Магдалена Баяноўская з парталу Gazeta.pl сабрала заявы амерыканскіх палітыкаў адносна гэтай сітуацыі.
У чацвер (6 лютага) пасол ЗША ў Польшчы Том Роўз абвясціў, што катэгарычна разрывае сувязі са спікерам польскага Сейма Уладзімежам Чажастым. Ён растлумачыў, што рашэнне было прынята з-за «абуральных і неабгрунтаваных абраз у адрас прэзідэнта Дональда Трампа».
Ні Белы дом, ні Дзяржаўны дэпартамент не пракаментавалі гэтага пытання. Аднак дзеянні пасла Роўза выклікалі абурэнне ў інтэрнэце.
«Вы пагодзіцеся, што наш пасол у Польшчы – мудак, які раздражняе аднаго з нашых найлепшых саюзнікаў?» – пракаментаваў былы кангрэсмен-рэспубліканец Адам Кінзінгер, заклікаючы Сенат зняць Тома Роўза з пасады.
«Калі б паслы іншых краін разрывалі ўсе кантакты з намі з-за ўяўных абраз, у нас бы мала што засталося. Гэта адбылося ўсяго праз тыдзень пасля таго, як Трамп ачарніў службу польскіх салдат у Афганістане», – напісаў Філ Гордан, былы дарадца Камалы Харыс.
«Новае апытанне, апублікаванае на гэтым тыдні, паказала, што большасць палякаў «больш не лічаць ЗША надзейным саюзнікам», і толькі 35 працэнтаў з іх «давяраюць прэзідэнту ЗША, што ён робіць правільныя рэчы ў міжнародных справах, у параўнанні з 75 працэнтамі год таму». Цяжка падарваць такі моцны саюз, як саюз ЗША і Польшчы, але гэты пасол, поўны рашучасці паспрабаваць», – дадаў ён.
Амерыканскі пасол разарваў кантакты з Уладзімежам Чажастым пасля таго, як спікер Сейма заявіў, што не падтрымае намінацыі Дональда Трампа на Нобелеўскую прэмію міру, бо той яе не заслугоўвае.
яс