25 сакавіка — Дзень Волі. У 1918 годзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка — незалежная і свабодная дзяржава. Свята, якое не прызнаюць цяперашнія ўлады, але і першыя гады існавання БНР былі няпростымі.
Палітолаг і гісторык Павал Усаў нагадвае, што 25 сакавіка 1918 году важны тым, што ў складаных умовах адсутнасці дзяржавы і крызісу імперыі частка грамадства, у першую чаргу інтэлігенцыі, грамадскія дзеячы, змаглі абвясціць пра стварэнне беларускай дзяржавы.
— У кантэксце гістарычных працэсаў — гэта цуд. З аднаго боку, звязаны з адраджэнскай дзейнасцю беларускай інтэлігенцыі. З другога боку, у момант пусткі знайшліся людзі, якія задэкларавалі і рэалізавалі ідэю незалежнасці, нягледзячы на пагрозы. Гэта паказчык таго, як важна не толькі развіваць нацыянальную ідэю нават у той момант, калі фізічна дзяржавы не існавала, а была толькі ідэя. З іншага боку, гэта паказвае моцны дух грамадства і нацыі, якія здолелі стварыць тую рэчаіснасць.
Сённяшняя палітычная сітуацыя такая, што Дзень Волі святкуюць толькі беларусы за межамі. Як новы палітычны кантэкст уплывае на ўспрыманне гэтага свята?
— Наша задача і праца, знаходзячыся ў эміграцыі, захаваць ідэйную напоўненасць Дня Волі каштоўнасцямі. Вядома, у эміграцыі функцыянуюць іншыя каштоўнасці, не звязаныя з нацыянальнай традыцыяй. Але сама па сабе нацыянальная традыцыя не знікла, яна развіваецца, усё больш людзей у яе ўключаецца. Элементам развіцця гэтай традыцыі з’яўляецца менавіта штогадовае свята, як прыгадванне самім сабе, што ў нас ёсць дзяржава, ёсць традыцыя і ідэя. Наша задача ў перспектыве — спалучыць ідэю і рэчаіснасць у адным месцы і адным гістарычным моманце, каб мы, наша гісторыя і спадчына былі адзінствам.
Поўная размова ў далучаным гукавым файле. У ім слухайце, чаму абвяшчэнне БНР для адных з’яўляецца гістарычным дасягненнем, а для іншых гэта дата, якая нічога не значыць.
слухайце аўдыё