Палітолаг Павал Усаў кажа, што выкарыстанне службамі сексуальных аспектаў вядомае здаўна. Нягледзячы на беларускі аспект файлаў Эпштэйна палітолаг мяркуе, што для беларускіх служб гэта быў недасягальны ўзровень.
У кантэксце справы Эпштэйна, якая выклікала палітычны землятрус, акрамя педафіліі і сексуальных злачынстваў вельмі выразна на першы план выходзіць роля спецслужбаў, у прыватнасці Расіі. Мяркуецца, што сабраныя кампрамітацыйныя матэрыялы на заходнія эліты, маглі быць цікавымі для замежных выведак.
На колькі сур’ёзным мог бы быць уплыў рускіх ці іншых спецслужб на дзейнасць Эпштэйна і яго злачыннага акружэння?
- У цэлай справе ёсць некалькі напрамкаў, але і шмат спекуляцый і дэзінфармацыі, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах, у абвінавачваннях супраць Трампа і іншых важных еўрапейскіх палітыкаў. Усё гэта дазваляе нам казаць, што востраў Эпштэйна і ўся яго дзейнасць магла быць прыкрыццём ці быць звязанай з дзейнасцю спецслужб па стварэнні кампраматаў і іх выкарыстанні для прасоўвання інтарэсаў. Цяпер найбольш частай з’яўляецца версія «мядовай пасткі», за якой стаяў Масад ці КДБ/ФСБ. А нават тое, што Эпштэйн мог працаваць і на адных, і на другіх, і з удзелам ЦРУ, беручы пад увагу, якія постаці былі замешаныя. Сексуальны аспект – найбольш улюбёны інструмент у шантажы і вярбоўцы агентаў праціўнікаў, палітыкаў і бізнесоўцаў. Гэта не новая практыка. Так было даўно, і ў савецкія, і дасавецкія часы.
Такі ход думак можа крыху прыкрываць аспект вычварэнства, якое праявіў Эпштэйн і яго кліенты. Што было першым: сексуальныя злачынствы ці план спецслужбаў?
- Мы ніколі не даведаемся, што было першым. Пастка, адмыслова распрацаваная спецслужбамі, якая перарасла ў вычварэнства і педафілію, ці службы даведаліся пра гэтую дзейнасць і выкарысталі яе. Гэта і не так важна. Ведаючы цынізм службаў, яны маглі запусціць усё з пачатку. Бо выкарыстанне дзяцей мае большы цяжар, чым удзел у сексуальных вечарынах. Мы бачым, што ўлада разбэшчвае, дае ўпэўненасць у беспакаранасці. Гэта праблема заходняй цывілізацыі, перш за ўсё органаў бяспекі, якія ці кантраляваныя, ці не выконваюць сваіх абавязкаў. Мы ведаем, што справа Эпштэйна пачалася ў 2008 годзе, калі ён быў арыштаваны, але яна была цалкам суцішана. Першы раз пра яе сталі казаць пасля яго смерці ў 2019 годзе, але не так гучна, ну і цяпер яна стала палітычна гучнай, калі Трамп загадаў публікаваць дакументы. Атрымліваецца, больш за 15 год улады ЗША гэта прыкрывалі.
Многія аналізы гавораць пра кантакты і амбіцыі, а не пра непасрэдную агенцкую дзейнасць. Апублікаваныя амерыканскім бокам дакументы ўтрымліваюць тысячы дакументаў, якія адносяцца да карэспандэнцыі з расіянамі і планаў паездак у Расію, некалькі соцень разоў паяўляецца прозвішча Пуціна. Гэта прыводзіць да адназначных вывадаў?
- Там мільён файлаў. З большага перапіска, якая звязана не толькі з сексуальным аспектам, але і з палітычным, таго ж Брэксіта, сувязяў з Расіяй. Эпштэйн хацеў нават персанальна звярнуцца да Пуціна. Але трэба быць дурнем, каб не разумець, што людзі, якія ведаюць, для чаго ўсё было створана, пойдуць на кантакты. Гэта, дарэчы, ці не адзіны палітык, хоць і злачынца, які не ішоў на ніякія кантакты. Вядома, КДБ, ФСБ маглі ўсё гэта курыраваць. То бок, тут мы маем шмат узроўняў. Канешне, гэта палітычны землятрус. Што за ім яшчэ стаіць? Мы можам нават і не даведацца, бо там замешаныя вялікія грошы і палітыкі. Нездарма Эпштэйн памёр. Кажуць, што ён павесіўся, але такіх самагубстваў не бывае.
Адной з ключавых постацяў з’яўляецца Карына Шуляк, 36-гадовая беларуска, вельмі блізкая асоба для самога Эпштэйна. У тастаменце ён пакінуў ёй сваю маёмасць, раней дапамагаў бацькам, атрымліваў беларускую візу, але няма інфармацыі і доказаў таго, што Эпштэйн прыязджаў у Беларусь.
Калі гаворыцца пра сувязі і ўплыў спецслужб, ці беларускія службы маглі быць таксама задзейнічаны?
- Думаю, Беларусь магла быць выкарыстаная як транзітная краіна, калі гаварыць пра агенцтвы, якія рэкрутавалі дзяўчын. Калі казаць пра службы, то для беларускіх спецслужб, гэта вельмі вялікая рыбіна. Такія складаныя спецаперацыі, хутчэй, прэрагатыва расійскіх спецслужб, якія маглі выкарыстаць Беларусь дзеля сваёй уласнай аперацыі, а Эпштэйн мог выкарыстаць яе як транзітную зону, магчыма, каб наладзіць кантакты з Расіяй. Напэўна, гэтыя кантакты былі. Зноў жа, мы шмат чаго не ведаем. А калі гэтыя матэрыялы будуць тычыцца бяспекі ЗША, то яны не будуць апублікаваныя. Тое, што Беларусь – зона дзейнасць расійскіх спецслужб, ні ў кога не выклікае сумненняў.
Поўны каментар - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав