Палякі адзначаюць Свята дзяржаўнай незалежнасці 11 лістапада. Гісторык Антоні Дудэк (Antoni Dudek) на старонках выдання Палітыка піша аб падзеях стагадовай даўніны. Калі б хтосьці ўсярэдзіне 20-ых гадоў мінулага стагоддзя спытаў палякаў, калі пачалася Другая Рэч Паспалітая, адказы былі б вельмі розныя, яны ў вялікай ступені залежалі б ад палітычных поглядаў таго, каго пыталі.
Аб тым, што няма адзінства ў плане поглядаў на дзяржаву, думаў і кіраўнік тагачаснай Польшчы Юзэф Пілсудскі. І таму пасля ваеннага дзяржаўнага перавароту, сотую гадавіну якога палякі адзначаць у маі наступнага года, ён хутка пачаў убіваць у галовы палякаў адпаведную дату. Канешне ж, такую, якая яму самому найбольш падыходзіла. З некалькіх магчымых ён выбраў 11 лістапада – дзень перадачы яму Рэгенцкай Радай (Rada Regencyjna) камандавання над арміяй, што супала з поўнай капітуляцыяй Германіі ў першай сусветнай вайне. Па волі маршала, гэтая дата стала пазней важнейшым дзяржаўным святам і свабодным днём.
Тагачасная апазіцыя востра крытыкавала пілсудчыкаў за гэтыя рашэнні. Але ва ўмовах нацыянальнай дыктатуры яна нічога не магла зрабіць. У сваю чаргу, камуністы вельмі хутка ўвялі ўласныя святы пасля Другой сусветнай вайны, важнейшым з якіх стала дата 22 ліпеня. Калі ў дэмакратычнай Польшчы вярнуліся да свята 11 лістапада, у палітыкаў не было ідэй, як святкаваць гэты дзень, каб палякі ў гэты дзень зрабілі нешта больш, чым толькі вывесілі дзяржаўны сцяг.
Нацыяналісты запоўнілі гэты прабел. Яны ў Трэцяй Рэчы Паспалітай дзейнічалі ў розных арганізацыях і доўга не маглі заваяваць папулярнасці ў грамадстве. Парадаксальна, ім дапамагло менавіта свята, якое іх папярэднікі лічылі праявам шкоднага культу Пілсудскага. Да 2010 года не ўдавалася зладзіць у Варшаве маштабнай маніфестацыі на 11 лістапада. І толькі пасля Смаленскай авіякатастрофы дзеячам Усепольскай моладзі (Młodzież Wszechpolska) і Нацыянальна-радыкальнаму лагеру (ONR) удалося сабраць у сталіцы некалькі тысяч сваіх прыхільнікаў.
Марш незалежнасці з самага пачатку суправаджаюць сутычкі з паліцыяй і актывістамі левых рухаў. Менавіта з-за гэтага падзея стала папулярнай сярод маладых людзей, многія з якіх прыязджаюць у гэты дзень спецыяльна ў Варшаву.
Палітыкі зрабілі вялікую памылку, паколькі яны не сумелі нешта прапанаваць маладым людзям, якім чынам дэманстраваць патрыятызм. Цяпер нялёгка будзе адабраць ініцятыву ў нацыяналістаў. Дзейсны ўрад не мае што прапанаваць. Дзіўна, бо прэм’ер-міністр Дональд Туск прысвяціў сваю дыпломную работу менавіта культу Пілсудскага – нагадвае Антоні Дудэк.
нг