Беларуская Служба

Пастаўкі ўзбраенняў Украіне: Польшча — у адным шэрагу з еўрапейскімі лідарамі

19.01.2026 16:43
На польскай тэрыторыі разгортваюцца вытворчыя, рамонтныя і сэрвісныя магутнасці, якія абслугоўваюць украінскую тэхніку, у тым ліку артылерыйскія сістэмы, бранятэхніку і сродкі СПА.
-29
МіГ-29 ВПС Польшчы Konwicki Marcin / Shutterstock

Нягледзячы на пастаянныя расійскія ракетныя і дронавыя атакі, Украіна працягвае ўмацоўваць свае вайсковыя магчымасці дзякуючы падтрымцы замежных партнёраў. Уласны абаронны сектар краіны застаецца актыўным, аднак не здольны цалкам закрыць патрэбы фронту, асабліва ў галіне супрацьпаветранай абароны, баявой авіяцыі і высокадакладных ракетных сістэм, чытаем на партале forsal.pl.

У 2025 годзе Кіеў падпісаў шэраг дамоўленасцяў аб пастаўках узбраенняў, у тым ліку на пастаўкі нямецкіх БМП Lynx і шведскіх шматмэтавых знішчальнікі JAS-39 Gripen. Першыя самалёты, верагодна ў старэйшых версіях C/D, могуць паступіць ужо сёлета і істотна ўзмацніць украінскія ВПС, асабліва з улікам магчымасці выкарыстання ракет Meteor далёкасцю да 200 км. Важным элементам стане і пастаўка самалётаў далёкага радыёлакацыйнага выяўлення Saab 340, што палепшыць кіраванне паветранымі аперацыямі.

Ва ўмовах расійскага паветранага тэрору, ключавой застаецца супрацьпаветраная абарона. Францыя і Італія плануюць перадачу сістэм SAMP/T NG, падобных па магчымасцях да амерыканскага Patriot, а Германія — дадатковых комплексаў IRIS-T і сродкаў барацьбы з дронамі.

Асобную і не менш важную ролю адыгрывае Польшча. Варшава рыхтуецца перадаць Украіне знішчальнікі МіГ-29, пашырае пастаўкі беспілотнікаў, боепрыпасаў і забяспечвае сэрвіс раней перададзенай тэхнікі. Польскія кампаніі ўжо працуюць ва Украіне, умацоўваючы абароннае партнёрства. Хоць гэтыя пастаўкі не гарантуюць хуткага пералому на фронце, яны істотна павышаюць устойлівасць Украіны і яе здольнасць супрацьстаяць расійскай агрэсіі.

Акрамя непасрэдных паставак узбраенняў, Польшча фактычна выконвае ролю ключавога тылавога партнёра Украіны. На польскай тэрыторыі разгортваюцца вытворчыя, рамонтныя і сэрвісныя магутнасці, якія абслугоўваюць украінскую тэхніку, у тым ліку артылерыйскія сістэмы, бранятэхніку і сродкі СПА. Польскія прадпрыемствы павялічваюць выпуск боепрыпасаў, перадусім калібру 155 мм, а таксама беспілотных сістэм, што дазваляе забяспечваць фронт без залежнасці ад доўгіх і ўразлівых ланцужкоў паставак.

Адначасова Польшча выступае галоўным лагістычным вузлом для заходняй дапамогі: праз яе тэрыторыю ідуць асноўныя патокі ўзбраенняў і тэхнікі з ЗША і краін ЕС. У палітычным плане Варшава актыўна лабіруе інтарэсы Кіева ў межах НАТА і Еўрасаюза, настойваючы на доўгатэрміновай і сістэмнай падтрымцы. У выніку польская дапамога выходзіць далёка за рамкі сімвалічных паставак і становіцца адным з апорных элементаў украінскай здольнасці весці вайну і ўтрымліваць устойлівасць дзяржавы.

эж