Беларуская Служба

Павольны заняпад сацыяльнай нямецкай дзяржавы. Мерц кажа пра беспрацоўных, якія жывуць лепш за тых, хто працуе

16.07.2025 15:01
Новы ўрад Германіі імкнецца скарачаць сацыяльныя выдаткі, асабліва для беспрацоўных.
Канцлер Фрыдрых Мерц EPA/CLEMENS BILAN Dostawca: PAP/EPA.

Канцлер Фрыдрых Мерц (ХДС) заявіў пра рэформу сацыяльнай сістэмы, прыводзячы прыклад чалавека, які толькі што страціў працу і зарэгістраваўся ў цэнтры занятасці, паведамляе Rzeczpospolita. Згодна з дзеючымі нямецкімі правіламі, беспрацоўны мае права не толькі на дапамогу на пражыванне, але і на ўтрыманне жылля. Як падлічыў Мерц, калі ў беспрацоўнага ёсць кватэра плошчай 100 квадратных метраў, атрымае ён ад дзяржавы 2000 еўра ў месяц.

«Гэта тое, што звычайная працоўная сям'я не можа сабе дазволіць», — заявіў канцлер.

Надзвычай шчодрая сістэма сацыяльнай дзяржавы заўсёды была гонарам сацыял-дэмакратаў, за выключэннем канцлера Герхарда Шродэра. Больш за дваццаць гадоў таму ён значна скараціў выплаты, каб аднавіць нямецкую эканоміку, але ў выніку СДПГ страціла падтрымку многіх грамадзян, што прывяло да паразы найстарэйшай партыі Германіі на наступных выбарах.

Пасля таго, як чатыры гады таму да ўлады прыйшоў канцлер Олаф Шольц (СДПГ), сацыял-дэмакраты, імкнучыся ўмацаваць сваю партыю, увялі Схему дапамогі па беспрацоўі (Bürgergeld), ігнаруючы меркаванні экспертаў аб тым, што новая сістэма зрабіла практычна нявыгадным працаўладкаванне.

Колькі цяпер атрымліваюць ад дзяржавы нямецкія беспрацоўныя?

Штомесячная дапамога для беспрацоўнага адзінокага чалавека складае 563 еўра. Сямейная пара без працы атрымлівае 1012 еўра. Акрамя таго дзіцячыя выплаты, напрыклад, 471 еўра для падлетка.

Дзяржава таксама пакрывае выдаткі на арэнду жылля і ацяпленне. Шматлікія выплаты таксама даступныя для тых, хто зарабляе менш за мінімальную заработную плату.

Усяго сістэмай Bürgergeld карыстаецца ў Германіі каля 5 мільёнаў чалавек. Агульныя выдаткі для дзяржбюджэту перавышаюць 50 мільярдаў еўра, столькі ж, колькі яшчэ нядаўна выдаткі Бундэсвера.

Канцлер Мерц абвяшчае аб далейшых абмежаваннях пасля летняга перапынку.

Справа ў тым, што злоўжыванні, такія як пастаянная адмова беспрацоўных прымаць прапановы аб працы больш не могуць быць цярпімымі. Таксама той факт, што некаторыя нямецкія працадаўцы плацяць супрацоўнікам крытычна мала, ведаючы, што гэтыя людзі атрымаюць кампенсацыю ад бюро занятасці.

яс