Апошнія пагрозы Дональда Трампа, якія тычыліся ўвядзення мытных тарыфаў супраць краін, што падтрымалі Данію ў справе Грэнландыі, выклікалі ў Еўропе дыскусію пра магчымыя меры ў адказ — у тым ліку адносна амерыканскіх тэхналагічных гігантаў – піша Business Insider са спасылай на паведамленні нямецкай газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung. ЕС разглядае, між іншым, павышэнне падаткаў для такіх кампаній, як Apple, Google, Amazon, Microsoft ці Meta, абмежаванне іх інвестыцый, а таксама магчымасць выключэння з дзяржаўных тэндэраў. Гэтае пытанне абмяркоўвалася і падчас надзвычайнага нефармальнага саміту лідараў краін ЕС.
Эксперты падкрэсліваюць, што нават без неадкладных адказных крокаў дамінаванне амерыканскіх big tech у Еўропе будзе паступова слабець. — Еўрапейскі саюз стаў на шлях тэхналагічнага суверэнітэту, і вяртання з гэтага шляху ўжо няма, — адзначае аналітык Polityka Insight Ян Енч (Jan Jęcz).
Паводле дадзеных, на якія спасылаюцца эксперты, кошт імпарту лічбавых паслуг з ЗША ў Еўропу ў 2024 годзе склаў прыкладна 459 мільярдаў еўра. Амерыканскія кампаніі дамінуюць, у прыватнасці, ў сферы інтэрнэт-пошуку, сацыяльных сетак і захоўвання дадзеных у воблаку. Разам з тым існуюць галіны, дзе пазіцыі Еўропы мацнейшыя — напрыклад, музычны стрымінг, дзе лідарам з’яўляецца Spotify.
На думку аналітыкаў, палітычная напружанасць прымушае тэхналагічныя карпарацыі адаптавацца да новых умоў — у тым ліку шляхам размяшчэння дата-цэнтраў у Еўропе. Аднак гэта толькі пачатак зменаў. — Кожная новая пагроза з боку ЗША ўзмацняе ў Еўропе недавер і імкненне да тэхналагічнай незалежнасці, — падкрэсліваюць эксперты.
Поўнае аддзяленне ЕС ад big tech немагчыма ў кароткатэрміновай перспектыве, але ў доўгатэрміновай — цалкам рэальна. Адным з магчымых інструментаў называюць увядзенне агульнаеўрапейскага падатку на лічбавыя паслугі. Ён мог бы выраўнаваць канкурэнцыю на рынку і заахвоціць кампаніі з-за межаў ЕС пераносіць большую частку сваёй дзейнасці ў Еўропу. У Польшчы працы над такім падаткам працягваюцца, але эксперты скептычна ацэньваюць шанцы на яго ўкараненне на нацыянальным узроўні. Рэальны прарыў магчымы толькі ў выпадку прыняцця рашэння на ўзроўні ўсяго Еўрапейскага саюза.
нг