Беларуская Служба

Расія імкнецца ўплываць на грамадскія настроі ў Еўропе, пашыраючы антыўкраінскія наратывы

15.09.2025 15:32
Выразна гэта бачна ў Польшчы, дзе першая дронавая атака з боку Расіі суправаджалася хваляй дэзінфармацыі антыўкраінскага характару, якую ініцыявала Масква.
Аўдыё
  • Расіяне нагнятаюць антыўкраінскую істэрыю ва Усходняй Еўропе
         .
Разбураны дах жылога дома ў Польшчы пасля атакі расійскіх беспілотнікаў. Каментары ў сацыяльных сетках з нагоды гэтай падзеіPAP/Wojtek Jargiło/Screenshot z Facebook

Эксперты зазначаюць, што большасць польскага грамадства не жадае паразы Украіне ў вайне. Падобная пазіцыя назіраецца і ў залежнай ад Расіі Беларусі.

У ноч з 9 на 10 верасня, падчас масіраванага нападу Расіі на Украіну, на тэрыторыю Польшчы з Украіны і Беларусі заляцела каля 19 беспілотнікаў. Польскі ўрад звінаваціў Расію ў арганізацыі гэтай атакі, назваўшы яе правакацыяй. Аднак знайшліся сілы ў Польшчы, якія інакш рэагавалі. Так крайне правы палітык Януш Корвін-Мікке заявіў, што атака беспілотнікаў на Польшчу — гэта правакацыя прэм'ер-міністра Туска. «Я насамрэч падазраю, што гэта беспілотнікі, вырабленыя спадарамі Тускам і Сікорскім, якія хочуць распаліць антырасійскую істэрыю». Пасля чаго ён дадаў, што Украіна спрабуе ўцягнуць Польшчу ў вайну.  Дэпутат ад руху «Канфедэрацыі» Конрад Берковіч запытаўся, чаму Украіна не збіла гэтыя беспілотнікі, а партыя Браўна задэкляравала, што «вайна Украіны з Расіяй - гэта не наша вайна».

Таксама ў сацыяльных сетках шмат з'явілася каментарыяў, якія негатыўна ставяцца да Украіны. Збольшага, гэта вельмі падобныя допісы, адпраўленыя  з розных, часта мала актыўных, профіляў: «Адкуль вы ведаеце, што гэта расійскія дроны?» Яны ж з Украіны. Гэта таму, што Польшча больш не хоча дапамагаць». На думку прафесара Беластоцкага ўніверсітэту, які займаецца пытаннямі бяспекі, Даньеля Бацькоўскага – гэта інфармацыйныя атакі Расіі.

— Гэта дэзінфармацыя, якая, несумненна, ідзе з Крамля і прасоўваецца ў нашу інфармацыйную прастору. Як толькі з'явіліся першая паведамленні пра дроны, я ўбачыў, што розныя дзіўныя профілі пачалі запускаць антыўкраінскі. Паколькі мы яшчэ адчуваем наступствы той палітычнай мітусні, якая папярэднічала прэзідэнцкай кампаніі, якая прывяла да таго, што ў Польшчы з'явілася група людзей, якія, скажам так,  скептычна ставяцца да Украіны, гэтыя паведамленні пачалі распаўсюджвацца. Больш за тое, правыя тэлевізійныя станцыі ў нейкі момант пачалі трансляваць гэты наратыў, што прывяло да таго, што іх абсяг стаў шырэйшым.

Расіяне апошнія гады імкнуцца сталы час прасоўваць антыўкраінскія наратывы ў інфармацыйнай прасторы краін Еўропы, для змяншэння падтырмкі для Украіны, зазначае палітолаг Павал Усаў.

— Гэта вынік мэтанакіраванай інфармацыйнай актыўнасці, якая павінна ўзбудзіць у грамадстве краін Захаду, асабліва тых, якія ўвесь час падтрымліваць Кіеў, з мэтай стварыць грамадскую напружанасць і маніпуляваць меркаваннем людзей у дачыненні да Украіны, каб паўплываць на палітычны выбар дадзеных дзяржаў.

Нягледзячы на гэта ў Польшчы застаецца курс на падтрымку Украіны, зазначае Даньель Бацькоўскі.

— На маю думку, цяпер ёсць пэўны дуалізм. З аднаго боку, мы працягваем падтрымліваць Украіну, дзе толькі можам, але з іншага боку, пашыраецца наратыў пра тое, што, скажам так, гэтая дапамога не вечная і патрэбна ўзаемная кампенсацыя. Пры гэтым расійская дэзінфармацыя, якая прасоўвае наратыў, што гэта не наша вайна, што Расія не ўяўляе для нас пагрозы і гэтак далей, цалкам не прыжылася, у гэтым сэнсе расіяне прайгралі.

Таксама расійская прапаганда не змагла прывіць антыўкраінскае стаўленне і ў Беларусі, зазначае палітолаг Павал Усаў.

— У Беларусі настроі збольшага праукраінскія. Гэта адна з прычын, чаму Лукашэнка ўстрымаўся ад таго, каб уцягнуць краіну ў вайну супраць Украіны. Пры гэтым грамадзяне Беларусі бяруць удзел у вайне як з украінскага боку, так і з расійскага. За Расію ваююць некалькі сотняў наёмнікаў, за Украіну змагаецца Полк Каліноўскага, тысячы людзей дапамагалі ўкраінцам ды данацілі ЗСУ. Праукрінская пазіцыя ў Беларусі слаба артыкулюецца з прычыны рэпрэсій ды ціску, за праўкраінскія настроі рэжым Лукашэнкі кідае людзей у турму.

Расія імкнецца ўплываць на грамадскія настроі ў Еўропе, пашыраючы антыўкраінскія наратывы. Пакуль гэта не зусім ўдаецца, большасць грамадства ў суседніх Польшчы ды Беларусі, сімпатызуе змаганню ўкраінцаў.

Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі