны напамінае, што Караль Наўроцкі ўсё яшчэ з’яўляецца старшынёй Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы.

— У кантэксце Беларусі скажу таксама, што Інстытут нацыянальнай памяці востра каменціраваў знішчэнне польскіх могілак і памятных месц у Беларусі. Несумненна, гэта можа быць элементам абвастрэння адносін з Беларуссю, прынамсі на ўзроўні Палаца прэзідэнта Польшчы.

Анджэй Шабацюк лічыць, што ўвогуле адносіны з Беларуссю сёння прадвызначаны яе залежнасцю ад Расіі.

На маю думку, пакуль ідзе вайна — расійская агрэсія супраць Украіны — не варта чакаць кардынальных перамен у адносінах з Беларуссю. Асабіста я ўсё менш веру, што Аляксандр Лукашэнка мае яшчэ нейкі суверэнітэт у пытаннях знешняй палітыкі. Мы бачым, што ён усё мацней падпарадкоўваецца Расійскай Федэрацыі. Калі спакойна прааналізаваць выказванні Уладзіміра Пуціна, яго атачэння і нават патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла, можна заўважыць, што іх стаўленне як да Беларусі, так і да Украіны вельмі падобнае. Яны ўспрымаюць гэтыя дзяржавы як частку аднаго рускага народа — так званай «святой Русі». Яны лічаць гэты рэгіён выключнай зонай расійскіх уплываў. З гэтай перспектывы палітыка Лукашэнкі ў значнай ступені з’яўляецца вынікам антызаходняга, антыеўрапейскага курсу Масквы. Пакуль мы не назіраем ніякіх прыкмет перамен. Каб адбыліся перамены ў палітыцы Мінска адносна Польшчы ці Еўрапейскага саюза, перш за ўсё павінна змяніцца палітыка Расіі адносна Захаду. Цяпер нам застаецца назіраць за сітуацыяй — бо ўсё сведчыць пра тое, што і па-ранейшаму могуць адбывацца розныя інцыдэнты на польска-беларускай або беларуска-літоўскай граніцы.

Якая можа быць рэакцыя Караля Наўроцкага на гэткія дзеянні рэжыму Лукашэнкі?

Я таксама не бачу шансаў на тое, што новы прэзідэнт Польшчы якім-небудзь чынам змякчыць сваю палітыку ў адносінах да Расіі ці Беларусі. На маю думку — наадварот — гэтая палітыка можа стаць нават значна больш жорсткай. Гэта вынікае таксама з гістарычнай палітыкі, якую вядзе рэжым Лукашэнкі. Дастаткова згадаць, што ў Беларусі нацыянальным святам — Днём народнага адзінства быў абвешчаны дзень 17 верасня, што з польскага пункту гледжання мае вельмі складанае для ўспрыняцця гучанне. (17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла ўсходнюю граніцу Польшчы і заняла яе тэрыторыі, у тым ліку з беларускім насельніцтвам. — Рэд.) Да таго ж у Беларусі гучаць абвінавачванні польскага падполля, змагароў за незалежнасць Польшчы (падчас Другой сусветнай вайны. — Рэд.), у калабарацыі з фашыстамі. Усё гэта ўпісваецца ў шырэйшую гістарычную палітыку Беларусі, якая відавочна накіравана супраць польскай дзяржаўнай пазіцыі і польскай меншасці ў Беларусі. Палякі, што жывуць у Беларусі, у гэтай рыторыцы прадстаўляюцца практычна як пятая калона. Мне здаецца, што для асяроддзя пана Наўроцкага і яго палітычнага акружэння такая сітуацыя з'яўляецца абсалютна непрымальнай.

Увогуле, Анджэй Шабацюк, разважаючы пра палітыку польскіх улад у адносінах да Беларусі, канстатуе надзвычайную складанасць сітуацыі. У якасці прыкладу ён прыводзіць гісторыю дзеяча Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, якія знаходзіцца ў турме рэжыму Лукашэнкі.

У нас на самай справе няма моцных інструментаў для перагавораў з Беларуссю. З таго, што я ведаю, была магчымасць вызвалення Анджэя Пачобута з турмы неўзабаве пасля яго арышту. Напрыклад, Анна Панішава і Анжаліка Борыс тады выйшлі з турмы, але ўмовай быў выезд (Панішавай, Пачобута. — Рэд.) з Беларусі. Я ведаю, што Анджэй Пачобут не хацеў гэтага рабіць, таму лічу, што гэта было яго гераічнае і мужнае рашэнне. Я таксама ведаю, што ён шмат пакутаваў у беларускай турме. Аднак цяпер магчымасці аказваць ціск на беларускі бок з боку Польшчы вельмі абмежаваныя. Мы можам толькі эскалаваць санкцыі і зачыняць наступныя памежныя пераходы. Гандлёвы абарот з Беларуссю ўжо моцна абмежаваны або спынены, таму не ведаю, ці ёсць тут яшчэ месца для манеўру. У гэтай сітуацыі трэба чакаць нейкага пацяплення адносін. Увогуле, як я ўжо казаў раней, пакуль няма прыкмет, якія сведчылі б пра хуткае пацяпленне ўзаемаадносін паміж Захадам і Расіяй, таму я вельмі песімістычна настроены. Падобна гляджу і на пытанне вызвалення іншых палітычных зняволеных у Беларусі — іх лёс таксама вельмі цяжкі.

Анджэй Шабацюк, рэзюмуючы, зноў закрануў ролю прэзідэнта Польшчы ў вырашэнні складаных пытанняў у адносінах з Беларуссю.

Я не чуў пра якую-небудзь рэальную магчымасць у апошнія месяцы, якая магла б прывесці да вызвалення Анджэя Пачобута. Мне таксама не здаецца, што новы прэзідэнт мае такія магчымасці на гэты момант. Чаму? Таму што яго ўспрымаюць у Расіі і Беларусі як выразна антырасійскага дзеяча. Асабліва як старшыню Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, які апублікаваў шмат прац, што паказваюць, у тым ліку, сітуацыю ў Беларусі. ІНП выдаў цэлую серыю публікацый, прысвечаных рэлігійнай і этнічнай палітыцы ў гэтай краіне.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Палітолаг Вітальд Радкевіч: Ад вынікаў вайны ва Украіне залежыць і сітуацыя ў Беларусі

13.03.2025 14:53
Вітальд Радкевіч з Цэнтра ўсходніх даследаванняў бачыць уплыў не толькі ЗША, але і Кітая на сітуацыю ва Усходняй Еўропе.