Беларуская Служба

Былы саветнік міністра абароны Літвы: Разам з Польшчай мы ўмацоўваем бяспеку на граніцы з Беларуссю

20.11.2025 14:56
Гедрус Часнакас расказвае пра абарончую стратэгію Літвы і Польшчы ў выпадку агрэсіі з боку Расіі і прарасійскага рэжыму Лукашэнкі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Г.Часнакас пра сістэму абарону Літвы і Польшчы.
       .
Літоўскія ваенныя на Кафедральнай плошчы ў Вільні.https://x.com/LTU_Army/status/1965065052387742154/photo/3

Ва ўмовах пастаяннай гібрыднай пагрозы з боку саюзнага Расіі рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, роля польска-літоўскага супрацоўніцтва ва ўмацаванні стабільнасці і ўстойлівасці рэгіёна набывае асаблівую значнасць.

Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Польшчы ў кастрычніку правяло міжнародны семінар «Літоўска-польскае супрацоўніцтва ва ўмовах сучасных геапалітычных выклікаў». Адна з тэм форуму — «Агульная бяспека: Польшча і Літва перад абліччам сучасных пагроз». У дыскусіі ўдзельнічалі эксперты з абедзвюх краін.

Пра магчымасці пашырэння абароннага супрацоўніцтва Польшчы і Літвы пасля семінара расказаў Гедрус Часнакас (Giedrius Česnakas), да кастрычніка 2025 года — саветнік міністра абароны Літвы.

Адна з важных праблем нашага рэгіёна — патэнцыяльная пагроза з боку РФ і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Як мы да гэтага падрыхтаваны?

— Што датычыць нашай бяспекі ў адносінах да Расіі, мы звычайна гаворым пра пагранічную лінію абароны, пра шчыт «Усход» і пра ролю Польшчы. Гэта правільны падыход, бо ён дазваляе нам ажыццяўляць планаванне абароны і страхавацца ад магчымых атак Расіі і яе саюзніка Беларусі. Аднак я лічу, што нам трэба змяніць мысленне. Калі б праціўнік пачаў агрэсію, мы не павінны абмяжоўвацца толькі сваёй тэрыторыяй, бо паспяховая абарона ўключае і элемент наступлення. Нам трэба глядзець на гэтую пагрозу шырэй. Дальнабойныя ракеты, дроны, манеўранасць — усё гэта дазваляе нам пашыраць тэрыторыю, якую мы абараняем, дзякуючы наяўнасці пэўнага наступальнага патэнцыялу. Гэта не новая ідэя: высокапастаўленыя прадстаўнікі НАТА ўжо падкрэсліваюць неабходнасць мяняць мысленне. Калі раптам Расія атакуе Польшчу або іншых нашых саюзнікаў, павінны прымяняцца тыя ж прынцыпы — нам патрэбны гатовыя стратэгіі, каб адказваць на такія выклікі, абараняючы не толькі свае тэрыторыі, але і дзейнічаючы шырэй, калі гэта спатрэбіцца. Зразумела, я не прапаную ніякіх прымітыўных або рызыкоўных дзеянняў. Мы павінны ўмацоўваць сваю тэрыторыю і рыхтавацца да абароны. Але калі атака адбудзецца, мы не павінны замыкацца толькі ў межах сваёй тэрыторыі. Больш праактыўны падыход неабходны, каб ствараць стратэгічныя цяжкасці для Расіі і яе саюзнікаў.

Краіны Балтыі не толькі мяжуюць з Расіяй, але і перажылі акупацыю Савецкім Саюзам у 1940–1991 гадах. А РФ лічыць сябе правапераемнікам СССР. Сталіца Літвы Вільня знаходзіцца непадалёк ад граніцы з саюзнікам Расіі — Беларуссю пад уладай прарасійскага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Як у гэтай сітуацыі ў Літве ўспрымаюць сваю бяспеку?

— Калі мы гаворым пра абарону Літвы ці Польшчы, мы павінны разглядаць абарону НАТА ў цэлым. Існуюць планы абароны НАТА, і НАТА не будзе сядзець склаўшы рукі. Ваенныя ведаюць, што ім трэба рабіць: што павінны рабіць Узброеныя сілы Польшчы, што павінны рабіць Узброеныя сілы Літвы. Мы ствараем лінію абароны, у якую ўваходзіць і польскі шчыт «Усход». Мы ведаем, дзе трэба стварыць зоны, праз якія будзе цяжка прайсці праціўніку, і пры гэтым захоўваем участкі, якія дазваляюць манеўраваць, бо стратэгія НАТА заснавана на манеўрах. Калі мы гаворым пра абарону Вільні і іншых гарадоў, то нядаўна мы праводзілі вучэнні па мабілізацыі і правяралі эвакуацыю дзяржаўных устаноў і ваенных часцей. Вынікі аналізуюцца, разглядаюцца магчымыя карэкціроўкі. Магчыма, спатрэбіцца развіць дадатковую інфраструктуру для гэтага, і, вядома, ключавое значэнне мае каардынацыя паміж установамі. Гэты працэс патрабуе часу — некалькі гадоў, каб дасягнуць поўнай эфектыўнасці, але мы ўжо пачалі і цяпер удасканальваем гэты падыход. Гэта не будзе хутка, але мы на правільным шляху. Нашы ваенныя маюць свае планы і стратэгіі абароны на ўзроўні НАТА, а не толькі на нацыянальным узроўні, і яны гатовы дзейнічаць пры неабходнасці.


Гедрус Часнакас. Гедрус Часнакас.

А што будзе, калі раптам Расія атакуе Літву? Які план дзеянняў? І якая роля войск НАТА, якія знаходзяцца ў краіне і ў суседніх дзяржавах?

— Трэба гаварыць не пра тое, хто будзе абараняць Літву, а пра тое, што мы будзем абараняць яе разам, як НАТА. Польшча, Злучанае Каралеўства і іншыя краіны маюць свае ролі, якія будуць выконваць. Узброеныя сілы Літвы ўзмацняюцца, а прысутнасць нямецкай брыгады чакаецца к канцу 2027 года. Мы працуем над гэтым. Так, нашы рэсурсы абмежаваныя, як у плане асабовага складу, так і фінансавыя, паколькі насельніцтва нашай краіны налічвае 2,8 млн чалавек, але мы робім усё магчымае, каб падрыхтавацца да абароны. Фінансаванне абароны складзе прыкладна больш за 5% ВУП, так што гэта найлепшае, што мы можам зрабіць. Аднак акцэнт павінен быць на тым, якую ролю павінен выконваць кожны саюзнік. Польшча з’яўляецца важным лагістычным вузлом. Яна мае ключавое значэнне для планаў абароны ў раёне Сувалак і адыгрывае вялікую ролю ў распрацаваных у двухбаковым фармаце планах абароны. Польшча таксама актыўна ўдзельнічае ў патруляванні граніц. Я лічу, што ў нас ёсць агульнае разуменне таго, што мы павінны пераходзіць ад патрулявання меж да супрацьпаветранай абароны з больш моцнай прысутнасцю саюзнікаў па НАТА ў абедзвюх нашых краінах. Мы таксама імкнёмся да павелічэння фінансавання з боку Еўрапейскага саюза. Мы зацікаўлены ў атрыманні больш высокіх сродкаў для краін усходняга флангу НАТА. Мы стараемся ўмацоўваць пазіцыі адзін аднаго. Паводле нашага меркавання, што карысна для Польшчы, таксама карысна і для Літвы. Далейшае рэгіянальнае супрацоўніцтва паміж Польшчай і іншымі краінамі рэгіёна прынесла б больш карысці для рэгіёна ў цэлым. У гэтым кірунку мы паспяхова супрацоўнічаем.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Ежы Марэк Навакоўскі: Гісторыя іграе сур'ёзную ролю ў пабудове нацыянальных ідэнтычнасцей

08.05.2025 16:46
Былы дырэктар праграмы замежнага вяшчання Польскага радыё разважае пра ролю гісторыі ў палітыцы.