Праз некалькі месяцаў пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ажно 90% украінцаў давяралі свайму прэзідэнту, і толькі 7% жыхароў краіны не давяралі Уладзіміру Зяленскаму. Пасля больш чым трох гадоў вайны ўкраінскі лідар карыстаецца ўжо крыху меншым, але ўсё яшчэ высокім даверам суайчыннікаў. З новых даследаванняў Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі (КМІС) вынікае, што на мяжы верасня і кастрычніка Зяленскаму давяралі 60% украінцаў, а 35% рэспандэнтаў дэкларавалі адсутнасць даверу, піша Rzeczpospolita.
Аднак гэта зусім не азначае падтрымкі далейшай кар'еры Зяленскага на пасадзе прэзідэнта пасля заканчэння вайны з Расіяй.
Хто будзе прэзідэнтам Украіны пасля вайны? Вынікі апытанне
З апытання КМІС вынікае, што толькі 25% украінцаў бачаць Уладзіміра Зяленскага ў прэзідэнцкім крэсле ў пасляваеннай будучыні. У сваю чаргу 16% апытаных дапускаюць, што ён можа застацца ў палітыцы. Разам з тым, 36% украінцаў мяркуюць, што Зяленскі павінен сысці з палітыкі пасля вайны, а 14% нават сцвярджаюць, што яго трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.
Аднак большыя праблемы ў гэтым плане мае галоўны цяперашні палітычны апанент Зяленскага — былы прэзідэнт Пятро Парашэнка. Ажно 23% украінцаў хочуць аддаць яго пад суд, а 46% апытаных мяркуюць, што ён увогуле павінен развітацца з палітыкай пасля вайны. У прэзідэнцкім офісе на Банкавай яго бачаць толькі 9% суайчыннікаў, 14% выказваюцца за тое, каб ён застаўся ў палітыцы (напрыклад, узначальваў апазіцыйную партыю).
У агні вайны загартоўваецца новае пакаленне ўкраінскіх лідараў
– Падчас поўнамаштабнай вайны многія салдаты, валанцёры, грамадскія дзеячы, чыноўнікі цэнтральнага і мясцовага ўзроўняў заявілі пра сябе як пра сапраўдных лідараў і эфектыўных крызісных менеджараў. У агні вайны загартоўваецца новае пакаленне ўкраінскіх лідараў, а звычайныя грамадзяне ведаюць пра гэта і гатовыя даць ім шанец, каб яны маглі праявіць сябе ў палітыцы пасля заканчэння вайны, – каментуе вынікі даследаванняў Антон Грушэцкі з КМІС. – Таму мы бачым, што ў выпадку Зяленскага (як прадстаўніка цяперашняй улады), так і ў выпадку Парашэнкі (як прадстаўніка апазіцыі), шмат хто з украінцаў хацеў бы, каб яны саступілі месца новым лідарам.
– Зяленскі з'яўляецца прэзідэнтам, а значыць, на яго ўскладаецца адказнасць за ўсе праблемы краіны. Адны не задаволеныя ростам цэн, іншым не падабаецца спосаб, якім праводзіцца мабілізацыя. Спектр прэтэнзій шырокі – ад сацыяльна-эканамічных праблем да пытанняў, звязаных з вайной. Але, як паказваюць апытанні, прэзідэнта найбольш крытыкуюць з прычыны карупцыі. Гэта гаворыцца пра тое, што не хапае прагрэсу ў барацьбе з карупцыяй, – кажа Уладзімір Фясенка, вядомы кіеўскі палітолаг.
З леташняга дакладу Transparency International вынікала, што сітуацыя ва Украіне ў плане карупцыі горшая, чым у Марока, але крыху лепшая, чым у Алжыры.
– Гісторыя робіць кола, бо напрыканцы свайго кіравання Парашэнка таксама быў абцяжараны ўсімі праблемамі ва Украіне. Дадаткова абцяжарвала яго тое, што, будучы прэзідэнтам, ён быў адначасова бізнесменам. Зяленскі такой праблемы не мае, – дадае Фясенка.
Залужны як патэнцыйны канкурэнт
Сярод патэнцыйных канкурэнтаў Уладзіміра Зяленскага нязменна знаходзіцца генерал Валерый Залужны. Нягледзячы на тое, што былы камандуючы арміяй ніколі не анансаваў удзел у якіх-небудзь выбарах і не займаўся палітыкай, спекуляцыі на яго тэму цыркулююць з таго часу, як ён стаў амбасадарам Украіны ў Лондане. Усе дагэтуль праведзеныя апытанні паказвалі, што сярод патэнцыйных канкурэнтаў Зяленскага менавіта ён мае найбольшыя шанцы на перамогу ў будучых прэзідэнцкіх выбарах.
Нядаўнія паведамленні французскага партала Intelligence Online, які спасылаецца на ананімных суразмоўцаў, сведчаць, што генерал нібыта ўжо прапанаваў некалькім высокапастаўленым вайскоўцам увайсці ў спіс яго (яшчэ неіснуючага) аб'яднання на парламенцкіх выбарах – у выпадку вылучэння Залужным уласнай кандыдатуры на пасаду прэзідэнта. Гэтую інфармацыю падхапілі і вядучыя ўкраінскія медыя. Залужны катэгарычна гэта аспрэчыў і запэўніў, што не стварае ніякага выбарчага штаба і не мае сувязяў ні з якой палітычнай сілай.
– Няма дыму без агню. Ёсць асобы, якія круцяцца вакол Залужнага і рыхтуюцца да магчымага ўдзелу генерала ў выбарах. Пакуль што яны вывучаюць тэму, бо ўсе ўсведамляюць, што пакуль трывае вайна, ніякіх выбараў не будзе, – кажа Rzeczpospolita добра інфармаваны суразмоўца ў Кіеве.
У жніўні брытанская The Guardian паведамляла, што кіраўнік прэзідэнцкага офіса Андрэй Ярмак наведваў Лондан і прапаноўваў Залужнаму далучыцца да каманды Зяленскага падчас будучых прэзідэнцкіх выбараў. З паведамленняў вынікала, што генерал нібыта адмовіўся.
– Ёсць ва Украіне людзі, якія хочуць уцягнуць Залужнага ў палітыку. Некаторым важна, каб апазіцыя ва Украіне мела сапраўднага лідара, бо Парашэнка ўжо страціў давер суайчыннікаў. Генерал паводзіць сябе правільна – дыстанцуецца ад унутранай палітыкі і нагадвае ўсім пра трываючую вайну, – кажа палітолаг Уладзімір Фясенка. – Думаю, Залужны таксама ўсведамляе, што заўчасны старт канкурэнцыі не мае аніякага сэнсу.
вх