Беларуская Служба

Палітолаг Валер Карбалевіч: Трамп дае Пуціну шанец выйсці з сітуацыі з «прыстойным» палітычным тварам

27.11.2025 06:05
Як можна ацаніць шанцы на мір ва Укране ў бягучых умовах? Пра гэта размаўляем з палітычным аналітыкам Валерам Карбалевічам.
Аўдыё
  • «Што да «чырвоных ліній», то для Расіі гэта, відавочна, лінія фронту ў яе цяперашнім выглядзе. Умоўна кажучы, тэрыторыі, якія Расія захапіла, яна не збіраецца аддаваць. Гэта «чырвоная лінія», бо прызнанне паразы ў вайне паставіць пад пагрозу рэжым Пуціна».
Steve Witkoff w Moskwie podczas spotkania z Władimirem Putinem
Steve Witkoff w Moskwie podczas spotkania z Władimirem PutinemEPA/GAVRIIL GRIGOROV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

– Цяпер у справе магчымай мірнай дамовы паміж Украінай і Расіяй можна пачуць нават пазітыўныя ацэнкі: маўляў, перамовы ідуць, мір будзе заключаны, і гэта можа змяніць сітуацыю ў рэгіёне, у тым ліку для Беларусі. Ці згодныя вы з такім аптымістычным прагнозам?

– Кепскі мір у любым выпадку лепшы за вайну, і калі ёсць нейкія рухі ў бок замірэння, то гэта нядрэнна для ўсіх. Гэта вайна на знясіленне, ад яе стаміліся ўжо ўсе ўдзельнікі, суседзі. Зразумела, што існуе і зацікаўленасць розных суб’ектаў у тым, каб канфлікт не завяршаўся.

Што датычыцца верагоднасці таго, што план, які спачатку падаваўся як план Трампа, а цяпер высвятляецца, што гэта хутчэй план Крамля, толькі прэзентаваны Трампам, будзе сапраўды рэалізаваны, то пытанне складанае. У гэты план былі ўнесеныя шматлікія праўкі пасля кантактаў амерыканскага боку з Украінай. У Еўрапейскага Саюза таксама ёсць свой варыянт. Які з іх у выніку паехаў ці паедзе ў Маскву – пакуль незразумела. Таму казаць нешта пэўнае пра перспектывы або пра канкрэтныя мірныя ініцыятывы пакуль нельга, бо няма дакладнага дакументу, на аснове якога вяліся б перамовы.

– Але не выглядае, што Пуцін сапраўды рыхтуецца скончыць гэтую вайну ў бягучых умовах, калі расійская эканоміка цалкам пераведзеная на ваенныя рэйкі, а падтрымка ў грамадстве яшчэ захоўваецца, начныя ракетныя атакі па жылых кварталах выглядаюць як дэманстратыўны выклік.

– Пытанне складанае, бо калі зыходзіць з рацыянальных інтарэсаў, то Трамп фактычна дае Пуціну шанец – шанец выйсці з сітуацыі з «прыстойным» палітычным тварам. Пуцін можа абвясціць цяперашнія вынікі вайны сваёй перамогай: маўляў, мы далучылі чатыры вобласці Украіны да Расіі, атрымалі тэрыторыі, Захад не змог перамагчы Расію, Захад капітуляваў. Пры гэтым эканоміка Расіі знясіленая, і працягваць вайну да крытычнага ўзроўню, які можа спарадзіць непрадказальны выбух, выглядае нерацыянальна. Хаця, калі падыходзіць рацыянальна, то і пачынаць гэтую вайну не мела ніякага сэнсу, але Пуцін зрабіў гэта. Цяжка сказаць, наколькі адэкватна ён цяпер успрымае рэальнасць.

Валерый Карбалевіч Валер Карбалевіч. Фота: Facebook

Да нядаўняга часу Пуцін быў вельмі жорсткі ў намеры працягваць вайну, цяпер жа карціна менш зразумелая. Нават калі глядзець на першапачатковы план Трампа, які, здаецца, пайшоў ад Крамля, там Расія ідзе на істотныя саступкі. Ёсць патрабаванне, каб Украіна вывела войскі з тэрыторыі Данбасу, але гэта тэрыторыя не павінна адысці Расіі – яна павінна стаць нейтральнай буфернай зонай. Гэта вельмі істотная саступка Расіі. Ёсць пытанне скарачэння ўкраінскага войска. Але 600 тысяч – гэта ўсё роўна вялікая армія: да вайны Украіна мела толькі каля 200 тысяч. Што да пункта пра неўступленне Украіны ў НАТА – на сёння гэта пытанне і так заблакаванае, бо ў сучасных умовах ніхто не прыме Украіну ў альянс. Захаванне правоў моўных меншасцяў – гэта таксама стандартная еўрапейская практыка, а Украіна імкнецца ў Еўрасаюз. Трактуюцца гэтыя ўмовы па-рознаму, але яны не выглядаюць нечым экстраардынарным.

Такім чынам, у гэтым плане сапраўды ёсць прыкметы таго, што Пуцін можа быць гатовы шукаць варыянты заканчэння вайны ў рамках цяперашняй канфігурацыі. Але даваць адназначны адказ пакуль немагчыма.


– Сёння прэс-служба Лукашэнкі працытавала яго запрашэнне для Пуціна правесці ў Беларусі мірныя перамовы. Але сумнеўна, што гэта будзе магчыма. Гэта спосаб быць у парадку дня для Лукашэнкі, спроба зноў схапіцца за вобраз міратворца?

– Лукашэнка з самага пачатку вайны імкнуўся пазіцыянаваць сябе як «міротворца». Ён неаднаразова прапаноўваў праводзіць перамовы ў Мінску, нават Трампа запрашаў – гэта не нешта новае, а спроба прыцягнуць увагу.

Трэба таксама ўзгадаць вызваленне з беларускіх турмаў вялікай колькасці ўкраінскіх грамадзян – гэта таксама спроба прыцягнуць увагу, магчыма, у кантэксце мірных перамоў. Любая інфармацыя пра вайну ва Украіне адразу становіцца міжнароднай падзеяй. Гэта такая спроба нагадаць пра сябе: маўляў, «я таксама недзе побач, я гатовы ўключыцца ў працэс».
Ці верагодныя перамовы ў Мінску? Думаю, што не. Перш за ўсё таму, што ўкраінскае кіраўніцтва катэгарычна супраць. Таму верагоднасць такога сцэнару вельмі нізкая.

– Якія, на ваш погляд, цяпер чырвоныя лініі для Украіны, Расіі і ЕС у гэтым патэнцыйным пагадненні?

– Што да «чырвоных ліній», то для Расіі гэта, відавочна, лінія фронту ў яе цяперашнім выглядзе. Умоўна кажучы, тэрыторыі, якія Расія захапіла, яна не збіраецца аддаваць. Гэта «чырвоная лінія», бо прызнанне паразы ў вайне паставіць пад пагрозу рэжым Пуціна.

Для Еўропы і Украіны чырвоная лінія – гэта захаванне Украіны як незалежнай дзяржавы, захаваць Украіны як фактар стрымлівання расійскай агрэсіўнай палітыкі, бо ніводная з еўрапейскіх краін цяпер не мае такога баяздольнага войска, як украінскае.

вх