Беларуская Служба

Два гады ўлады Дональда Туска. Чаго ўдалося дасягнуць, а чаго не?

15.10.2025 13:30
Каментатары звяртаюць таксама ўвагу, на канфлікт паміж урадам і прэзідэнтам які таксама ўскладняе рэалізацыю часткі выбарчых абяцанняў.
Аўдыё
  • Два гады ўлады Дональда Туска
Кіраўнік польскага ўраду Дональд ТускPAP/Adam Warżawa

Два гады таму, 15 кастрычніка 2023 года, адбыліся парламенцкія выбары ў Польшчы. Хоць кіроўныя тады Аб’яднаныя правыя сілы, на чале з найбуйнейшай правай партыяй «Права і справядлівасць», атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, то ім не ўдалося сфарміраваць неабходнай большасці ў Сейме і да ўлады прыйшла апазіцыйная кааліцыя, інакш Кааліцыя «15 кастрычніка». Абяцанні новага ўрада былі буйныя. Чаго ўдалося дасягнуць за два гады кіравання ў краіне, а чаго не?

У выніку парламенцкіх выбараў 2023 года ў Сейм увайшлі: «Права і справядлівасць»(35,38 працэнта), Грамадзянская кааліцыя (30,70 працэнта), «Трэці шлях» (14,40 працэнта), «Новыя левыя» (8,61 працэнта) і Канфедэрацыя «Свабода і незалежнасць» (7,16 працэнта).

Яўка на парламенцкіх выбарах 2023 года склала 74,38 працэнта, што было самым высокім паказчыкам у гісторыі Польшчы пасля дэмакратычных пераўтварэнняў 1989 года.

Хоць партыя «Права і справядлівасць» не атрымала неабходнай большасці ў Сейме, каб самастойна кіраваць краінай, то была першай палітычнай арганізацыяй пасля 1989 года, якая ў трэці раз запар перамагла на парламенцкіх выбарах.

Урад на чале з Дональдам Тускам быў прыведзены да прысягі 13 снежня 2023 года. Падчас прамовы палітык падкрэсліваў значэнне перамогі і даў шмат абяцанняў:

- 15 кастрычніка стала кульмінацыяй грамадзянскага і нацыянальнага адраджэння, якога мы былі ўдзельнікамі, сведкамі, а таксама праціўнікамі. Давайце пра апошніх сёння я казаць не буду, бо нашую будучыню мы хочам заснаваць на марах, надзеях і спадзяваннях, якія аказаліся мацнейшымі за сумневы і абыякавасць, а перш за ўсё, за зло, якое распаўсюдзілася ў польскім грамадскім жыцці ў апошнія гады.

Найбуйнейшая партыя Кааліцыі «15 кастрычніка« – «Грамадзянская кааліцыя», пайшла на выбары са спісам са ста канкрэтных мэтаў на сто дзён працы новага ўрада. Не ўсе з іх былі рэалізаваны. Праз два гады стала зразумелым, што гэты лозунг быў не найлепшай ідэяй, лічыць палітолаг з Варшаўскага ўніверсітэта, доктар філасофіі Бартламей Біскуп(Bartłomiej Biskup):

- Маркетынгавы лозунг стаў палітычным лозунгам, а цяпер і падставай для крытыкі ўрада. Гэта была сур'ёзная памылка, на якую ўвагу пастаянна звяртаюць крытыкі.

«Нешта атрымалася, нешта – у працэсе рэалізацыі, а нешта не было яшчэ дасягнутае», – кажа сенатар ад «Грамадзянскай кааліцыі» Кшыштаф Квяткоўскі (Krzysztof Kwiatkowski). Сярод поспехаў ураду ён пералічае: разблакаванне сродкаў ЕС з Нацыянальнай праграмы аднаўлення, павышэнне заробкаў настаўнікаў і чыноўнікаў, фінансаванне экстракарпаральнага апладнення з бюджэту і падтрымку семʼяў. Сенатар таксама падкрэсліў, што ўрад выдзяляе на абарону найбольшыя сродкі ў гісторыі:

- 200 мільярдаў злотых, то бок каля 5% ВУП. Ніколі ў гісторыі Польшчы мы не прызначалі столькі сродкаў на бяспеку польскіх грамадзян. Цяпер гэта найбольшая адказнасць тых, хто ва ўладзе.

Кшыштаф Квяткоўскі прызнаў, што не ўдалося рэалізаваць абяцання, датычнага павелічэння сумы, якая неабкладаецца падаткам.

У сваю чаргу Лукаш Асмаляк (Łukasz Osmalak) з «Польшчы 2050» кажа, што яго партыя падчас выбарчай кампаніі казала пра рэалізацыю 12 абяцанняў цягам чатырох гадоў. Ён дадаў, што палова з іх была рэалізаваная. Палітык спадзяецца, што да канца тэрміну ўдасца таксама знізіць узносы на медыцынскае страхаванне для прадпрымальнікаў:

- Я лічу, што калі мы дапаможам гэтай галіне эканомікі, то кампаніяў будзе больш і яны канчаткова будуць уносіць больш узносаў на медыцынскае страхаванне і ўмацуюць гэтымі сродкамі ахову здароўя ў Польшчы.

Анна Марыя Жукоўска (Anna Maria Żukowska) з «Левых сілаў» кажа, што большасць абяцанняў ейнай партыі ўдалося рэалізаваць:

- Фінансаванне з бюджэту экстракарпаральнага апладнення, удавіна пенсія, водпуск для бацькоў неданошаных дзяцей, буйны бюджэт на будаўніцтва кватэраў для таннай арэнды. Мы маем яшчэ шмат прапановаў і яшчэ два гады на іх рэалізацыю.

«Гэта кааліцыя, якая сканцэнтравана на сабе», – ацэньвае ў сваю чаргу Яраслаў Сэлін (Jarosław Sellin) з «Права і справядлівасці». Дэпутат сцвярджае, што цяперашні ўрад дэградуе многія дзяржаўныя сферы і, як ён сказаў, адмаўляецца ад многіх інвестыцый, ініцыяваных Абʼяднанымі правымі сіламі:

- Бачым рост беспрацоўя, закрыццё буйных прадпрыемстваў, адсутнасць сродкаў на інвестыцыі, у тым ліку ў мінуцыпалітэтах, скарачэнне бюджэту ў сферы культуры… Паводле мяне ў параўнанні з 8-гадовым перыядам улады «Права і справядлівасці». Урад Дональда Туска вядзе Польшчу ў рэгрэс.

Калі гаворка ідзе пра прыцягненне да адказнасці прадстаўнікоў папярэдняй улады, што абяцаў Дональд Туск, то да гэтай пары абвінавачванні былі прад’яўленыя сямі былых членаў ураду. Былі таксама пададзеныя хадайніцтвы аб пазбаўленні недатыкальнасці 13 членаў парламента ад партыі «Права і справядлівасць» і Еўрапарламента.

Паводле заяваў, да канца года пракуратура мае намер выставіць абвінаваўчы акт былому прэмʼер Матэвушу Маравецкаму ў сувязі з арганізацыяй так званых выбары па пошце ў 2020 годзе.

Эфектамі працы ўрада расчараваныя таксама пары, якія чакаюць прыняцця Закона аб грамадзянскіх саюзах, кажа Пшэмыслаў Валяс (Przemysław Walas) з Кампаніі супраць гамафобіі:

- Па гэтай справе адсутнічае паразуменне паміж партыямі, якія ўтвараюць урад.

На гэтым тыдні Левыя сілы павінны прадставіць шосты па чарзе законапраект датычны грамадзянскіх саюзаў. Існуе таксама праблема з правіламі, якія тычацца пакарання за мову нянавісці.

Спіс абяцанняў урадавай кааліцыі ўключаў таксама лібералізацыю заканадаўства аб абортах, аднаўленне вяршэнства закона і ліквідацыю Касцельнага фонда.

Каментатары звяртаюць таксама ўвагу, на канфлікт паміж урадам і прэзідэнтам які азначае, што рэалізацыя некаторых прапаноў выбарчай кампаніі будзе складаная або нават немагчымая. Нагадваем, цягам двух месяцаў свайго тэрміну паўнамоцтваў Карал Наўроцкі наклаў вета на сем законапраектаў, прадстаўленых урадам.

Кааліцыя «15 кастрычніка» і Прэзідэнцкі палац падзеленыя, сярод іншага, з-за ідэалагічных і падатковых пытанняў. Аднак ідэалагічныя пытанні падзяляюць таксама ўрадавую кааліцыю. Па многіх пытаннях яны гавораць у адзін голас, па некаторых усё ж разыходзяцца ў меркаваннях, канстатуюць аглядальнікі.



Паводле апытання IBRIS для газеты Rzeczpospolita, ажно 65,4% рэспандэнтаў прызнаюць, што Кааліцыя «15 кастрычніка» кіруе краінай горш, чым яны чакалі. 27,7% кажуць, што ў адпаведнасці з іх чаканнямі, а 3,3% рэспандэнтаў лічаць, што ўлада ажыццяўляецца лепш, чым яны чакалі. 3,5% рэспандэнтаў не маюць меркавання.

IAR/аз