Беларуская Служба

Тое, як ЗША паступяць з курдамі, не будзе абыякавым для Еўропы

30.01.2026 12:11
Дональд Трамп вырашыў, што Сірыя пад кіраваннем таго, каго ЗША да нядаўняга часу лічылі тэрарыстам, з'яўляецца найлепшым рэцэптам міру ў рэгіёне - гэта памылка, піша ў каментары Вітольд Рэпетовіч.
            -
Расійскія войскі часткова перавозяць тэхніку з базы на паўночным усходзе Сірыі у Аль-Камішлі на ваенную авіябазу на ўзбярэжзы Міжземнага мора ў мясцовасці Латакія EPA/AHMED MARDINLI Dostawca: PAP/EPA.

Дональд Трамп і яго галоўны прадстаўнік на Блізкім Усходзе Том Барак вырашылі, што выбар на карысць унітарнай Сірыі пад цэнтралізаваным кіраваннем таго, каго ЗША да нядаўняга часу лічылі тэрарыстам, з'яўляецца найлепшым рэцэптам стабільнасці і міру ў рэгіёне. Заплацяць за гэта курды, ад якіх ЗША адмаўляюцца як ад саюзнікаў. Гэтыя ж курды, якія разам з ЗША перамаглі «Ісламскую дзяржаву» (ІДІЛ). Яны спадзяваліся на аўтаномію, а цяпер павінны чакаць на ласку джыхадзістаў, якія лічаць іх бязбожнікамі.

Курды жадаюць федэралізацыі, а не ўнітарызму

Трамп лічыць, што яму ўдасцца вывесці амерыканскія войскі з Сірыі, захоўваючы стабільнасць і мір, і асабліва без рызыкі адраджэння ІДІЛ. Што тычыцца курдаў, то Трампу дастаткова запэўненняў кіраўніка Сірыі Ахмеда аль-Шары, што ў іх будуць некаторыя правы. Тым часам, паводле Трампа, Турцыя павінна выступаць у ролі рэгіянальнага «паліцэйскага». Просты рэцэпт, але ён не для міру, а для катастрофы.

Цяжка зразумець перакананне Тома Барака (і многіх іншых), што правільнае рашэнне для Блізкага Усходу заключаецца ва ўнітарных, цэнтралізаваных і нават аўтарытарных дзяржавах, дзе парадак грунтуецца на сіле. Гэты падыход цалкам супярэчыць традыцыям рэгіёну, які заўсёды быў шматэтнічным, шматкультурным і шматканфесійным. На працягу большай часткі сваёй гісторыі імперыі, якія існавалі там, былі заснаваны на дамінаванні і лаяльнасці, а не на аб'яднанні і цэнтралізацыі. Унутры Асманскай імперыі існавалі розныя аўтаномныя дзяржавы, якімі кіравалі мясцовыя дынастыі і эліты.

Курды жадаюць не ўнітарызму а федэралізацыі. Унітарызм увасабляўся ў Сірыі і Іраку арабскімі нацыяналістамі ў 20 стагоддзі, а нацыяналізм быў імпартаваны на Блізкі Усход з Еўропы. Гэтыя дзве краіны таксама вырашылі стыгматызаваць тых, хто патрабуе дэцэнтралізацыі, як «сепаратыстаў». Многія ва ўсім свеце неабдумана прымаюць гэты факт. Варта нагадаць, што ЗША таксама з'яўляюцца федэрацыяй.

У Сірыі курды не сепаратысты

Том Барак нядаўна выказаў меркаванне, што нестабільнасць у Іраку выклікана ўвядзеннем федэральнай сістэмы, якая нібыта там «не працуе». Аднак, на самой справе, усё цалкам наадварот. Гісторыя Ірака паказвае, што спробы падпарадкаваць курдаў прывялі да баявых дзеянняў і сепаратысцкіх тэндэнцый. Улады ў Багдадзе разумеюць гэта, таму ніхто там не хоча дэмантаваць федэральную сістэму. І раптам амерыканцы заклікаюць да гэтага. У Сірыі курды не сепаратысты; яны не хочуць аддзяляцца ад краіны; яны проста хочуць гарантый таго, што іх зноў не будуць прыгнятаць. Яны хочуць, каб іх узброенае фармаванне Сірыйскія дэмакратычныя сілы (СДС), было ўключана ў склад сірыйскай арміі трыма асобнымі дывізіямі. Гэта прызначана для гарантавання іх бяспекі. Варта нагадаць, што СДС перамаглі ІДІЛ і, захапіўшы Ракку, адкуль планаваліся напады на Еўропу, унеслі свой уклад у бяспеку нашага кантынента.

Найлепшае рашэнне для курдаў: федэралізм

Падпарадкаванне курдскіх салдат камандзірам, якія нядаўна былі тэрарыстамі-джыхадзістамі, на якіх палявалі ЗША, падвяргае курдаў іх помсце. Насуперак сцвярджэнням Барака, найлепшым рашэннем для Сірыі з'яўляецца прымяненне іракскай мадэлі да курдаў: федэралізм, асобная рэгіянальная адміністрацыя і асобныя ўзброеныя сілы. Любое іншае рашэнне прывядзе да тэрору супраць курдаў, што ўжо відавочна. Джыхадзісты ў шэрагах новай сірыйскай арміі катуюць і забіваюць захопленых курдаў, асабліва жанчын, якія служаць у СДС. Джыхадзісты асабліва іх ненавідзяць.

ЗША памыляюцца, калі думаюць, што людзі, прасякнутыя джыхадзісцкай ідэалогіяй, могуць любіць Амерыку і быць вернымі саюзнікамі. Акрамя таго, Ахмед аль-Шара таксама наведаў Маскву, і расійская база ў Сірыі ўсё яшчэ існуе. У цяперашні час у ЗША ёсць толькі два шчырыя сябры на Блізкім Усходзе: Ізраіль і курды. Але, у адрозненне ад Ізраіля, курды не з'яўляюцца праблемным партнёрам. Усё, чаго яны хочуць, — гэта пэўная ступень аўтаноміі ў рамках федэральнай дзяржавы. Ці гэта занадта шмат? Для амерыканцаў навязаць гэта Дамаску не будзе праблемай. Тым часам, працэнтралісцкія заявы Барака і перспектыва крывавых рэпрэсій супраць курдаў з боку сірыйскіх кіруючых сіл ужо прывялі да таго, што курды (і не толькі сірыйскія) адчулі сябе здраджанымі, а антыамерыканскія наратывы становяцца ўсё больш папулярнымі сярод іх.

Такія падзеі могуць прывесць да адраджэння ІДІЛ

Гэта, вядома, лье ваду на млын расійскай прапаганды, якая гадамі спрабавала пераканаць курдаў, што ЗША не вартыя даверу і здрадзяць ім. Расія будзе выкарыстоўваць гэта не толькі ў наратывах, накіраваных супраць курдаў, але і ў іншых рэгіёнах. Другое пасланне будзе грунтавацца на тэзе пра тое, што ЗША падтрымліваюць джыхадзістаў. Больш за тое, вельмі верагодна, што цяперашнія падзеі ў Сірыі прывядуць да адраджэння ІДІЛ. Нават ЗША не вельмі давяраюць людзям аль-Шары ў эфектыўнай ахове тэрарыстаў, якія знаходзяцца ў зняволенні дзякуючы курдам. І таму амерыканцы пачалі перавозіць тых жа тэрарыстаў у Ірак. Гэта падмацуе расійскі наратыў пра тое, што ІДІЛ — гэта інструмент ЗША.

Курдскую праблему нельга вырашыць сілай і прыгнётам. Гэта пагрузіць рэгіён у новы хаос, ад якога прайграе Еўропа. Калі джыхадзісты захопяць курдскія тэрыторыі ў Сірыі, з'явіцца масавая хваля бежанцаў. Гэтыя людзі будуць у роспачы і ахоплены пачуццём несправядлівасці. Менавіта на гэта і Расія чакае.

Аўтар: Вітльд Рэпетовіч

Іран — дэмакратыя ці хаос?

12.01.2026 17:13
Няма сумненняў, што большасць іранцаў жадаюць палітычных змен і адкрыцця Ірана для супрацоўніцтва з Захадам, - піша польскІ эксперт на пытаннях Блізкага Усходу Вітольд Рэпетовіч.