У сераду, 6 жніўня Караль Наўроцкі прынёс прысягу перад Нацыянальным сходам, афіцыйна ўступіўшы на пасаду прэзідэнта Польшчы. Падчас выступу пасля прысягі польскі лідар падзякаваў выбарцам, а таксама палякам, што сабраліся перад будынкам Сейма.
Тэкст прысягі гучыць наступным чынам:
«Уступаючы з волі Народа на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Польшча, урачыста прысягаю, што буду захоўваць вернасць палажэнням Канстытуцыі, нязломна бараніць годнасць Народа, незалежнасць і бяспеку Дзяржавы, а дабро Айчыны і дабрабыт грамадзян будуць для мяне заўсёды найвышэйшым наказам».
– Выбар вольнага народа паставіў мяне сёння перад вамі, насуперак перадвыбарчай прапагандзе, хлусні, насуперак палітычнаму тэатру і насуперак пагардзе, з якой я сутыкаўся на шляху да пасады прэзідэнта Польшчы, – сказаў Наўроцкі. – Як хрысціянін, са спакоем і з глыбіні сэрца прабачаю ўсю гэтую пагарду і тое, што адбывалася падчас выбараў, – падкрэсліў польскі лідар, адзначыўшы, што «як нацыянальная супольнасць мы маем вялікі скарб — прывязанасць да хрысціянскіх каштоўнасцяў і тоеснасці». – Гэта не павінна змяняцца, а ў хрысціянскіх каштоўнасцях любоў і міласэрнасць да іншага чалавека — адзін з асноўных элементаў, – дадаў ён.
Змены палітыкі Прэзідэнцкага палаца ў адносінах да Украіны і ўзмацненне спрэчкі з урадам — гэтага, на думку палітолага Лукаша Стаха з Ягелонскага ўніверсітэту, варта чакаць на пачатку прэзідэнцтва Караля Наўроцкага. Паводле палітолага, змена прэзідэнта азначае таксама іншы падыход да падтрымкі Украіны і адносін з некаторымі суседзямі:
– Караль Наўроцкі як гісторык, але і як палітык будзе ў досыць істотнай ступені кіравацца гістарычнымі пытаннямі. Гэта выразна бачна, калі гаворка ідзе пра адносіны з Украінай, але таксама і з Германіяй. У яго выказваннях, у яго допісах у сацыяльных сетках гэты матыў прысутнічае. І тут можна будзе чакаць пэўнай транзакцыйнай палітыкі, прынамсі ў дачыненні да Украіны.
У пытанні ўнутранай палітыкі сацыёлаг, прафесар Анджэй Рыхард, адзначыў, што гэта будзе вельмі складанае супрацоўніцтва паміж урадам і Прэзідэнцкім палацам — калі гэты працэс наогул можна будзе назваць супрацоўніцтвам:
—Нават пакідаючы ў баку пытанні асабістага шляху пана Наўроцкага, застаецца праблема, звязаная з самой прысягай. Я не быў сярод тых, хто лічыў, што трэба пералічваць галасы, быццам вынік можа змяніцца. Не — я веру аналізам, якія паказвалі: нават калі ўсё пералічыць, пераможца будзе той жа. Але гэта адна справа. Другая — што з гэтым далей рабіць. Мы ведаем, што ён выйграў, але не ведаем, з якой перавагай. І так быць не павінна.
Таму тыя, хто сумняваецца ў дакладнасці выніку, — гэта не змоўшчыкі, а заклапочаныя грамадзяне. У гэтым сэнсе на самой прысязе ўжо застаецца пэўны знак пытання, што не дадае легітымнасці на пачатку ўрадавання. Гэта кепска. Аналітыкі зрабілі свае высновы — змена пераможцы неверагодная. Астатняе было ў руках палітыкаў, спадзяюся разумееце, каго маю на ўвазе. Таму, думаю, супрацоўніцтва з урадам будзе вельмі складаным.
Палітолаг Лукаш Стах перакананы, што «ўжо ў першыя тыдні можна чакаць моцнага канфлікту прэзідэнта з урадам»:
– Караль Наўроцкі без сумневу будзе больш цвёрдым палітыкам, больш схільным да канфрантацыі. І таму Дональд Туск павінен лічыцца з новым гаспадаром Прэзідэнцкага палаца. І пытанне таксама, якой будзе палітыка ўрада. Ці будзе спроба дасягнення нейкага супрацоўніцтва? У чым я асабіста сумняваюся. Ці мы будзем хутчэй назіраць імкненне да канфлікту? Пытанне толькі, у каго якія карты ў рукаве.
«Новы прэзідэнт можа пачаць будаваць шырокі апазіцыйны фронт, аб’ядноўваючы «Права і Справядлівасць» і «Канфедэрацыю», – дадае Стах:
– І, вядома, пытанне ў тым, якой будзе яго палітыка. Ці будзе ён выконваць стратэгію Яраслава Качыньскага? Ці паспрабуе дамагчыся пэўнай незалежнасці? Ці паспрабуе будаваць уласную базу падтрымкі? Напрыклад, таксама з улікам «Канфедэрацыі». Гэта таксама адкрытае пытанне. Ці не стане Караль Наўроцкі патронам усяго правага боку палітычнай сцэны — г.зн. «ПіС» і «Канфедэрацыі»?
Паводле палітолага, першай сур’ёзнай спробай супрацьстаяння паміж Прэзідэнцкім палацам і ўрадам Польшчы стане праект бюджэту на наступны год.
Цікава пра перспектывы супрацоўніцтва прэзідэнта і ўрада выказаўся ў выданні Rzeczpospolita былы прэм’ер і былы старшыня Польскай народнай партыі, цяпер сенатар Вальдэмар Паўляк. На яго думку, падставы для аптымізму слабыя, бо прэзідэнт набірае ў сваю каманду людзей, схільных да хуткай і жорсткай канфрантацыі. Паўляк называе канкрэтныя імёны — Славаміра Цэнкевіча і Збігнева Багуцкага, і сцвярджае, што яны не вызначаліся канструктыўным падыходам, а хутчэй ваяўнічасцю і агрэсіяй. Сацыёлаг прафесар Анджэй Рыхард часткова з гэтым згодны:
– Шмат хто з гэтых людзей сапраўды не адрозніваецца кансэнсусным падыходам да палітычнага жыцця, мякка кажучы. І ў гэтым сэнсе я згодны з Паўлякам. Аднак, ведаеце, тая вялікая няпэўнасць, якая суправаджае інаўгурацыю і наогул пытанні пра жыццярыс самаго прэзідэна — могуць быць крыніцай аптымізму.
Мы багата чаго не ведаем пра Караля Наўроцкага. Магчыма, знешнія абставіны, кантэкст, у якім знаходзіцца Польшча, прымусяць яго да нейкай формы супрацоўніцтва. Дарэчы, ён пакінуў маленькае акно магчымасцяў для гэтага ў адным са сваіх выказванняў. Магчыма, гэта наіўна, але я думаю, што так, як Наўроцкі будзе вучыцца быць прэзідэнтам, так і мы будзем вучыцца жыць пры ім. Магчыма, не ўсе адказы будуць радыкальна негатыўнымі.
iar/эж