Беларуская Служба

Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта адзначыў 35-годдзе

05.12.2025 15:43
Сярод дасягненняў SEW — больш як 700 выпускнікоў, а таксама звыш 2 тысяч выпускнікоў спецыяльных адукацыйных праграм для беларусаў.
       35-
Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта адзначыў 35-годдзеФота: https://studium.uw.edu.pl/

У пятніцу, 5 снежня, Studium Europy Wschodniej (SEW, па-бел. Студыюм Усходняй Еўропы) Варшаўскага ўніверсітэта адзначыла сваё 35-годдзе. SEW, у прыватнасці, праз сваю аналітычную і даследчую дзейнасць спрыяе выпрацоўцы польскай так званай усходняй палітыкі — палітыкі Варшавы ў адносінах да ўсходніх суседзяў краіны, — на гэта звярнуў увагу намеснік дырэктара ўстановы Адам Эбэрхарт:

— Studium Europy Wschodniej Варшаўскага ўніверсітэту — гэта, натуральна, акадэмічная ўстанова, галоўная місія якой заключаецца ў адукацыйнай дзейнасці і навуковай працы. Аднак спецыфіка гэтай установы на працягу апошніх больш як 35 гадоў заўсёды была больш шырокай: мы актыўна ўключаемся ў грамадскія справы і выконваем важную ролю ў фарміраванні інтэлектуальнай прасторы, звязанай з нашымі ўсходнімі суседзямі.

Гэта найперш падрыхтоўка кніг, аналітычных матэрыялаў і разнастайных даследчых справаздач пра сітуацыю ва Усходняй Еўропе. Гэта праца па фарміраванні новых спецыялістаў, рэалізацыя шэрагу стыпендыяльных праграм, адукацыя і выхаванне маладога пакалення ў тым накірунку, які з пункту гледжання польскай стратэгічнай зацікаўленасці з’яўляецца ключавым — у галіне ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

Не менш істотнай мэт для нас з’яўляецца і місія аб’яднання польскіх, украінскіх, беларускіх, літоўскіх навукоўцаў, пашырэнне акадэмічнага дыялогу, пошук таго, што нас яднае — і ў гістарычным вымярэнні, праз агульную спадчыну Рэчы Паспалітай, і ў сучаснасці, і ў перспектыве будучыні. Studium Europy Wschodniej — гэта ўніверсітэцкая і акадэмічная прастора ў найлепшым разуменні гэтых слоў: прастора свабоднай думкі, адказнай за фарміраванне стратэгічнага разважання Польшчы пра Усходнюю Еўропу. За апошнія тры з паловай дзесяцігоддзі гэтая місія паспяхова рэалізуецца — і таму вялікая колькасць гасцей на нашых

урачыстасцях служыць таму выразным сведчаннем.
Акрамя таго, Studium Europy Wschodniej кіруе рознымі праграмамі, прызначанымі для студэнтаў з Усходу — у тым ліку з Украіны і Беларусі, падтрымліваючы іх у атрыманні якаснай еўрапейскай адукацыі і адкрываючы перад імі лепшыя прафесійныя магчымасці.

— Ці можна назваць найбольшыя дасягненні ў гэтай сферы?

— Безумоўна. Найбольш вядомым і значным праектам падтрымкі студэнтаў і маладых даследчыкаў з Усходняй Еўропы з’яўляецца Урадавай стыпендыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага, якая накіравана перш за ўсё на студэнтаў з Беларусі. Але гэта не адзіная ініцыятыва. Існуюць таксама іншыя важныя стыпендыі для даследчыкаў з Літвы, Беларусі і Украіны, якія дазваляюць ім працягваць навучанне не толькі ў Варшаўскім Універсітэце.

Studium Europy Wschodniej выступае аператарам шырокага кансорцыума ўніверсітэтаў, у межах якога маладыя навукоўцы могуць вучыцца і ў іншых універсітэтах па ўсёй Польшчы.
Асобна варта вылучыць два важныя праекты, скіраваныя на ўсходні накірунак: Цэнтр даследаванняў Беларусі і Цэнтр даследаванняў Украіны. Гэта падраздзяленні ў структуры Studium Europy Wschodniej, якія даюць пляцоўку для працы і інтэлектуальнага развіцця даследчыкаў — асабліва тых, хто ў выніку рэпрэсій не можа вярнуцца на радзіму, у выпадку калег з Беларусі. Тут яны маюць магчымасць працягваць навуковую дзейнасць, развіваць міжкультурны і гістарычны дыялог, што надзвычай важна для будучыні ўсяго рэгіёна.

Што датычыцца студэнтаў з Беларусі, то Стыпендыя імя Каліноўскага адыгрывае для іх выключна істотную ролю — дзякуючы ёй многія змаглі атрымаць шанец на адукацыю і свабоднае жыццё, пазбавіўшыся ад небяспекі пераследу.

— Як сёння выглядае сітуацыя з праграмай Каліноўскага? Ці будзе яна працягвацца?

— Запатрабаванне вельмі высокае. Праграма Каліноўскага застаецца адным з ключавых элементаў нашай працы, і яна па-ранейшаму выконвае сваю гуманітарную і адукацыйную місію. Але мы стараемся рухацца наперад і пашыраць магчымасці для беларусаў. Таму запусцілі яшчэ адзін вельмі важны праект — Дыпламатычныя студыі для беларусаў, дзе мы фарміруем новыя кадры, якія павінны спатрэбіцца дэмакратычнай Беларусі ў будучыні. Мы перадаём маладым людзям веды і навыкі ў сферы міжнародных адносін, дыпламатыі і знешняй палітыкі.

Выпускнікі гэтых праграм ужо сёння знаходзяць сябе ў розных інстытуцыях беларускага дэмакратычнага жыцця ў Польшчы: на тэлебачанні Belsat, у структурных ініцыятывах вакол Паўла Латушкі, у Беларускім доме ў Варшаве і іншых арганізацыях грамадзянскай супольнасці. Мы спадзяёмся, што гэтая праца будзе працягвацца і надалей, і верым у далейшае развіццё такіх праграм, бо яны — інвестыцыя ў свабоду, дэмакратыю і будучыню беларускага народа.
Намеснік дырэктра Studium Europy Wschodniej Варшаўскага ўніверсітэта Адам Эбэрхарт адзначыў таксама, што адным з важнейшых дасягненняў установы стаў выпуск больш як 700 бакалаўраў і магістраў, а таксама больш за 2 тысячы стыпедндыстаў адукацыйных праграм для беларусаў.

У юбілейны год Studium Europy Wschodniej выходзіць са складу Факультэт Усходазнаўства (Арыенталістыка) і становіцца самастойнай арганізацыйнай адзінкай Варшаўскага ўніверсітэта — асобнай структурай з правамі факультэта. Дырэктар установы Ян Маліцкі спадзяецца, што ўдасца атрымаць назву «Усходні Інстытут» (Instytut Wschodni) у гонар перадваеннага Усходняга Інстытута, які дзейнічаў у Варшаве. Менавіта сёлета адзначаецца стагоддзе яго заснавання. «Канчатковае самастойнае становішча спрасціць фармальныя аспекты — і толькі. Мы працягнем рабіць тое, што рабілі, і будзем развіваць ужо існуючыя напрамкі», — перакаонваў дырэктар SEW Ян Маліцкі.

эж

Варшаўскі Універсітэт запрашае на канферэнцыю, прысвечаную выпускнікам польскіх ВНУ з Беларусі, Украіны і іншых постсавецкіх краін. Новыя гарызонты і выклікі інтэграцыі

06.12.2024 15:18
У яе рамках пройдуць не толькі дыскусіі, але і кірмаш вакансій з удзелам вядучых карпарацый.

У Варшаве ўручаны прэміі навуковага квартальніка Przegląd Wschodni

01.04.2025 12:53
Гэтая міжнародная прэмія прысуджаецца з 1994 года за лепшую навуковую кнігу, прысвечаную ўсходнееўрапейскай тэматыцы.

Андрэй Скурко атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі (ФОТА)

07.04.2025 17:13
«Паспрабую крыху суцешыць вас тым, што ўсе мы шчаслівыя людзі, бо шчасце даследчыка — жыць у цікавы час».