Беларуская Служба

Павал Усаў: Лёс людзей у турмах залежыць не ад паездак Ціханоўскай, а ад гумару Лукашэнкі

09.07.2025 14:08
Праваабаронцы паведамляюць пра рост рэпрэсій да пятай гадавіны пратэстаў, у сувязі з набліжэннем канца тэрміну даўнасці гэтак званых злачынстваў, звязаных з удзелам у пратэстах.
Аўдыё
  • Павал Усаў: Лёс людзей, якія ў турмах, залежыць не ад Ціханоўскай, а ад гумару Лукашэнкі
Павал Усаў.

Праваабаронцы кажуць, што паступіў загад, каб паспець пакараць як мага больш людзей. Паведамляецца і тое, што ўлады ўсімі сіламі спрабуюць схаваць інфармацыю пра маштаб пераследу, каб не пашкодзіць беларуска-амерыканскім размовам.

Аднак пра гэта не інфармуюць прадзяржаўныя і прапагандысцкія каналы, каб нібыта не псаваць карцінку, якая мае быць фонам да апошніх вызваленняў зняволеных, у прыватнасці Сяргея Ціханоўскага.

Адначасова праваабаронца Леанід Судаленка паразмаўляў з палітолагам, сябрам так званай «камісіі па вяртанні» Юрыем Васкрасенскім пра вызваленне палітвязняў, у прыватнасці Алеся Бяляцкага. Сам Леанід назваў размову цяжкай і поўнай цынізму. Васкрасенскі сказаў, што вызваленне Ціханоўскага гэта быў элемент заахвочвання для амерыканцаў, каб вызваліць іншых, але пакуль ніякіх палёгкаў не адбылося. «Адчыніце неба, Бяляцкі выйдзе», - між іншым сказаў Васкрасенскі.

Палітолаг Павал Усаў перакананы, што няма падставаў думаць, што адліга ў амерыканска-беларускіх адносінах прывядзе да змены палітычнай сітуацыі: 

- Рэжым будзе нязменным. Не будзе вяртання да сітуацыі 2020 года, якую называлі лагоднай дэмакратызацыяй. Рэжым будзе існаваць, пакуль жыве Лукашэнка і Расія. Усё больш мадэль развіцця ў Расіі прыгадвае кітайскі спосаб палітычнага кіравання, яна будзе прышчэпленая і ў Беларусі. Гэта мадэль, дзе ёсць прастора для эканамічнай аўтаноміі, але няма палітычнай прасторы. Ёсць адзіная партыя, палітбюро, адзіны кіраўнік. Пры гэтым эканамічна Кітай развіваецца.

Адначасова пытанне вязняў стаіць востра, іх гуманітарная сітуацыя крытычная і трэба іх вызваляць. Стала ўздымаецца пытанне, што можна зрабіць. Трэба разумець, што санкцыі не дапамогуць. Яны не эфектыўныя без палітычных фактараў. Пакуль гэта зразумеюць на Захадзе, пакуль апазіцыя пачне аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю, дзясяткі людзей загінуць у вязніцах, страцяць здароўя, сотні трапяць за краты.

Спіраль рэпрэсій, якія мы назіраем, гэта, можна лічыць, рэакцыя на выказванні Ціханоўскіх, што Лукашэнку трэба давіць. Гэтым прыспешваецца працэс рэпрэсій у Беларусі. Лёс людзей, якія ў турмах, залежыць не ад паездак Ціханоўскай і Латушкі па замежжы, а ад гумару Лукашэнкі і яго атачэння. Калі ён захоча адпомсціць Ціханоўскаму за непрадуманыя выказванні адносна пасадзіць на кол, то ён адпомсціць людзям, якія ў Беларусі.

Поўны каментар – у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё

 

 

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка