Былы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і яго жонка Агата Корнхаўзер-Дуда адкрылі фірому «Andrzej Duda PAAD SK».
Кампанія будзе прадастаўляць паслугі па бізнес-кансалтынгу, навуковых даследаваннях і распрацоўках у галіне гуманітарных навук, маркетынгавых даследаваннях грамадскай думкі, выкладанні замежных моў, пазакласных формах адукацыі, а таксама арэндзе і кіраванні нерухомасцю – як уласнай, так і арэнднай.
Анджэй Дуда будзе кіраваць справамі кампаніі, а таксама адказваць за прадстаўленне фірмы на знешніх кірунках і па яе даўгах. Агата Корнхаўзер-Дуда зʼяўляецца інвестарам з укладам у памеры 10 тыс. злотых (2 тыс. 380 еўра) і будзе несці адказнасць па любых даўгах да гэтай сумы. Яна таксама мае права на 50% прыбытку. Кампанія атрымала назву PAAD ад абрэвіятуры PAD (прэзідэнт Анджэй Дуда), якую раней у сацсетках выкарыстоўваў экс-кіраўнік дзяржавы. А другая літара А – ад імя былой першай лэдзі Агаты.
Анджэй Дуда як былы прэзідэнт Польшчы, згодна з законам, атрымлівае пажыццёвую пенсію, мае права на дзяржаўную ахову, службовы аўтамабіль з кіроўцам і фінансавыя сродкі на невялікі офіс. Пенсія кожнаму былому польскаму прэзідэнту прызначаецца незалежна ад яго ўзросту. Яе памер – 75% ад акладу кіраўніка дзяржавы. Нядаўна Дуда апублікаваў у сацсетках суму сваёй пенсіі. Аказалася, што ён штомесяц атрымлівае 9 тыс. 349 злотых (2 тыс. 225 еўра) «чыстымі».
Агата Корнхаўзер-Дуда да выбару свайго мужа на пасаду прэзідэнта была настаўніцай нямецкай мовы ў адной з сярэдніх школ Кракава. Пасля завяршэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Анджэя Дуды яна не вярнулася на папярэднюю працу.
вс