Еўрапейскія СМІ каментуюць рашэнне Караля Наўроцкага аб тым, што накладзе вета на законапраект аб прыняцці праграмы SAFE.
Французскі тэлевізійны партал France24 адзначае, што «жорсткая спрэчка ў Польшчы дасягнула кульмінацыі ў чацвер, калі прэзідэнт-нацыяналіст Караль Наўроцкі наклаў вета на шматмільярдны план, які ўжо быў ухвалены парламентам». Французы таксама паказваюць на «напружаныя» адносіны паміж прэзідэнтам Польшчы і «праеўрапейскім урадам» прэм'ер-міністра Дональда Туска.
Французская штодзённая газета «Le Figaro» падзяляе падобны погляд, называючы рашэнне польскага прэзідэнта «ўдарам па еўрапейскай абароне», а Караля Наўроцкага – «нацыяналістам».
«Караль Наўроцкі і нацыяналістычная партыя «Права і справядлівасць» (PiS), з якой ён паходзіць, разглядаюць праграму SAFE як траянскага каня, які дазваляе Бруселю – і Берліну, які некаторыя правыя ўспрымаюць як дамінуючага суседа – ціснуць на Варшаву», – адзначае газета.
Тым часам еўрапейскае выданне сайта Politico падкрэслівае, што Польшча – адзіная краіна, дзе праграма SAFE стала палітычным пытаннем. У ім таксама адзначаецца, што спрэчка «ўзнікае ў той час, калі Польшча рыхтуецца да парламенцкіх выбараў у наступным годзе, на якіх «Права і справядлівасць» спадзяецца перамагчы праеўрапейскую кааліцыю Туска».
Нямецкая газета «Die Welt» называе Караля Наўроцкага «еўраскептыкам», адзначаючы негатыўную кампанію адносна SAFE, якую праводзіць партыя «Права і справядлівасць», і палярызацыю польскай палітычнай сцэны.
«Спрэчка сведчыць пра палярызаваную сітуацыю ў Варшаве пасля абрання Наўроцкага ў 2025 годзе. З таго часу гэты важны член ЕС і НАТА больш не выступае ў адзін голас па стратэгічных пытаннях», – напісала «Die Welt».
Тым часам украінская газета «Еўрапейская праўда» засяроджваецца на тлумачэннях, прадстаўленых Каралем Наўроцкім у яго звароце. У ёй таксама адзначаецца, што Польшча была б найбуйнейшым бенефіцыярам праграмы.
Onet.pl/яс