Беларуская Служба

Афганістан паказвае старую ісціну, што крызіс заўсёды найбольш балюча б’е па жанчынах

03.09.2025 15:45
Пасля землятрусу афганкі трапілі ў архіскладаную сітуацыю. 
     ,     ,       .
Афганскія ўцекачы вяртаюцца з суседняга Пакістана, чакаючы ў лагеры для бежанцаў, перш чым адправіцца ў свае родныя мясціны.Фота: EPA/QUDRATULLAH RAZWAN

Gazeta Wyborcza на першай паласе друкуе здымкі разбуранага будынку ў Афганістане. Там надоечы здарыўся трагічны землятрус. Тысячы жыхароў краіны загінулі або атрымалі раненні. Дзяржавай кіруюць крайнія ісламісты – талібы, якія звярнуліся да міжнародных арганізацый і ўладаў іншых краін з просьбаю аказаць ім дапамогу.

Гэта нялёгкая задача – міжнародныя структуры павінны дапамагаць такім чынам, каб аказаць рэальную падтрымку ахвярам, але пры нагодзе не падтрымліваць рэжыму, які парушае правы чалавека. Каментатар выдання Наталля Валёх (Natalia Waloch) піша, што афганскія жанчыны амаль цалкам адрэзаныя ад кантактаў з вонкавым светам. Улады забаранілі ім практычна выходзіць з дому – яны не могуць працаваць, вучыцца, у некаторых месцах нават не маюць медычнай апекі.

Пасля землятрусу афганкі трапілі ў архіскладаную сітуацыю. Яны баяцца звяртацца па дапамогу, не могуць нават выйсці самастойна з хаты, паколькі ўсюды іх павінен суправаджаць мужчына. У нармальнай краіне яны б маглі звярнуцца да няўрадавых арганізацый, у якіх працуюць жанчыны, але не тут. У той жа час, калі талібы просяць свет аказаць ім дапамогу, іх паліцыя вышуквае на вуліцах афганскіх гарадоў патаемныя салоны прыгажосці.   

Афганістан паказвае старую ісціну, што крызіс заўсёды найбольш балюча б’е па жанчынах. Таму так важна, каб у спакойныя часы яны не дазвалялі пазбаўляць сябе правоў.

нг