Кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі наведала Польскае радыё. У размове з Беларускай служба дэмакратычная лідарка ў першых словах падзякавала Польшчы за падтрымку, якую яна аказвае беларусам пасля 2020 года.
«Я б хацела падзякаваць прэзідэнту Наўроцкаму, ураду і парламенту Польшчы за моцную падтрымку беларускага шляху ўсе гэтыя 5 гадоў. (...) Для беларусаў гэта вельмі важна – быць пачутымі і быць бачнымі», – сказала кіраўнік АПК.
«Гуманітарны трэк, які распачалі амерыканцы, – гэта вынік нашай працы з імі цягам пяці гадоў. Мы разумеем, што ўсё мае сваю цану і разумеем, што зняволеныя для Лукашэнкі – гэта разменная манета. Мы, канешне, не павінны гандляваць людзьмі, але мы таксама павінны выратаваць людзей, якія паміраюць у турмах, уключаючы Анджэя Пачобута», – зазначыла Ціханоўская, гаворачы пра працэс вызвалення палітвязняў дзякуючы заангажаванню афіцыйнага Вашынгтона.
Многія вызваленыя і прымусова вывезеныя з Беларусі палітвязні маюць па 60 і больш гадоў, яны апынуліся без сродкаў на існаванне, у чужой краіне. Мы запыталі ў Святланы Ціханоўскай, ці існуе магчымасць, што некаторыя з іх, якія не хацелі выязджаць з Беларусі, змогуць вярнуцца на радзіму?
«Самае балючае пытанне – гэта дэпартацыя людзей пасля вызвалення. Людзі не выбіралі гэты шлях – іх прымусова выкінулі з краіны. Мы і нашы партнёры стараемся дапамагаць людзям фінансава, лагістычна, у рэабілітацыі і легалізацыі. (...) Пры цяперашняй нелегітымнай уладзе я вельмі сумняюся, што людзі змогуць вярнуцца дадому, бо насамрэч крымінальныя справы супраць гэтых людзей не закрываюцца», – адказала лідарка беларускай апазіцыі.
Ці Лукашэнка сябе адчувае, мякка кажучы, некамфортна ў сувязі з падзеямі ў Венесуэле і Іране? – такое наступнае пытанне мы задалі Ціханоўскай.
«Лукашэнка сябе адчувае вельмі дрэнна, бо ён разумее, што здараецца з дыктатарамі. Ён таксама баіцца, што Амерыка можа страціць да яго цікавасць. Яго можна шмат чым запужаць. Пры гэтым ён разумее, што ў яго няма падтрымкі ад беларусаў. І Расіі ён пабайваецца. Гэта чалавек, які страціў усё, але праз страх, ціск і рэпрэсіі ён усё яшчэ трымаецца пры ўладзе», – адказала кіраўнік АПК.
Святлана Ціханоўская таксама распавяла пра значэнне Беларусі для еўрапейскай бяспекі, пра тое, што захапляецца беларусамі, а таксама адказала на пытанне, ці магчымы ў Беларусі венесуэльскі варыянт, ці падабаецца ёй Варшава і ці збіраецца АПК пераязджаць у польскую сталіцу.
поўная размова – слухайце аўдыёфайл
са Святланай Ціханоўскай размаўляў Валеры Саўко