Беларуская Служба

Высокая стаўка парламенцкіх выбараў у Малдове. Ідзе пошук патэнцыйнага кааліцыянта

28.09.2025 06:00
Бліжэйшыя дні і тыдні ў Малдове могуць быць выключна нервовымі.
        ()  .
Прыхільнікі прарасійскай апазіцыі пратэстуюць перад Цэнтральнай выбарчай камісіяй (ЦВК) у Кішынёве.Фота: EPA/DUMITRU DORU

У нядзелю ў Малдове адбудуцца парламенцкія выбары. Толькі пераканаўчая перамога кіруючай з 2021 года Партыі «Дзеянне і салідарнасць» (PAS) дазволіць утварыць сістэму ўлады, якая забяспечыць працяг заходняга курсу гэтай дзяржавы, што знаходзіцца паміж Украінай і Румыніяй. У мінулым годзе, нягледзячы на велізарную маштабнасць умяшання Расіі ў выбарчы працэс, фактычная лідарка PAS і прэзідэнтка Марыя Санду была пераабраная. Цяпер жа, хаця ўлады зрабілі шэраг рашучых крокаў і гатовыя да любых сцэнарыяў, сітуацыя можа аказацца больш складанай.

Апошнія перадвыбарчыя апытанні даюць PAS лідарства ў рэйтынгу падтрымкі палітычных партый — ад 30 да 40%. Здавалася б, гэта шмат, але не ў цяперашніх умовах. Асноўная праблема PAS — адсутнасць надзейнага партнёра для кааліцыі. За гады пры ўладзе партыя не дапусціла развіцця іншай палітычнай сілы, якая магла б пераадолець выбарчы парог (5%) і адначасова мець пераканаўчую праеўрапейскую і рэфарматарскую праграму. Прэзідэнцкая партыя яе манапалізавала, самастойна кіравала апошнія чатыры гады, але цяпер ёй можа не хапіць літаральна некалькіх мандатаў да неабходнай большасці ў мінімум 52 дэпутаты са 101 у парламенце.

У такой сітуацыі ў PAS ёсць некалькі варыянтаў, але ніводзін не з’яўляецца ідэальным. Усе партыі і блокі апазіцыі, якія маюць шанец прайсці ў парламент і з якімі тэарэтычна можна было б стварыць кааліцыю, з’яўляюцца ў большай ці меншай ступені прарасійскімі. Цалкам выключаная супраца з Патрыятычным блокам былых прэзідэнтаў — лідара сацыялістаў Ігара Дадона і лідара камуністаў Уладзіміра Вароніна. Яны адкрыта крытыкуюць урад і Марыю Санду, заяўляючы пра неабходнасць дамаўляцца з Расіяй. Падазронай выглядае таксама магчымасць супрацоўніцтва з блокам «Альтэрнатыва», асабліва з улікам таго, што адзін з яго лідараў, Аляксандр Стаянагла, быў генеральным пракурорам, якога PAS зняла з пасады, а год таму ён кінуў выклік Санду на прэзідэнцкіх выбарах. Іншы вядучы прадстаўнік блоку, мэр Кішынёва Іан Чэбан, хаця фармальна праеўрапейскі, але яго мінулае (ён быў, між іншым, сябрам Камуністычнай партыі і дарадцам Дадона) і дзеянні (забарона параду роўнасці ў сталіцы, выказванні наконт НАТА) выклікаюць шмат сумневаў у шчырасці яго дэкларацый. Застаецца яшчэ галоўны скандаліст малдаўскай палітыкі — Рэната Усаты, лідар «Нашай партыі», які балансуе на мяжы выбарчага парога і б’е ў розныя бакі. Калі ён і трапіць у парламент, то не будзе надзейным партнёрам для PAS, не кажучы ўжо пра яго папулізм і да канца не высветленыя расійскія сувязі.

Улічваючы такую беднасць палітычнай сцэны, улады робяць усё, каб абмежаваць колькасць галасоў за апазіцыю і адначасова аптымізуюць свае шанцы. На выбарах год таму перамогу Санду забяспечылі галасы беспрэцэдэнтна мабілізаванай дыяспары ў Еўропе, таму цяпер выбарчых участкаў за мяжой будзе на семдзесят (!) больш — больш за трыста. Але не ўсюды: у Расіі іх колькасць абмежавалі да двух, у сепаратысцкім Прыднястроўі — да дванаццаці, астатнія жа амаль трыста — у заходніх краінах. Аддаць голас за прарасійскія партыі, за якія традыцыйна галасуюць жыхары гэтых рэгіёнаў, будзе складана з-за рамонту большасці мастоў на Днястры.

Гэтыя рашэнні сталі кульмінацыяй прэвентыўных захадаў супраць расійскага ўплыву ў краіне, распачатых пасля мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў. Тады, дзейнічаючы праз інтэрнэт-сетку алігарха Ілана Шора, Расія масава купляла галасы супраць Марыі Санду. Было падлічана, што на гэта Расія выдаткавала каля 40 млн долараў.

Цяпер жа, паводле афіцыйных дадзеных уладаў, Крэмль задзейнічаў амаль у дзесяць разоў большыя рэсурсы. У ліпені ўлады заблакавалі ўдзел у выбарах блоку «Victoriа» («Перамога»), які складаўся з партый, кантраляваных Шорам, а ў жніўні суд асудзіў на сем гадоў зняволення яго паплечніцу Яўгенію Гуцул. Яе прызналі вінаватай у фінансаванні партыі Шора з крамлёўскіх сродкаў. Тым часам, сілавыя органы праводзілі ператрусы і арышты па ўсёй краіне з мэтай разбіць сетку Шора перад выбарамі 28 верасня.

22 верасня Марыя Санду выступіла з тэлевізійным зваротам да нацыі, у якім падкрэсліла стаўку будучых выбараў: захаванне незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама курса на інтэграцыю з ЕС. Яна папярэдзіла, што ў выпадку перамогі прарасійскіх сіл гэтыя каштоўнасці будуць пад пагрозай, а краіна можа быць уцягнутая ў вайну з Украінай. Гэтыя словы сведчаць пра сур’ёзнасць сітуацыі і занепакоенасць вынікам PAS. Пры такім сцэнарыі ўсе варыянты выглядаюць магчымымі: перацягванне асобных дэпутатаў ці груповак з іншых блокаў, фарміраванне ўрада меншасці, блакаду фарміравання апазіцыйнага кабінета, зацягванне працэдур і гульня на датэрміновыя паўторныя выбары ці нават не прызнанне іх вынікаў.

Адно можна сказаць дакладна: бліжэйшыя дні і тыдні ў Малдове могуць быць выключна нервовымі.

Тадэвуш Іваньскі, аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў