Беларуская Служба

Аляксандр Фрыдман пра вучэнні Захад-2025: Сітуацыя напружаная, не думаю, што яна палепшыцца бліжэйшымі тыднямі

06.08.2025 14:58
У Беларусь прыбылі першыя расійскія вайскоўцы — наколькі сітуацыя ў рэгіёне трывожная, размаўляем з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Аўдыё
  • Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман: Галоўнае, што будзе адбывацца на мяжы, якая будзе колькасць вайскоўцаў...
 .
Аляксандр Фрыдман.t.me/s/Alexander_Friedman

— Як бы вы на бягучы момант ацанілі сітуацыю з бяспекаю ў нашым рэгіёне ў звязку з тым, што падыходзіць дата ўльтыматуму США для Расіі, паведамляецца пра тое, што прыехалі першы вайскоўцы для ўдзелу ў вучэннях Захад-2025, а апошнія вучэння, як памятаем, скончыліся вельмі кепска?

— Сітуацыя напружаная, думаю, яна будзе наступнымі тыднямі толькі пагаршацца на розных напрамках. Вучэнні будуць праходзіць у Беларусі, але які фармат, колькі будзе расійскіх вайскоўцаў – невядома. Гэтае пытанне застаецца адкрытым.  За гэтымі вучэннямі ўважліва сочаць на іншым баку, з боку НАТО, асабліва, калі  будзе некая канцэнтрацыя войска на мяжы з Украінай або на мяжы з Літвой, Латвіяй ці Польшчаю. Ёсць шмат фактараў, якія мы цяпер не ведаем: якімі будуць стасункі паміж ЗША і Расіяй праз некалькі дзён, ці будуць уведзеныя новыя санкцыі, як будзе выглядаць пастаўка зброі Украіне.  Гэта таксама важны фактар. Калі  абудзіцца нейкае абвастрэнне ў адносінах, гэта падвышае верагоднасць таго, што можа адбыцца некае абвастрэнне на мяжы Беларусі з еўрапейскім краінамі ў кантэксце вучэнняў Захад-2025.

Дапамога Украіне з боку Еўропы таксама важны фактар, цяпер менавіта еўрапейцы фінансуюць дапамагу Украіне, а гэта вельмі негатыўна ўспрымаецца Расіяй. Думаю, Пуцін упэўнены, што без гэтай дапамогі ў яго былі б куды лепшыя вынікі  ва Украіне.  Калі гэтая дапамога працягнецца, а стасункі з амерыканцам пагоршацца, то ёсць верагоднасць эскалацыі. Яна можа быць і ў самым дрэнным выглядзе — ваеннай аперацыі, але магчымыя і нейкія правакацыі на мяжы, узмацненне міграцыйнага крызісу.

Сітуацыя, канешне, цяпер напружаная і я не думаю, што яна палепшыцца наступнымі тыднямі.

— Якая цяпер роля ЗША ў бяспецы Еўропы?

— Спадзявацца на сябе ў сённяшніх умовах важна. Менавіта ў гэтым напрамку, думаю, і будуць развівацца еўрапейскія краіны – з інвестыцыямі ў абарону, мадэрнізацыю войска, вытворчасць новай тэхнікі і гэтак далей. Працэсы ідуць. Праблема ў тым, што гэта немагчыма зрабіць так хутка. Залежнасць ад Злучаных Штатаў у галіне бяспекі велізарная. І ў Еўропе гэта дакладна разумеюць. Усе гэтыя месяцы еўрапейцы імкнуліся палепшыць стасункі з амерыканцамі, выконвалі патрабаванні Трампа. І апошні саміт НАТА ў Гаазе быў досыць паспяховы. Еўрапейскі і амерыканскі бакі ацэньваюць яго як паспяховы. Трамп менавіта таму задаволены, бо яго патрабаванні выконваюцца.

Так што стасункі лепшыя, куды лепшыя, чым некалькі месяцаў таму, калі былі думкі, што амерыканцы выведуць свае войскі з Еўропы альбо амерыканцы ўвогуле пакінуць НАТА, альбо ў выпадку агрэсіі супраць еўрапейскіх краін не будзе ніякай дапамогі з боку Злучаных Штатаў. Гэтыя ўяўленні знікалі.

Цяпер сітуацыя лепшая, але зноў жа Дональд Трамп — досыць ненадзейны чалавек. І мы не ведаем, як ён сябе будзе паводзіць у экстрэмальных умовах. Напрыклад, калі мы ўявім сабе расійскую агрэсію супраць, умоўна кажучы, Літвы ці Польшчы. Ці ў гэтым выпадку будзе нейкая дапамога з боку Злучаных Штатаў? 

— Аўстрыя, краіна з цікавымі сувязямі з Расіяй, шматлікімі шпіёнскімі скандаламі, працяглым статусам нейтралітэту, заявіла, што варта падумаць пар дыскусію наконт бяспекі і магчымы далучэнні да НАТА. Наколькі такі патэнцыйны супярэчлівы чалец узмоцніць Альянс?

— У эпоху «халоднай вайны» ў Аўстрыі была вельмі спецыфічная роля. Пасля Другой сусветнай вайны аўстрыйскія тэрыторыі аб'ядналіся, Савецкі Саюз і заходнія краіны былі не супраць, але былі адпаведныя ўмовы, так званы «аўстрыйскі варыянт». То бок Аўстрыя застанецца нейтральнай краінай, не будзе ўдзельнічаць у працэсах еўрапейскай інтэграцыі. І Аўстрыя сапраўды далучылася да ЕС ужо пасля краху камуністычнай сістэмы, а членам НАТА яна па-ранейшаму не з'яўляецца. Нават у часы «халоднай вайны» ў Аўстрыі былі досыць актыўныя стасункі з СССР, а пасля 1991-га года гэта працягнулася з Расійскай Федэрацыяй. Аўстрыйскі бізнес быў да 2022 года досыць актыўны і ў Расіі, і ў Беларусі, і часткова застаецца там. Гэта ўсё сведчыць пра асаблівы аўстрыйскі шлях.

Стаўленне да нейтралітэту ў Аўстрыі сапраўды рознае. І гэта будзе вялікая, калі яна пачнецца, дыскусія. І будзе працяглай, калі нічога фарс-мажорнага, канешне, не здарыцца. Але, калі будзе агрэсія Расіі супраць, умоўна кажучы, Літвы альбо Эстоніі, то настрой у грамадстве можа вельмі хутка змяніцца. Ёсць палітыкі і публіцысты, якія кажуць, што неабходна далучыцца да НАТА, а ёсць і тыя, якія заклікаюць прытрымлівацца традыцыйнага аўстрыйскага нейтралітэту.

Што тычыцца НАТА, то, канешне, далучэнне Аўстрыі — гэта быў бы добры важны крок. У Аўстрыі важнае стратэгічнае размяшчэнне, звязанае з Балканамі, межамі. Ёсць сучасная армія, інтэграцыя якой у структуры НАТА не з’яўляецца праблемай. Гэта можа адбыцца гэтак жа хутка, як было з Фінляндыяй і Швецыяй. У гэтым сэнсе НАТА было б не супраць, калі б так адбылося. Пасля 2022 года дыскусія на гэтую тэму, якой у Аўстрыі не было працяглы час, атрымала новыя імпульсы. 

Ёсць для Аўстрыі і станоўчыя бакі ў НАТА, ёсць і адмоўныя. Далучэнне да НАТА будзе азначаць, што аўстрыйцы таксама возьмуць на сябе абавязак выдаткоўваць на абарону 5,5% ад ВУП. Гэта, думаю, не тое, што выклікае асаблівае захапленне ў аўстрыйскім грамадстве.

Цяпер там сітуацыя прыкладна такая: з аднаго боку яны цесна супрацоўнічаюць з НАТА і разлічваюць атрымаць дапамогу, але адначасова яны не выдаткоўваюць столькі на абарону, як іншыя краіны НАТА. І для развіцця ўласнай эканомікі гэта пазітыўна, бо выдаткі на ваенныя патрэбы не такія вялікія.

— Якія для вас будуць найбольш паказальныя і ключавыя моманты ў бліжэйшым часе ў тым, як усё развіваецца?

— Пачнём з вучэнняў. Рыторыка будзе зараз жорсткая, правакацыйная. На гэта паказваюць і захады, што прымаюцца ў Беларусі, напрыклад, мяркуюцца змены ў закон пра ваенны стан на той выпадак, калі будзе агрэсія супраць Расіі. Гэта ўсё ідзе ў напрамку нагнятання. Яны імкнуцца паказваць, што калі вы там, на Захадзе, не супакоіцеся, мы гатовы абараняцца. Але «абараняцца» ў іх логіцы азначае зусім іншае. Расія таксама кажа, што ва Украіне яна абараняецца ад Захаду. Але гэта толькі рыторыка.

Галоўнае, якія будуць факты: колькі вайскоўцаў, ці будуць гэтыя вучэнні на мяжы, ці будуць сцягвацца нейкія войскі. На гэта ўсё трэба звяртаць увагу. Калі раптам усё ж такі будзе прынята рашэнне правесці вучэнні ў непасрэднай блізкасці да мяжы, калі з'явіцца інфармацыя, што перакінула куды больш расійскіх вайскоўцаў, гэта будзе вельмі трывожны сігнал.

Што тычыцца Злучаных Штатаў, дык тут ёсць іншая важная для Беларусі кампанента. З чым яна звязана? Я ўпэўнены, што нейкія далейшыя паспяховыя кансультацыі, перамовы – можна называць гэта як заўгодна – паміж Лукашэнкам і амерыканцамі магчымыя толькі ў тым выпадку, калі стасункі паміж Расіяй і Злучанымі Штатамі будуць прынамсі не канфрантацыйныя.

Цяпер Лукашэнка скарыстаўся «акном магчымасцяў», калі стасункі паміж Амерыкай і Расіяй палепшыліся. Так што кансультацыі, якія вядзе Лукашэнка, трэба разглядаць менавіта ў кантэксце расійска-амерыканскіх адносін.

Мы дасягнулі цікавай і важнай кропкі. Калі адносіны пагоршацца, калі Трамп увядзе санкцыі, будзе дадатковая дапамога Украіне ад Злучаных Штатаў, калі ўсё вернецца да канфрантацыі паміж Вашынгтонам і Масквой, то вельмі цяжка ўявіць, што Лукашэнка, галоўны саюзнік Масквы, на такіх умовах зможа прасоўваць свой курс на паляпшэнне стасункаў з амерыканцамі. Мне падаецца, што Лукашэнка хацеў бы яго і далей весці, для яго гэта важны праект, але ці атрымаецца, залежыць ад таго, якімі будуць стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой.

вх