Беларуская Служба

Польшча патрабуе ўдзелу ў прыняцці рашэнняў адносна міру ва Украіне

24.11.2025 16:22
ЗША і Украіна пасля плённых перамоваў у Жэневе падрыхтавалі абноўлены рамачны дакумент па міры, які абмяркоўваюць з еўрапейскімі саюзнікамі.
Аўдыё
  • Польшча патрабуе ўдзелу ў прыняцці рашэнняў адносна міру ва Украіне
          , , 23  2025 .
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа і кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак, Жэнева, 23 лістапада 2025 г. PAP/EPA/MARTIAL TREZZINI

Афіцыйныя асобы Украіны і Злучаных Штатаў сінхронна ў ноч на панядзелак, 24 лістапада, заявілі, што сумеснымі намаганнямі дэлегацый дзвюх краін на «плённых перамовах» у Жэневе быў падрыхтаваны абноўлены «рамачны дакумент» па дасягненні міру ва Украіне.

Адпаведная сумесная заява апублікаваная на сайтах Белага дома і прэзідэнта Украіны. Адзначаецца, што абодва бакі прызналі кансультацыі прадуктыўнымі. «Бакі пацвердзілі, што любое будучае пагадненне павінна цалкам паважаць суверэнітэт Украіны і забяспечваць устойлівы і справядлівы мір», — гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках перамоваў, але сам дакумент пакуль не апублікаваны.

Кіеў і Вашынгтон дамовіліся працягнуць інтэнсіўную працу над дакументам «у найбліжэйшыя дні» і цесна ўзаемадзейнічаць з еўрапейскімі партнёрамі.

Некалькімі гадзінамі раней дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа выказаў упэўненасць у тым, што перапрацаваная версія мірнага плана адміністрацыі Дональда Трампа мае высокі патэнцыял быць рэалізаванай. Пасля кансультацый з прадстаўнікамі дэлегацыі Украіны ў Жэневе і яе еўрапейскімі саюзнікамі 23 лістапада дыпламат заявіў журналістам, што перамовы прывялі да стварэння «дакумента, які ляжа ў аснову». Кіраўнік украінскай дэлегацыі, шэф Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак таксама адзначыў прадуктыўнасць перамоў у Швейцарыі.

Міністр-каардынатар спецслужбаў Польшчы Томаш Сямоняк лічыць, што «Польшча павінна браць удзел у тых рашэннях, якія яе датычаць». Палітык выказаўся адносна прапаноў, якія датычацца мірнага плана для Украіны.

Паводле першапачатковай амерыканскай версіі плана, у Польшчы павінны былі б дыслакавацца еўрапейскія знішчальнікі. У сваю чаргу, еўрапейская прапанова прадугледжвае прысутнасць на тэрыторыі Польшчы знішчальнікаў НАТА, у тым ліку і амерыканскіх. Як падкрэсліў міністр Томаш Сямоняк, гэта павінна было б стаць элементам умацавання бяспекі Украіны. Адначасова палітык адзначыў, што ніхто не можа навязваць Польшчы ніякіх рашэнняў:

«Польшча павінна ўдзельнічаць ва ўсім, што датычыць Польшчы. Тут не можа быць так, што нехта прымае добрае ці дрэннае рашэнне аб нас без нас. Але гэта трэба разглядаць у больш шырокім кантэксце. Гэтыя знішчальнікі — спачатку еўрапейскія, потым натаўскія — павінны стаць элементам гарантыі бяспекі для Украіны».

Міністр дадаў, што калі НАТА, у тым ліку еўрапейскія саюзнікі, будуць гатовыя размясціць у Польшчы свае паветраныя сілы, гэта будзе карысна і для бяспекі самой Польшчы. Томаш Сямоняк адзначыў, што з асцярогай адсочвае апошнія мірныя прапановы адносна Украіны:

«Безумоўна, трэба ацаніць рашучасць прэзідэнта Трампа і Злучаных Штатаў у імкненні дасягнуць міру. Трэба ацаніць тое, што Украіна гатовая да перамоў і гатовая да заключэння мірнага пагаднення. Але вялікай невядомай застаецца пазіцыя Пуціна і Расіі», — перакананы міністр-каардынатар спецслужбаў Польшчы.

Пагадненне па амерыканскім плане для Украіны азначала б прарыў. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочэк:

«Адбыліся кансультацыі ў фармаце еўрапейскіх лідараў. Еўропа гатовая да дыялогу з амерыканскай адміністрацыяй. Таму дыскусія, аналіз і ўзгадненні адбываюцца ў многіх фарматах. Калі б сапраўды аказалася, што ўкраінская адміністрацыя прымае гэтую новую версію мірнага плана, гэта было б прарывам», — лічыць Мрочэк.

Расія не можа навязваць сваіх умоў ні Украіне, ні Еўропе. Еўрапарламентар ад кіроўнай у Польшчы «Грамадзянскай кааліцыі» Дарыюш Ёньскі адзначыў, што першапачатковы план Дональда Трампа выглядаў так, нібы ён прадугледжваў падзел Украіны, а на гэта няма згоды ў Польшчы.

Еўрапейскія лідары 24 лістапада ў Анголе праводзяць надзвычайны саміт ЕС, каб абмеркаваць план Дональда Трампа для Украіны:

«Гэты мір павінен быць справядлівым, але таксама доўгатэрміновым. І гэтыя ўмовы павінны быць прыняты абодвума бакамі. Я, вядома, радуюся, што нашы службы і кіраўніцтва МЗС у гэтай справе вядуць перамовы. Сёння — чарговае вельмі важнае пасяджэнне па гэтай тэме. Дональд Туск прадставіць польскі пункт гледжання на гэтым пасяджэнні. Але здзіўляе, што ўвогуле такая прапанова з амерыканскага боку з’явілася», — заявіў еўрадэпутат.

Першапачатковы 28-пунктавы план для Украіны не быў прапановай завяршэння вайны, а ўступам да дыскусіі. Такое меркаванне выказаў Барталамей Кот з Фонду Пуласкага. З самага пачатку дакумент выклікаў здзіўленне з-за адсутнасці ўнутранай лагічнай структуры і праз тое, што яго асноўныя элементы сталі вядомыя праз медыйныя ўцечкі, а не афіцыйныя каналы:

«Дакумент ніколі, на маю думку, не быў канчатковым бачаннем міру. Гэта была спроба навязаць пэўныя ўмовы або рамкі для перамоваў. І гэта ў нейкай ступені атрымалася. Бо нават калі сёння еўрапейцы далучаюцца да гэтай дыскусіі, яны ўдзельнічаюць у ёй у рамках менавіта той першапачатковай прапановы мірнага плана. Яны спрабуюць яе палепшыць, спрабуюць змяніць, але ўсё ж яна застаецца асновай для дыялогу».

Барталамей Кот таксама адзначыў, што план адлюстроўвае бачанне будучыні Украіны праз прызму «сфер уплыву». Гэтая логіка характэрная не толькі для Расіі, але і для ЗША:

«Фактычна прапанаваная канцэпцыя разглядае Еўропу як амерыканскую сферу ўплыву, асабліва ў сферы бяспекі. Уключаючы магчымасць распараджацца нават членствам у Еўрасаюзе, пытаннямі размяшчэння войскаў і гэтак далей, а Украіну разглядае як буферную зону. Гэта разуменне знешняй палітыкі праз прызму зон уплыву і прызнанне таго, што Расія з’яўляецца глабальным партнёрам, які патрэбны Злучаным Штатам на ўзроўні, што выходзіць за рамкі вайны ва Украіне», — перакананы эксперт.

Барталамей Кот таксама выказаў меркаванне, што рэальныя рашэнні адносна міру будуць вызначацца балансам сіл паміж дзяржавамі, а не дэклараванымі каштоўнасцямі. На яго думку, ключавыя рашэнні будуць прыняты толькі тады, калі з імі пагодзяцца Дональд Трамп, Уладзімір Зяленскі і Уладзімір Пуцін.

iar/pap/эж