Паводле апытання IBRiS (Інстытут рынкавых і грамадскіх даследаванняў) для выдання Rzeczpospolita, да 95% выбаршчыкаў кіруючай кааліцыі падтрымліваюць рэалізацыю праграмы SAFE, нягледзячы на прэзідэнцкае вета. Газета адзначае, што з боку апазіцыі прапорцыі адваротныя — каля 80 працэнтаў выступаюць супраць далейшай працы над SAFE. Аднак сярод выбаршчыкаў Канфедэрацыі і Канфедэрацыі Польскай Кароны меркаванні больш падзеленыя: 30 працэнтаў падтрымліваюць рэалізацыю праграмы, а 50 працэнтаў — супраць.
— Гэта дэманструе легітымнасць дзеянняў урада, нават на мяжы закона, — кажа палітолаг прафесар Рафал Хведарук.
Ён адзначыў, што прэзідэнцкая альтэрнатыўная праграма «SAFE нуль працэнтаў» павінна была пераадолець падзелы, але яшчэ больш раз'яднала грамадства. Пытанне SAFE — гэта першая сур'ёзная праблема для прэзідэнта.
Каментатар выдання Артур Барткевіч нагадвае патрабаванні ЗША, каб НАТА падтрымала Дональда Трампа ў яго вайне з Іранам. Раззлаваны Трамп дадаў, што калі члены альянсу яму не дапамогуць, гэта можа азначаць канец НАТА.
Каментатар адзначае, што такія заявы амерыканскага прэзідэнта паказваюць, наколькі неабходна краінам Еўропы будаваць уласную абароназдольнасць, а не спадзявацца на Амерыку. І менавіта еўрапейская праграма SAFE з’яўляецца доказам таго, што Еўропа ўрэшце зразумела, што яна павінна разлічваць на сябе. Мудрая палітыка заключаецца ў тым, каб разлічваць на добры варыянт развіцця падзей, але падрыхтавацца да найгоршага. З гэтай перспектывы SAFE — гэта інструмент, які дае зразумець тым, хто ўсё яшчэ разлічвае на іншых, што жарты закончыліся. Еўропа павінна ўзброіцца, яна не можа ўвесь час аглядацца на ЗША.
нг