Расійская армія можа паспрабаваць праверыць адзінства НАТА, нанёсшы ўдар па адной з балтыйскіх рэспублік яшчэ да 2029 года. Пра гэта папярэджваюць еўрапейскія вайскоўцы. Былы камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс у інтэрв’ю Die Welt выказаў сумнеў, што Польшча накіруе войскі ў Літву, калі там пачнуцца баявыя дзеянні.
На яго думку, краіны Балтыі павінны быць гатовыя некалькі дзён абараняцца самастойна. Асабліва ўразлівым застаецца Сувалкскі калідор — вузкая паласа паміж Польшчай і Літвой, якая злучае рэгіён з тэрыторыяй Альянсу. Удар па гэтым напрамку можа адрэзаць Балтыю ад саюзнікаў па сушы.
«НАТА павінна хутка аднавіць ініцыятыву. Стрымліванне азначае ясна даць Расіі зразумець, што яна страціць Калінінград — і вельмі хутка», — падкрэсліў генерал. Паводле яго ацэнкі, Калінінградская вобласць можа быць «нейтралізаваная цягам першых 24 гадзін» канфлікту з выкарыстаннем кіберсродкаў, радыёэлектроннай барацьбы і ракетных удараў.
Адначасова Ходжэс сумняваецца, што Варшава адразу адправіць войскі ў Літву. «Не таму, што палякі баяцца змагацца, а таму, што яны мяркуюць: калі будзе атака на Літву, галоўны ўдар прыйдзецца і па Польшчы. Уварванне ў Літву можа стаць толькі пачаткам большага канфлікту», — заявіў амерыканец.
Менавіта таму, дадаў генерал, на літоўскай тэрыторыі ўжо знаходзяцца нямецкія і амерыканскія падраздзяленні — каб умацаваць усходні фланг і павысіць узровень стрымлівання.
pap/эж