Атака расійскіх дронаў па Польшчы, ажыццёўленая 10 верасня з боку тэрыторыі Беларусі, працягвае хваляваць палякаў. Абмеркаваць яе Беларуская служба Польскага радыё запрасіла Роберта Пшчэля, былога польскага дыпламата, які працаваў у структурах НАТА, а цяпер — галоўным спецыялістам у групе па бяспецы і абароне варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
Роберт Пшчэль, адказваючы на пытанне, хто ажыццявіў атаку на Польшчу, супастаўляе ролі Расіі і Беларусі ў гэтай справе.
— У Польшчы, Украіне, краінах НАТА, ЕС і суседніх дзяржавах няма сумненняў: гэта была спланаваная атака Расіі. Такія рэчы не здараюцца выпадкова — гэта не проста два дроны, што згубіліся ў паветры. Крэмль традыцыйна заяўляе: «Мы нічога не ведаем, нічога не робім, мы ні пры чым». Тое самае і з беларускім рэжымам — ён робіць выгляд, нібыта не кантралюе сітуацыю. Але ніхто сур’ёзна не ўспрымае гэтыя заявы. Беларусь даўно стала часткай гібрыднай вайны, якую вядзе Расія. Гэта відаць ва ўсім — ад міграцыйнага крызісу да арыштаў польскіх грамадзян па надуманых абвінавачваннях. Мы не можам глядзець на беларускі рэжым інакш, як на памагатага расійскай агрэсіі. У беларускіх турмах знаходзяцца польскія грамадзяне — без усялякіх падстаў. З высокай доляй упэўненасці можна сказаць, што дроны былі запушаны з тэрыторыі, падкантрольнай Расіі. Гэта былі не нейкія «філіпінскія» ці «японскія» дроны. Усе цудоўна ведаюць, хто іх вырабіў і запусціў.
Роберт Пшчэль. Фота: Viktar Korbut
Роберт Пшчэль адзначае тую ролю, якую іграе членства Польшчы ў НАТА ў кантэксце забяспячэння бяспекі краіны на ўсходняй граніцы — з Расіяй і Беларуссю.
— Дзякуючы таму, што з 1999 года Польшча з’яўляецца членам НАТА, яе паветраная прастора — частка агульнай абароннай сістэмы. Ёсць адзіныя вайсковыя структуры, працэдуры, каардынацыя. Сёння Польшча значна лепш падрыхтавана да такіх выклікаў, што адбыўся 10 верасня, чым раней. Была праверана работа сістэм, рэакцыя адказных за бяспеку структур — і гэта спрацавала на высокім узроўні. Але, безумоўна, трэба рыхтавацца да новых правакацый.
У кантэксце ваенных вучэнняў Расіі і Беларусі на тэрыторыі Беларусі «Захад–2025» узнікае пытанне: ці ўяўляюць яны пагрозу для Польшчы?
— Расійская армія цяпер моцна занята вайной супраць Украіны, але гэта не значыць, што не будзе спроб гібрыдных атак. Вайна ідзе ў розных вымярэннях, і яна будзе працягвацца. У гэтым ніхто не сумняваецца — ні ў Польшчы, ні ў іншых краінах рэгіёна.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё