Для мяне дагэтуль застаецца загадкай, дзе адміністрацыі Дональда Трампа ўдалося знайсці станоўчыя моманты ў сваіх кантактах з рэжымам, — падкрэсліў у інтэрв'ю PAP галоўны спецыяліст групы па Беларусі, Украіне і Малдове Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі.
Палітолаг Павал Усаў тлумачыць, у чым цікавасць ЗША весці перамовы з Лукашэнкам:
— Гаворка, у першую чаргу, пра палітычна-псіхалагічныя моманты. Для Трампа важна прадэманстраваць эфектыўнасць у размовах з недэмакратычнымі лідарамі. Што ён распачынае дыялог і вырашае задачы, якія не маглі быць вырашаныя на працягу гадоў: масавае вызваленне палітвязняў, няхай і з дэпартацыяй.
Як можа выглядаць далейшы працэс? Чаго можа хацець Лукашэнка?
— Чаканні ў Лукашэнкі даволі ясныя: аднаўленне дыпламатычных адносін і спыненне пэўных працэсаў, як справа супраць Лукашэнкі і яго атачэння ў Міжнародным крымінальным судзе. Думаю, гэты працэс можа ў пэўнай ступені паралізаваць працэс вызвалення палітвязняў. Для Лукашэнкі — гэта раздражняльны фактар. Калі ў гэтым кантэксце ён будзе выглядаць слабым, то будзе моцная крытыка ўнутры краіны сярод тых, хто даволі радыкальны ў адносінах з ЗША і Еўропай, хто выступае супраць вызвалення людзей з турмаў.
Каміль Клысінскі ў згаданым каментары выказаў здагадку, што гэтым разам Лукашэнка выпусціць 200-300 чалавек, паколькі няма знакавых фігур, іх выпусцілі раней, а таму яму прыйдзецца «абмяняцца» на большую колькасць зняволеных.
У сваю чаргу палітолаг Усаў гаворыць, што не ўпэўнены ў тым, што Лукашэнка ў сённяшняй сітуацыі пойдзе на вызваленне вялікай групы. Гэта будзе выглядаць як слабасць, асабліва ўлічваючы распачатую справу ў Міжнародным крымінальным судзе, і, магчыма, візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў.
Поўны каментар - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав