Афіцыйны Мінск назваў гэта актам гуманізму. Эксперты ж кажуць, што насамрэч рэжым гандлюцца з Амерыкай за адмену санкцый, выкарыстоўваючы жыцці апанентаў Лукашэнкі. Беларускія дэмакратычныя сілы спадзяюцца, што працэс вызвалення працягнецца. У сваю чаргу эксперты папярэджваюць, што хутка ўсіх не вызваляць.
З серады ў Мінску ішлі перамовы прадстаўніка ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Па выніках візіту дыктатар «па просьбе прэзідэнта ЗША і кіраўнікоў іншых дзяржаў» памілаваў 52 асуджаных па палітычных артыкулах. Амерыканскі бок прыпыніў санкцыі ў дачыненні да авіякампаніі «Белавія» ды паабяцаў аднавіць працу амбасады ў Беларусі.
Лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская падзякавала Дональду Трампу за вызваленне людзей з лукашэнкаўскіх турмаў.
— Вызваленне — гэта вынік супольных намаганняў. Я шчыра дзякую Прэзідэнту Дональду Трампу і яго камандзе за іх ролю ў вызваленні палітвязняў. Я ўдзячна Еўрапейскаму Саюзу за прынцыповасць і паслядоўнасць. А таксама ўсім беларусам і замежным сябрам, якія гэтыя гады не давалі свету забыць пра нашых зняволеных і трымалі тэму палітвязняў высока на парадку дня.
Актыўнасць ЗША ў беларускім пытанні не для ўсіх зразумелая. З пачатку свайго кіравання адміністрацыя Дональда Трампа не надавала вялікай увагі пытанням дэмакратызацыі, правоў чалавека. Наадварот былі спробы зачыняць вядомыя СМІ як Радыё Свабода, якія былі сімваламі свабоды інфармацыі для пакаленняў савецкіх грамадзян і постсавецкіх дэмакратычных актывістаў, зварочвала праграмы падтрымкі прадэмакратычных сіл ва ўсім свеце. Некаторыя, як былы міністр абароны Польшчы і былы еўрадэпутат Януш Анышкевіч, нават казалі, што Амерыка адыходзіць ад каштоўнасцяў у сваёй палітыцы, робячы стаўку на гандаль ды інтарэсы.
— ЗША, якія лічыліся своеасаблівым лідарам свабоднага і дэмакратычнага свету, нейкім маяком у цемры, кропкай адліку, і цяпер ЗША становяцца такой краінай, як, на жаль, велізарная колькасць розных іншых краін, якія вельмі вузка глядзяць на свае інтарэсы і якія, па сутнасці, не асабліва клапоцяцца пра тое, што адбываецца ў іншых краінах. Яны не пераймаюцца тым, што дэмакратыя не развіваецца, і шырыцца колькасць аўтарытарных рэжымаў. Вялізарная шкода ў гэтым. Нам усім патрэбна Амерыка такая, якой яна была.
Аднак у выпадку з Беларуссю амерыканцы засяродзіліся менавіта на вызваленні палітычных вязняў. З чым гэта звязана? Амерыка хоча па сапраўднаму паўплываць на сітуацыю ў рэгіёне, зазначае аналітык варшаўскага Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Каміль Клысінскі.
— Мы бачым амбіцыі Дональда Трампа і яго адміністрацыі нешта змяніць у рэгіёне, напрыклад, усталяваць мір ва Украіне. Звароты да Лукашэнкі, пасланнікі ў Мінску, таксама могуць быць часткай гэтых мірных намаганняў. У чыста чалавечым сэнсе, амерыканцы ганарацца вызваленнем людзей, што мае сваё значэнне, асабліва для блізкіх, для сем'яў, для саміх вызваленых. Аднак я адхіляю любыя здагадкі СМІ, што гэта дазволіць адцягнуць Лукашэнку ад Расіі. Гэта абсалютна выключана, бо азначала б поўную рэвалюцыю ў беларуска-расійскіх адносінах, чаго не адбываецца. Беларусь усё яшчэ залежыць ад Расіі. Гэта таксама азначала б, што Лукашэнка гатовы да рэальнага дыялогу і нейкай лібералізацыі ў Беларусі, чаго я абсалютна не бачу.
Нават вызваленне палітвязняў не прайшло без парушэнняў з боку рэжыму Лукашэнкі. Вызваленых фактычна дэпартавалі з краіны ў парушэнне Канстытуцыі, адбіраючы пашпарты. Такая практыка рэжыму Лукашэнкі наўпрост супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне правоў чалавека. Так вядуць сябе тэрарысты, тлумачыць Каміль Клысінскі.
— Гэта тэрарыстычны і таталітарны рэжым. Нездарма Дональд Трамп — хачу падкрэсліць дакладнасць яго фармулёўкі — гаворыць пра закладнікаў. І нават падчас сустрэчы Коўла з Лукашэнкам, дзе прысутнічаў Валянцін Рыбакоў, шэры кардынал беларускай дыпламатыі, нават Лукашэнку давялося казаць пра закладнікаў. Адзінае, не ведаю, наколькі Лукашэнка разумее, што гэта нічога станоўчага пра яго не кажа, бо ён паводзіць сябе як тэрарыст, які проста гандлюе закладнікамі. На жаль, мы бачым цынічнае стаўленне Лукашэнкі да людзей, няма тут ніякай дабрыні. Я проста бачу эксплуатацыю чалавечых лёсаў, чалавечых трагедый, каб хаця б часткова легітымізаваць рэжым. Лукашэнка зацікаўлены, каб прарваць ізаляцыю.
Лукашэнку ідзецца пра тое, каб узамен за вызваленне закладнікаў атрымаць адмену санкцый, і большую аўтаномію ад Крамля, дадае палітолаг Аляксандр Лагвінец.
— Ніякага гуманізму ў паводзінах рэжыму няма. Гэта вельмі цынічны разлік, які робіцца з усведамленнем сітуацыі, у якой апынуўся рэжым. Наўзамен вызвалення палітвязняў рэжым хоча атрымаць залагоджванне ці скасаванне санкцый. Лукашэнка шукае магчымасцяў аўтаномнага поля дзеяння, не зусім залежнага ад Пуціна. Любы кантакт з трэцімі краінамі выгадны Лукашэнку.
Прымусовая ж дэпартацыя вызваленых – гэта страх Лукашэнкі, які разумее, што не мае падтрымкі ўнутры краіны, таму імкнецца выдаліць сваіх апанентаў, зазначае эксперт.
— Мы бачым, што рэжым выштурхоўвае людзей за межы, каб не мець апанентаў унутры краіны, бо разумее, што ёсць крытычная маса людзей, якія настроеныя супраць рэжыму. Рэпрэсіі працягваюцца, усё новых і новых людзей засуджваюць і кідаюць за краты.
Апошняе вызваленне актуалізавала пытанне, калі выйдуць усе палітвязні? Як вядома, мінімум 1300 чалавек маюць статут палітвязняў у Беларусі, а некаторыя кажуць, што пацярпелых ад рэпрэсій нашмат больш. Ці можа адбыцца паўтарэнне 2014-га года, калі рэжым вызваліў усіх палітвязняў, напалохаўшыся расійскай анексіі Крыму? Малаверагодна, - перакананы Каміль Клысінскі.
— Я вельмі скептычна да гэтага стаўлюся. Тады сітуацыя Лукашэнкі была іншай. У яго не было такой дрэннай гісторыі: жорсткіх рэпрэсій, катаванняў людзей у 2020 годзе, потым захопу самалёта, міграцыйнага крызісу, які працягваецца і дагэтуль, і саўдзелу ў вайне. Ён, вядома, не быў дэмакратам, але і не быў настолькі таксічны. Давер не быў настолькі страчаны, як гэта назіраецца цяпер паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю. Ці ён вызваліць усіх палітычных зняволеных? Сумняваюся. Як я ўжо казаў, ён ставіцца да палітзняволеных як да тавару, а тавары прадаюцца па пэўнай цане. Лукашэнку трэба было б атрымаць вельмі прывабную прапанову ў выглядзе поўнага зняцця санкцый на калійныя ўгнаенні з боку ЗША, а таксама абяцанне, што, напрыклад, будзе даступны порт у Клайпедзе, а гэта ЗША не вырашаюць. Ведаючы Лукашэнку, я цалкам не давяраю яму з-за таго, што адбылося ў апошнія гады, што ён звольніць усіх. Як мы цяпер бачым, за запчасткі для Boeing, што не ёсць вялікай саступкай з боку ЗША, але з'яўляецца канкрэтным жэстам, Лукашэнка звольніў толькі 50 чалавек.
У сваю чаргу, былы кандыдат у прэзідэнты ў Беларусі ды рэктар Вольнага беларускага ўніверсітэту Аляксандр Мілінкевіч перакананы, што пытанні інтарэсаў павінны адысці на другі бок, галоўнае - вызваленне палітвязняў і салідарнасць.
— Мы бачым рэалізацыю інтарэсаў ЗША і Лукашэнкі, але для дэмакратычных сілаў Беларусі непрыстойна абмяркоўваць, што мы прайгралі ці выйгралі. Вызваленне палітвязняў і салідарнасць – гэта святое. Любымі спосабамі трэба дапамагаць людзям выйсці з турмаў і лагераў, дзе яны знаходзяцца ва ўмовах катавання. Калі можам аднаго вызваліць – вялікая справа, калі большасць вызвалім – трэба рабіць усё, каб гэтаму працэсу спрыяць.
У Беларусі адбылося чарговае, пятае з пачатку года вызваленне палітвязняў. У адказ на просьбу амерыканскага прэзідэнта дыктатар Лукашэнка пагадзіўся вызваліў 52 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Мінск гандлюе з Амерыкай за адмену санкцый, выкарыстоўваючы жыцці апанентаў рэжыму.
Юры Ліхтаровіч