У сваёй апошняй справаздачы Банк нацыянальнай гаспадаркі называе польскія гарады, рэгіёны і муніцыпалітэты, якія найлепш падрыхтаваныя да крызісаў, а таксама гарады, якія знаходзяцца ў зоне асаблівай рызыкі, у кантэксце ваеннай небяспекі, якая ўзнікла ў выніку вайны ва Украіне, паведамляе Business Insider Polska.
Згодна са згаданай справаздачай, 15,7 мільёна палякаў жывуць у гарадах і вёсках, якія дасягнулі ўзроўню ўстойлівасці да пагроз вышэйшага за сярэдні. Найбуйнейшая група людзей (6,7 мільёна), якія жывуць на тэрыторыі ўстойлівых да крызісу муніцыпалітэтаў – гэта жыхары 23 гарадоў з правамі павету, а 3,7 мільёна – людзі, якія жывуць у невялікіх сельскіх гмінах па ўсяе Польшчы.
Аўтары аналізу адзначылі, аднак, што ўзровень устойлівасці да пагроз залежыць у значнай ступені ад фактараў, на якія мясцовыя супольнасці не маюць істотнага ўплыву. Гэта, перш за ўсё, дыслакацыя, формы рэльефу, дэмаграфія.
«Напрыклад, гміны, размешчаныя паблізу так званага Сувалкскага калідора (інакш перашыйка – рэд.), знаходзяцца пад адносна высокай пагрозай з боку варожых ваенных аперацый. Гэты рэгіён нават лічыцца адным з самых гарачых пунктаў ва ўсёй Еўропе», – адзначаецца ў справаздачы.
Устойлівасць мясцовых органаў улады, як паясняюць аўтары дакладу, вызначаецца як узровень падрыхтоўкі да крызісу, здольнасць рэагаваць і аднаўляцца. Устойлівасць разглядаецца ў сувязі з чатырма пагрозамі: стыхійнымі бедствамі (напрыклад, паводкамі, спякотай, засухай), катастрофамі ў галіне аховы здароўя (рознымі відамі эпідэмій), гуманітарнымі катастрофамі (у першую чаргу некантраляваным прытокам людзей з трэціх краін) і ваеннымі пагрозамі (не толькі вайной, але і рознымі відамі гібрыднай дзейнасці, інфармацыйнай вайной і кібератакамі).
Якія гарады Польшчы падвяргаюцца найбольшай рызыцы ў выпадку вайны?
На падставе згаданых паказчыкаў, Мазавецкае ваяводства характарызуецца адносна высокай устойлівасцю – дзве траціны (66,6%) гмін і гарадоў з правамі павету, размешчаных у гэтым ваяводстве, дасягнулі ўзроўню вышэйшага за сярэдні па ўсіх чатырох індэксах устойлівасці адначасова. На процілеглым полюсе знаходзіцца Вармінска-Мазурскае ваяводства, дзе 77,6 працэнта муніцыпалітэтаў і гарадоў мелі ўстойлівасць ніжэйшую за сярэднюю па краіне ў выпадку адначасовага ўзнікнення ўсіх чатырох пагроз. Аднак адзначаецца, што адначасова згаданае ваяводства не ўваходзіць у лік найбольш схільных да рызыкі рэгіёнаў.
Згодна са справаздачай, 107 мясцовых органаў улады дасягнулі «ўзроўню ўстойлівасці вышэй за сярэдні» да ўсіх чатырох пагрозаў. У асноўным гэта невялікія адміністрацыйныя адзінкі, раскінутыя па ўсёй краіне, найбуйнейшая з якіх – горад Новы Сонч у Малапольскім ваяводстве. Агулам у іх пражывае 1,1 мільёна чалавек, дадалі аўтары.
Амаль 1,3 мільёна палякаў жывуць у мясцовых органах улады з рызыкай вышэйшай за сярэднюю па ўсіх катэгорыях рызыкі – гэта 169 мясцовых органаў улады, пераважна ў ваяводствах: Люблінскім, Падляскім і Мазавецкім.
Аўтары дакладу таксама назвалі гарады, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, у кантэксце ваеннай небяспекі, якая ўзнікла ў выніку вайны ва Украіне. У асноўным асаблівая рызыка пагражае багатым гарадам з буйным эканамічным значэннем для краіны.
Такім чынам, найбольшай рызыцы ваеннай пагрозы, паводле справаздачу, падвяргаюцца Варшава і Гданьск, бо яны размешчаны адносна блізка да мяжы і маюць ключавое значэнне для эканомікі і палітычнай стабільнасці краіны.
аз