Беларуская Служба

Афрыканскія амбіцыі і мары Варшавы – як Польшча хацела атрымаць заморскія калоніі (ФОТА/ВІДЭА)

06.02.2026 06:02
Да «гонкі за Афрыку» еўрапейскіх дзяржаў, хоць і з вялікім спазненнем, спрабавала далучыцца і Польшчы.
Аўдыё
  • Афрыканскія амбіцыі і мары Варшавы – як Польшча хацела атрымаць заморскія калоніі
            . 1939 .
Парамілітарны атрад Марской і каланіяльнай лігі ў трапічных мундзірах падчас параду ў Торуні. 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe

6 лютага 1928 года ў Польшчы быў створаны Саюз каланіяльных піянераў. Ён уваходзіў у склад грамадскай арганізацыі «Марская і каланіяльная ліга», якая налічвала мільён членаў. Галоўнай мэтай дзейнасці Саюзу і Лігі была дзейнасць на карысць атрымання Польшчай замежных калоній і тэрыторый для польскіх пасяленняў. У прыватнасці, у якасці тэрыторый для каланізацыі разглядалася Афрыка, Мадагаскар і Лацінская Амерыка.

У сусветнай гісторыі існуе тэрмін «гонка за Афрыку» альбо «бойка за Афрыку». Гэтак называецца час вострай канкурэнцыі шэрагу дзяржаў Еўропы за правядзенне даследаванняў і вайсковых аперацый, у канчатковым выніку накіраваных на захоп новых тэрыторый у Афрыцы. Да гэтай гонкі, хоць і з вялікім спазненнем, спрабавала далучыцца і Варшава.

Каланіяльная Афрыка ў 1923 годзе. commons.wikimedia.org/Knyaz-1988/CC BY-SA 4.0
Каланіяльная Афрыка ў 1923 годзе. commons.wikimedia.org/Knyaz-1988/CC BY-SA 4.0

Польшча стала незалежнай краінай 11 лістапада 1918 году. Да гэтага часу цягам амаль 123 гадоў Польшчы не існавала на палітычнай карце свету, бо яе тэрыторыя была падзеленая паміж трыма імперыямі: Расіяй, Аўстра-Венгрыяй і Прусіяй. У сувязі з гэтым Варшаву абмінула каланіяльная гонка, якая пачалася ў другой палове 19-га стагоддзя і ўдзел у якой прынялі наймацнейшыя еўрапейскія краіны.

Пасля атрымання незалежнасці Варшава пачала ўсур’ёз думаць пра тое, каб займець свае калоніі, аднак у выніку планаў не ўдалося рэалізаваць, у першую чаргу за-за адсутнасці фінансавых сродкаў, а таксама тэхнічных і палітычных магчымасцей.

Каланіяльныя планы ў адроджанай Польшчы з’явіліся ўжо ў 1919 годзе. Прадстаўнік Варшавы на Версальскай мірнай канферэнцыі заклікаў пераможныя дзяржавы прызнаць Варшаве 10% нямецкіх калоній. Аднак просьба не была ўзятая пад увагу.

Каланіяльныя планы Варшавы зноўку высунуліся на павестку дня ў палове 1920-х гадоў. У 1924 годзе была створаная грамадская арганізацыя Марская і рачная ліга, якая ў 1930 годзе змяніла назву на Марская і каланіяльная ліга. У 1939 годзе яе членамі быў 1 млн чалавек. За асноўную задачу яна ставіла збор грошай на каланіяльную экспансію.

А навошта Польшчы былі патрэбныя калоніі? Па-першае, такім чынам Варшава хацела далучыцца да кола еўрапейскіх каланіяльных дзяржаў, бо ў той час усе моцныя краіны мелі свае заморскія тэрыторыі. Гэта было прэстыжна. Па-другое, у Польшчы вялікай праблемай была перанаселенасць вёскі. Планавалася, што частка людзей пераселіцца ў калоніі. І па-трэцяе, заморскія тэрыторыі разглядаліся як месца збыту польскай прадукцыі.

Парамілітарны конны атрад Марской і каланіяльнай лігі ў трапічных мундзірах падчас параду ў Торуні, 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe Парамілітарны конны атрад Марской і каланіяльнай лігі ў трапічных мундзірах падчас параду ў Торуні, 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe

Варшава прапрацоўвала розныя варыянты. У прыватнасці, разглядаліся магчымасці кааперацыі з Францыяй і Партугаліяй у асваенні афрыканскіх зямель.

Так, у 1930 годзе ўрады Польшчы і Партугаліі падпісалі пагадненне аб прадастаўленні Лісабонам зямель для польскіх перасяленцаў у партугальскай Анголе. Праз нейкі час у Афрыку накіраваліся першыя палякі. Аднак неўзабаве Партугалія сарвала пагадненне, паколькі на міжнароднай арэне з’явіліся чуткі нібыта пра тое, што Польшча хоча перахапіць кантроль над Анголай.

У 1934 годзе паміж урадам Польшчы і ўрадам Ліберыі, якая ў той час была адной з нямногіх незалежных краін на кантыненце, было падпісанае пагадненне аб продажы і здачы ў арэнду польскім фірмам 50 сельскагаспадарчых плантацый. Акрамя таго, у пагадненні гаварылася, што ў выпадку вайны ў Еўропе Ліберыя вышле на падмогу Войску Польскаму 100 тыс. сваіх салдат і афіцэраў. Неўзабаве ў еўрапейскіх сталіцах з’явілася несапраўдная інфармацыя пра тое, што быццам бы Варшава спрабуе патаемна каланізаваць Ліберыю, і ўрад апошняй адмовіўся ад супрацы з палякамі. У сваю чаргу польскія плантатары, якія ўжо прыбылі на кантынент, не дасягнулі поспехаў з-за таго, што ў іх не было вопыту працы на раллі ў трапічным клімаце.

Акрамя таго, прадпрымаліся спробы замацавацца і стварыць польскія населеныя пункты ў Мазамбіку і ў Бразіліі, але з гэтага таксама нічога не выйшла.

Член Маской і каланіяльнай лігі, загрыміраваны пад афрыканца, у польским мундзіры на парадзе ў Торуні, 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe Член Маской і каланіяльнай лігі, загрыміраваны пад афрыканца, у польским мундзіры на парадзе ў Торуні, 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe

Найбольш абяцальным праектам быў Мадагаскар. У 1937 годзе Францыя па ўласнай ініцыятыве запрапанавала Польшчы купіць Мадагаскар. У 1938 годзе на Мадагаскар прыбыла польская экспедыцыя пад кіраўніцтвам маёра Мечыслава Ляпэцкага. Пасля вяртання ў Варшаву была напісаная справаздача, у якой члены экспедыцыі рэкамендавалі ўраду набыць Мадагаскар з мэтай стварэння польскай заморскай калоніі. Нягледзячы на тое, што ў Францыі актывізаваліся сілы, якія выступалі супраць продажу вострава, перамовы паміж Парыжам і Варшавай па гэтаму пытанню працягваліся яшчэ ў жніўні 1939 году. А 1 верасня пачалася Другая сусветная вайна, якая канчаткова пахавала амбіцыі Польшчы стаць каланіяльнай дзяржавай.

Польскія плантатары ў Анголе, 1930-я гады. Грамадскі набытак Польскія плантатары ў Анголе, 1930-я гады. Грамадскі набытак

Кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Музею гісторыі Польшчы Войцех Станіслаўскі сказаў Польскаму радыё, што тады было «модна» мець заморскія калоніі, і Варшава старалася не адставаць ад сусветных трэндаў.

- Я б сказаў, што ў гэтым памкненні была мара пра мадэрнізм. У 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя з’явіліся ў краіне каланіяльныя мары – мары пра польскія фінікі і польскую каву. З сённяшняга пункту гледжання гэта выглядае крыху смешна, але тады, пасля шматлікіх гадоў няволі, палякі пачалі задаваць пытанне, чаму ўвесь свет, уся Еўропа, мае калоніі, а мы не? Чым мы горшыя?

Крытыкі каланіяльных ілюзій мелі рацыю: бюджэт Польшчы не вынес гэтага фінансавага цяжару, а польскіх пасяленцаў не ўсюды чакалі з распасцёртымі абдымкамі. Ды і еўрапейскія каланіяльныя дзяржавы не хацелі мець дадатковага канкурэнта.
Большасць запланаваных польскіх паселішчаў у Афрыцы і Амерыцы так і не з'явілася. Тыя, якія ўжо існавалі, у большасці сваёй зніклі. А каланіяльны вектар польскай палітыкі быў згорнуты.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу