Падпісаная ў Вашынгтоне дамова паміж ЗША і Фінляндыяй на пастаўку ледаколаў мае значэнне не толькі для эканамічнага супрацоўніцтва, але і для ўзмацнення бяспекі ў Арктыцы, падкрэсліў міністр абароны Фінляндыі Анці Хаканэн. Паводле палітыка, амерыканская Берагавая ахова, якая заказвае караблі, падпарадкоўваецца Пентагону, таму пагадненне адкрывае шлях да больш шчыльнай ваенна-палітычнай кааперацыі паміж дзвюма краінамі.
«Бяспека Арктыкі цяпер — адзін з галоўных прыярытэтаў ЗША. І тое, што мы можам падтрымаць іх нашымі тэхналогіямі, мае для Амерыкі вялікае значэнне», — адзначыў Хаканэн у інтэрв’ю выданню Ilta-Sanomat.
Прэзідэнт Фінляндыя Аляксандр Стуб і прэм’ер Петэры Орпа, якія прысутнічалі на сустрэчы ў Белым доме з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, пацвердзілі, што Вашынгтон замовіў 11 ледаколаў. Паводле СМІ, чатыры караблі будуць пабудаваныя ў Фінляндыі, а сем — у ЗША з выкарыстаннем фінскага ноу-хау. Агулам кошт кантракта ацэньваецца ў 5–6 млрд долараў.
Аляксандр Стуб назваў гэтае рашэнне «стратэгічным крокам ЗША» і адзначыў, што Вашынгтон звычайна не ідзе на такія буйныя здзелкі. Перамовы паміж бакамі вяліся некалькі гадоў, і, паводле фінскіх медыя, Трамп яшчэ ў 2019 годзе вырашыў супрацоўнічаць з Хельсінкі ў гэтай сферы.
Асноўная прычына амерыканскай зацікаўленасці — стратэгічны разрыў з Расіяй: Масква валодае дзесяткамі ледаколаў, у той час як ЗША не маюць ніводнага. Фінляндыя ж з’яўляецца сусветным лідарам у гэтай галіне: 80 % ледаколаў у свеце распрацаваныя, а 60 % пабудаваныя фінскімі спецыялістамі.
эж