Ці пачаліся там працэсы абмежавання расійскай прысутнасці, - пра гэта мы пагаворым у студыі Польскага радыё на рускай мове з польскімі экспертамі Кацпэрам Ваньчыкам з Акадэмічнага цэнтра даследаванняў бяспекі ў Варшаве і палітолагам Конрадам Заштаўтам з Варшаўскага ўніверсітэту.
Расійская агрэсія супраць Украіны павінна была прадэманстраваць сілу Крамля і аднавіць ягоны ўплыў на постсавецкай прасторы. Цяпер, праз 4 гады пасля пачатку вайны, можна сказаць, што гэтага не адбылося. У Арменіі ўлады арыштавалі алігарха і святароў, звязаных з Расіяй. У Азербайджане закрыта расійскае прапагандысцкае выданне «Спутник», а ў Кыргызстане ўнесеныя папраўкі ў закон, якія дазваляюць забараніць дзейнасць Рускай праваслаўнай царквы. Узбекістан крытыкуе Расію за антымігранцкую істэрыку. Гэта толькі апошнія прыклады больш жорсткіх і рашучых крокаў урадаў постсавецкіх краін па абмежаванні расійскага ўплыву. Раней такое было немагчыма. Гэта не адзінкавыя змены, а трэнд, перакананы Конрад Заштаўт.
— Трэба згадаць карані таго, што цяпер адбываецца. Калі паглядзім на 2013 год, гэта быў пік праекту рэінтэграцыі постсавецкай прасторы з боку Расійскай Федэрацыі праз прасоўванне ідэі, каб стварыць Еўразійскі Звяз на падабенства Еўрасаюза, каб эканоміка ўсіх гэтых краін працавала па прыкладзе ЕС. Гэта не атрымалася, бо ва ўсіх постсавецкіх краінах эканамічная палітыка такая, каб закрываць межы, думаць аб сваім экспарце, а не інтэгравацца. Потым вельмі хутка ў Маскве з'явілася новая ідэя, каб зноў інтэграваць гэтую прастору, але ўжо на ваенным і палітычным узроўні. Гэта пачалося з 2014 года з анексіі Крыма, і пераходам да ўсё больш агрэсіўнай палітыкі Масквы ў адносінах да іншых краін былога Савецкага Саюза. Калі казаць пра Цэнтральную Азію і пра Паўднёвы Каўказ, у іх былі вельмі добрыя адносіны з Масквой, а пра канфлікты на ўзроўні эканомікі яны не хацелі гучна пра гэта казаць. Былі, вядома, іншыя праблемы, хаця б адносіны да імігрантаў з краін Цэнтральнай Азіі ў Расіі, расізм у адносінах да гэтых людзей. З 2014 года эканоміка Расіі сутыкнулася з цяжкасцямі з-за санкцый, ізаляцыі, у выніку Расія перастала быць цікавым месцам для людзей з Цэнтральнай Азіі. Цяпер многія грамадзяне гэтых краін: з Узбекістана, Кыргызстана, - аддаюць перавагу іншым дзяржавам, едуць у Турцыю, у Казахстан ці нават у Польшчу.
Гэта момант у гісторыі, калі Расія пачала губляць свае ўплывы, дадае Кацпэр Ваньчык.
— Мы ўвесь час яшчэ гаворым пра савецкую прастору, хаця ўжо прайшло 24 гады з распаду Савецкага Саюзу, так што трэба таксама ментальна неяк пачаць разумець, што гэтыя краіны незалежныя ды шукаюць уласны падыход да міжнародных стасункаў і да стасункаў з Масквой. Расіі не ўдалося ўтрымаць гэтыя краіны, акрамя Беларусі, не ўдалося іх захаваць інстытуцыйна, фармальна і нефармальна ў сваёй сферы ўплываў на 100%. Я б падзяліў гэты рэгіён на тры розныя часткі. Першая - Каўказ, у якім паволі свой уплыў пабудавала Турцыя. Потым Сярэдняя Азія, дзе ўсё мацней і мацней прысутнічае Кітай. Трэцяя - Усходняя Еўропа, гэта значыць Беларусь, Малдова, Украіна, якія дрэйфуюць у бок ЕС.
У чым прычыны змены стаўлення да Расіі на постсавецкай прасторы? Чаму краіны былога СССР выбіраюць аддаляцца ад Расіі, чым быць з ёю? Імперскасць і шавінізм расійскіх эліт, перакананы Конрад Заштаўт.
— Я б параўнаў з Савецкім Саюзам. Усе ведаем, што ў Савецкім Саюзе была ідэя камунізму і таксама інтэрнацыяналізму. У той дактрыне не было наўпрост сказана, што руская нацыя - галоўная нацыя на гэтай прасторы. А што мы бачым зараз з боку Расійскай Федэрацыі? Рэалізуецца спроба пабудаваць нейкую іерархію, дзе Масква вышэй за ўсіх. Іншыя народы кепска ставяцца да постімперскага сіндрому з боку Расіі. Канешне, гэта ўспрымаецца вельмі дрэнна ва ўсіх гэтых краінах, нават уключаючы такія маленькія краіны, як Кыргызстан ці Таджыкістан. Улады гэтых краін моцна пратэстуюць на розныя непрыхільныя жэсты з боку Крамля. Больш за тое, культурны ўплыў Расіі, ён усё слабейшы цяпер. Мы назіраем у многіх рэгіёнах Цэнтральнай Азіі, што новае пакаленне ўжо ўвогуле не гаворыць па-руску. Гэта поўная катастрофа расійскага soft-power.
Доўгія гады Крэмль спрабаваў пераламаць сітуацыю праз дзейнасць такіх арганізацый, як Россотрудничество. Аднак, у рэшце рэшт, перамог негатыўны падыход, зазначае Кацпэр Ваньчык.
— Россотрудничество ды іншыя падобныя ініцыятывы, хаця яны імкнуцца разумець цяперашнія інструменты ўплыву культурнага, але ментальна яны ўсё роўна яшчэ ў Савецкім Саюзе. То бок, трэба пабудаваць школы, надрукаваць Пушкіна і ўсё будзе добра. Гэта ўжо не працуе. У людзей ёсць доступ да Інтэрнэту, доступ да магчымасцей вывучаць іншыя мовы і разумець таксама іншыя культуры, а таксама будаваць уласную культуру. Добры прыклад тут гісторыя перакладаў Гары Потэра, якія выйшлі ва Ўкраіне, у Літве, і нават у Беларусі. У Расіі цяпер застаўся толькі адзін інструмент уплыву. Мы гэта бачым ва Украіне, у Малдове, таксама ў Грузіі, - гэта быць негатыўнай сілай. На гэтай прасторы яшчэ імкнуцца ў першую чаргу ўплываць так, каб сітуацыю ўскладніць.
То бок Расія - гэта Валдэморт Усходняй Еўропы?
- Так, калі скарыстацца далей метафарай з Гары Потэра. Але адзінае, што гэта можа зрабіць, - толькі часова прыпыніць нацыятворчыя працэсы, пра якія мы гаворым. Ані Еўразійская інтэграцыя, ані «Рускі мір» не сталі нечым новым, што магло перавярнуць сітуацыю ў рэчышча карыснае для Масквы. Яны пакуль што не знайшлі нейкай ідэі, якая магла б гэта дапамагчы зрабіць. Апроч таго, на дадзены момант, сёння папросту ў іх няма рэсурсаў. Вайна каштуе ўсё больш грошай.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч